Баявая слава дзядоў – крылы сыноў

Важнае Грамадства Свежыя навіны

2019 год багаты на памятныя даты: 30 гадоў вываду савецкіх войскаў з Афганістана, Дзень абаронцаў Айчыны, Дзень Перамогі, 75-і гадовы юбілей вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў, 75 гадоў стварэння Гродзенскай вобласці.

З гэтай нагоды Дзятлаўшчына прыме актыўны ўдзел у абласных праектах і акцыях да святаў, аднак падрыхтаваны і цыкл раённых праектаў, аб’яднаных тэмай патрыятызму і воінскай доблесці, удзельнікамі якіх стануць жыхары Дзятлаўшчыны, сельскія саветы, аграгарадкі. Вынікі работы ў гэтым кірунку будуць прадстаўлены ў выглядзе тэматычных пляцовак 9 мая ў Дзень Перамогі і 3 ліпеня ў Дзень 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Больш падрабязна пра гэта расказала начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Дзятлаўскага райвыканкама Наталля Калодка.

– Цыкл раённых праектаў і абласных мерапрыемстваў стартаваў святкаваннем 30-годдзя вываду савецкіх войскаў з тэрыторыі Афганістана. У рамках юбілейнай даты на тэрыторыі кожнага сельсавета прайшлі тэматычныя мерапрыемствы: уручэнне медалёў з ушанаваннем воінаў-афганцаў, святочныя канцэрты, валейбольныя турніры імя загінулых землякоў. 14 лютага ладзіліся вахты памяці з наведваннем магілаў воінаў-афганцаў. 15 лютага ўшанаванне салдатаў Афгана завяршылася мітынгам і святочным канцэртам у Дзятлаве. А вось злучальнай ніткай паміж падзеямі мінулага і сучаснасці стаў міні-праект “Воіны-інтэрнацыяналісты – салдатам-пераможцам”, які наблізіў нас да Дня абаронцаў Айчыны.

І што чакае дзятлаўчан у бліжэйшы час?

– Безумоўна, святкаванне 23 лютага. Яно праходзіць пад лозунгам “Слаўныя традыцыі Айчыны ў памяці пакаленняў”. А галоўны лозунг раённага цыкла праектаў і акцый да 75-годдзя вызвалення Беларусі – гэта зварот: “Абаронцы, героі, ваша доблесць, адвага, гонар – прыклад для сыноў”. Варта адзначыць, што мы ў рамках святаў ўшаноўваем і ветэранаў Вялікай Айчыннай вайны, і воінаў-інтэрнацыяналістаў, і вайскоўцаў, якія цяпер служаць Радзіме. Вядома, да ўсіх адметных дат распрацаваны мерапрыемствы, ёсць канкрэтны план, ужо адбылося пасяджэнне арганізацыйнага камітэта, ідзе падрыхтоўчая работа, у якую актыўна ўключыліся ўстановы і арганізацыі раёна.

А ці ёсць нешта адметнае і новае?

– Варта спыніцца на акцыі “Армейскі чамаданчык” па афармленні патрыятычных куткоў ва ўстановах культуры. У кожным клубе ўжо з’явіліся экспазіцыі з вайсковай атрыбутыкай: формай, медалямі, асабістымі рэчамі, фотаздымкамі армейцаў розных часоў. Людзям гэта цікава, таму патрыятычныя куткі будуць працаваць і надалей. Акрамя таго, яны з’яўляюцца асобнымі фотазонамі.

Чым адметны будуць Дзень Перамогі і Дзень вызвалення?

– Ад святкавання 23 лютага мы плаўна пяройдзем да свята Вялікай Перамогі і 75-годдзя вызвалення Беларусі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў. Зноў, акрамя ўдзелу ў значных абласных праектах, сярод якіх “Вальс перамогі” для 75 пар, ваенныя агітбрыгады, “Малюем Перамогу разам”, “Дарогамі пераможцаў”, мы запланавалі адметныя раённыя праекты і акцыі. Так, 24 лютага ў Мяляхавіцкім сельскім савеце стартуе тэматычны праект “75 дзён да “Перамогі”, праз тыдзень эстафету пяройме Наваельнянскі, затым Данілавіцкі, Жукоўшчынскі, Дварэцкі, Дзятлаўскі, Войневіцкі, Вензавецкі, Парэцкі, Казлоўшчынскі сельскія саветы, а 5 мая свята завітае ў Дзятлава. На працягу тыдня на тэрыторыі кожнага з сельсаветаў на базе ўстановаў культуры будуць ладзіцца тэматычныя раённыя акцыі. Гэта акцыя “Франтавыя канцэртныя брыгады” з выступленнем творчых калектываў. Культурна-асветніцкая акцыя “Чытаем дзецям пра вайну – чытаюць дзеці пра вайну” на лепшыя дуэты дзіця “плюс” дарослы, якія ў дні святаў выступяць у Дзятлаве на літаратурна-музычнай тэматычнай пляцоўцы. Акцыя “Аўтографы Перамогі” закліча сабраць подпісы людзей, якія мелі адносіны да вайны. 9 мая аўтографы будуць аформлены ў вялікую паштоўку-калаж, якая ўпрыгожыць гарадскі парк. Акцыя “Зорка памяці” дапаможа занатаваць ганаровы спіс удзельнікаў вайны і іх родных на зорачках, з якіх будзе “сатканы” Сцяг Перамогі – сімвал подзвігу беларускага народа. Міні-праект “Жывая памяць” дапаможа сабраць пісьмы ваенных часоў і пісьмы сучаснікаў, стварыць інтэрактыўны архіў пад адкрытым небам. Словы пісьмаў, як пазлы, складуць фігуру легендарнага земляка – Іосіфа Філідовіча. 22 чэрвеня пройдзе акцыя “Свечка памяці”. Яна запаліць свечкі ўспамінаў каля помнікаў нашага раёна. У час рэалізацыі акцыі “Мірнае неба” валанцёры ў тэхніцы модульнага арыгамі змайструюць галубоў, якіх у Дзень Перамогі людзі прымацуюць на блакітнае палатно, тым самым выказваючы пашану ветэранам і землякам, якія аднаўлялі народную гаспадарку ў мірны час. “Пісьмы пераможцам”, у тым ліку відэапасланні, змогуць адрасаваць ветэранам Вялікай Айчыннай вайны жадаючыя. Іх даставяць адрасатам валанцёры ў час вела- і аўтапрабегаў памяці. Раённы праект “Кропка адліку” ўяўляе сабой каляндар-гадзіннік зваротнага адліку часу з адпаведнай сімволікай. 24 лютага ён з’явіцца на сайце раённай газеты. Каляндар-гадзіннік будзе адлічваць спачатку час да Вялікай Перамогі, а пасля 9 мая – дні мірнага жыцця.

Адметна, што ў нас з’явіліся два раённыя пераходныя сімвалы. Першы – Сцяг Перамогі. На тэрыторыі кожнага сельсавета яго будуць уручаць старшыні і тыдзень ганарова захоўваць у кутку памяці “Армейскі чамаданчык”.

Другі пераходны сімвал – Капсула памяці, ваенная гільза з пустымі лісткамі для паслання да 100-годдзя Вялікай Перамогі. Яна будзе перадавацца з сельсавета ў сельсавет, каб жыхары розных куткоў раёна пакінулі ў ёй свае пасланні нашчадкам. Запоўненая капсула будзе захоўвацца ў раённым музеі з надпісам “Капсулу адкрыць і прачытаць пасланне ў 2045 годзе – у год 100-годдзя Вялікай Перамогі”.

Усе гэтыя мерапрыемствы прасякнуты гонарам за пераможцаў, за наш беларускі народ, чырвонай ніткай праз іх праходзіць тэма патрыятызму і любові да блізкіх, дзядоў, якія адстойвалі мір і свабоду, да роднай старонкі. Спадзяёмся, што жыхары Дзятлаўшчыны актыўна ўключацца ў святкаванне, аддадуць даніну памяці, знойдуць для сябе нешта новае і проста атрымаюць задавальненне ад сустрэч.

Ірына СТЫРНІК



Теги: