Дзень роднай мовы

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Што такое мова? Зразумела, кожны адкажа на гэтае пытанне па-рознаму, бо кожны па-свойму разумее значэнне гэтага слова.

21 лютага адзначаўся Міжнародны дзень роднай мовы. Для нашага народа родная мова – беларуская. Беларуская мова прайшла доўгі шлях, на якім былі як часы росквіту, так і часы заняпаду. Былі нават такія перыяды, калі беларуская мова ледзь не знікла. Аднак, нягледзячы на ўсе перашкоды, наша мова вытрымала выпрабаванні і цяпер квітнее, займае сваё пачэснае месца сярод іншых моў свету.

“Мовы сваёй не цурайся!” пад такім дэвізам прайшоў у Вензавецкім дзіцячым садзе-сярэдняй школы ў рознаўзроставых групах, тыдзень, прысвечаны Міжнароднаму дню роднай мовы, дзе кожны дзень паспрабавалі напоўніць цікавымі падзеямі і мерапрыемствамі.

Ранкам 18 лютага прайшла акцыя “ Мовы сваёй не цурайся!”. Падчас мерапрыемства раздавалі бацькам рукавічкі з надпісам “Мова родная — усеабдымная. Калі ласка, размаўляй са мной па-беларуску!” І беларуская мова гучала! Таксама бацькі, настаўнікі і адміністрацыя школы пісалі самыя мілагучныя і любімыя беларускія словы. Гэтая акцыя дазволіла ўсім прысутным перажыць моцныя пачуцці, атрымаць задавальненне і яшчэ раз пераканацца, што родная мова – бясцэнны скарб, якім мы павінны ганарыцца і шанаваць.

На сценах раздзявальні з’явіліся аркушы паперы, на якіх былі надрукаваны выказванні вядомых мастакоў слова, прысвечаныя беларускай мове. Бацькі і настаўнікі з цікавасцю чыталі радкі на роднай мове. Жадаючыя фатаграфаваліся каля таго выказвання, якое ім найбольш спадабалася!

На працягу тыдня гучалі песні на роднай мове: як традыцыйна народныя, так і сучасныя ў выкананні вядомых беларускіх гуртоў, дзецям чыталі і расказвалі беларускія народныя казкі, гулялі ў беларускія гульні.

Нікога не пакінуў без увагі дзень пад дэвізам “Каб мова родная гучала”. Прыгажосці роднага краю, роднай зямлі, мілагучнасці і непаўторнасці роднай мовы быў прысвечаны жывы мікрафон “Па старонках роднай мовы”. Пасля конкурсу чытачоў, вынікам якога сталі цудоўныя па сваёй шчырасці і натхнёнасці вершы на беларускай мове, якія прагучалі з вуснаў як выхаванцаў дашкольных груп, так вучняў пачатковых класаў, прысвечаныя роднаму краю, беларускай мове, стала зразумелым: у нашай школе жыве беларускае слова!

Спадзяёмся, што мерапрыемствы, якія мы прысвяцілі нашай любай беларускай мове, нікога не пакінулі абыякавымі. Упэўнены, што мы, разам з нашымі выхаванцамі, змаглі данесці да ўсіх тое асноўнае, што павінна жыць у сэрцы кожнага беларуса – трэба ганарыцца сваёй мовай, ведаць, любіць і шанаваць роднае слова.

Дзякуем ад усяго сэрца ўсім удзельнікам тыдня роднай мовы!

Дзянісік Л.П., Свіб Ж.А.
выхавацелі дашкольнай адукацыі Вензавецкага дзіцячага сада-сярэдняй школы



Теги: