Будзем помніць і шанаваць

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Да 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з Афганістана.

Будзем помніць і шанаваць

Ішоў смяротны бой,

Зямля ў агні кіпела,

Звужаўся свет да шчыліны прыцэлу.

Ляцела куля – і душа ляцела

На дзоты скал, у пыл чужых дарог.

Афганскі дым, крывавыя сляды,

Гады пакут, адвагі і надзеі.

Гэтыя радкі невядомага аўтара шмат гадоў захоўваюцца ў папцы №73 на трэцяй паліцы архіва нашага музея. Хто і калі іх напісаў? Напэўна, таго ўжо ніхто не помніць. Ды гэта і не патрэбна. Самае галоўнае – у іх боль і пакуты салдата, які бачыў тую страшную вайну на чужой зямлі на свае вочы.

Трыццаць гадоў таму з Афганістана былі выведзены савецкія войскі. Скончылася вайна, што доўжылася дзесяць гадоў. Скончыліся пакуты, смерці, страх, гора родных і блізкіх. Але ніколі не скончыцца вайна для тых, хто праз яе прайшоў і выжыў. Такіх маладых хлопцаў з Дзятлаўскага раёна было больш за сто чалавек. Яны выконвалі свой інтэрнацыянальны абавязак з гонарам, упэўненыя ў тым, што служаць сваёй Радзіме – Саюзу Савецкіх Сацыялістычных Рэспублік. І каб не тая вера, не тая іх упэўненасць, наўрад ці змаглі б вынесці жахі, што выпалі на іх долю.

Ёсць у архіве музея і дзве аўтабіяграфіі, напісаныя рукой удзельнікаў баявых дзеянняў – Дзмітрыя Анатольевіча Грыба і Пятра Савельевіча  Хамца. Напісаны стрыжнем на пажаўцелай паперы. Ніхто з супрацоўнікаў не помніць, калі прыходзілі хлопцы ў музей: прайшло шмат часу, але запісы засталіся. Запісы як жывое сведчанне пра тую страшную вайну.  Лёсы хлопцаў – гэта лёсы соцень “афганцаў” з той жа біяграфіяй, з тымі ж баявымі шляхамі і горнымі дарогамі.

Дзмітрый Анатольевіч  Грыбнарадзіўся ў вёсцы Падвялікае Дзянісаўскага сельсавета ў 1967 годзе. У 1983 годзе скончыў Падвялікаўскую васьмігадовую школу, паступіў у Казлоўшчынскае СПТВ-191. Пасля вучылішча быў прызваны на ваенную службу. Першыя паўгода служыў ва Узбекістане, у горадзе Фергане, у ваенна-дэсантных часцях. Пасля быў накіраваны ў Віцебскую дывізію, з 1986 па 1987 гады выконваў інтэрнацыянальны абавязак у Афганістане. Служба праходзіла ў горадзе Кабуле, быў вадзіцелем, часта даводзілася ездзіць у складзе калоны з харчаваннем і боепрыпасамі. Некалькі разоў удзельнічаў у баявых дзеяннях, падвозіў боепрыпасы на месца бою. У час апошняй баявой аперацыі атрымаў раненне, пасля чаго быў камісаваны з радоў Савецкай арміі.

Доўга знаходзіўся на лячэнні ў розных ваенных шпіталях, у тым ліку ў гарадах Баграме, Ташкенце, Сакі, Мінску. Атрымаў дзяржаўную ўзнагароду –ордэн Чырвонай Зоркі. Працаваў на Казлоўшчынскай мэблевай фабрыцы.

Пётр Савельевіч Хамецнарадзіўся ў вёсцы Косічы Быхаўскага раёна Магілёўскай вобласці ў1962 годзе. У 1977 годзе скончыў Косінскую васьмігадовую школу і паступіў у Магілёўскае СПТВ-1 імя К.П.Арлоўскага. У 1981 годзе быў прызваны ў рады Савецкай арміі. Служыў у Туркменіі, у Ашхабадзе. Восенню 1981 года быў накіраваны на праходжанне службы ў Афганістане. Трапіў у мотастралковы полк, быў снайперам. Шмат разоў удзельнічаў у баявых дзеяннях. Апошнія паўгода службы быў аператарам-наводчыкам БМП. Звольніўся ў запас у маі 1983 года. Працаваў у калгасе “Расія” Дзятлаўскага раёна.

Скупая інфармацыя з аўтабіяграфій, а за ёй – дні, месяцы, гады выпрабаванняў на сілу волі, мужнасць і мужчынскую вытрымку.

Пасля  заканчэння вайны ў Афганістане ў СССР былі апублікаваны лічбы загінулых савецкіх салдат з разбіўкай па гадах. 1981 – 1298 чалавек, 1982 – 1948, 1984 – 2343. Героі нашага артыкула выжылі ў афганскім пекле, ім пашчасціла. Але не пашчасціла 13835 чалавекам, пра якіх напісала газета “Праўда” 17 жніўня 1989 года. Лічбы ахвяр змяняліся, канчатковая была абнародавана ў 1999 годзе ў час дзясятай гадавіны вываду савецкіх войск з Афганістана. Яна склала 15031 чалавек.  Сярод іх і два нашы землякі – Дзмітрый Лазовік з Малой Палонкі і Аляксандр Шылаў з Наваельні.

У Дзятлаўскім гісторыка-краязнаўчым музеі ёсць экспазіцыя пра падзеі той жудаснай вайны.  У гэтым годзе стараннямі супрацоўнікаў музея і краязнаўцы Сяргея Каско, настаўніка Круцілавіцкай школы, будзе ўстаноўлена памятная дошка на сцяне Дварэцкай школы, якую скончыў Дзмітрый Лазовік, а таксама створана кніга памяці афганцаў – нашых землякоў.

Вечная памяць і пашана тым, хто годна выконваў свой інтэрнацыянальны абавязак.

Алена АБРАМЧЫК,
навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея