Здароўе – з градкі

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

З жыхаром вёскі Хвінявічы Вацлавам Залеўскім – аграномам са шматгадовым стажам, эксперыментатарам, які прайшоў працоўны шлях ад агранома ў калгасе да намесніка старшыні райвыканкама па сельскай гаспадарцы і харчаванні, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку, мы ўжо сустракаліся.

Тады Вацлаў Браніслававіч дзяліўся вопытам выкарыстання сонечнай энергіі для павышэння ўраджайнасці на сваім прысядзібным участку. На гэты раз дбайны гаспадар выказаў жаданне расказаць чытачам нашай газеты пра новыя напрацоўкі. Тэму прапанаваў актуальную: вырошчванне экапрадукцыі. На маё пытанне, ці не рана разважаць аб агародніцтве, калі за акном зіма, аграном са стажам адказаў, што рыхтавацца да “агароднага” сезона і назапашваць веды трэба загадзя, тым больш, што для гэтага ёсць важкая нагода.

– У 2019 годзе ў Рэспубліцы Беларусь уступіць у сілу Закон “Аб вытворчасці і абароце арганічнай прадукцыі”, і да пачатку яго дзеяння ўраду даручана прыняць меры па рэалізацыі палажэнняў гэтага дакумента, – расказвае мой субяседнік. – І калі да атэстацыі сваёй прадукцыі, згодна з арганічнымі стандартамі Еўра Саюза, рыхтуюцца фермеры і вучэбна-вытворчыя гаспадаркі, то ў маім разуменні, не лішнім будзе, каб вытворцы агародніннай прадукцыі на невялікіх зямельных надзелах таксама ўключыліся ў працэс асваення экалагічна арыентаванага арганічнага земляробства. Здароўе нацыі напрамую залежыць ад культуры і якасці прадуктаў харчавання.

Сам я ўпершыню па-сапраўднаму зацікавіўся пытаннямі вядзення арганічнага земляробства ў 2005 годзе пасля знаёмства з тэматычнымі артыкуламі ў часопісе “Гаспадар”. Прыкладна тады ж прачытаў публікацыю доктара медыцынскіх навук П. Шабліна “Тэорыя і практыка выкарыстання прэпарата “Байкал ЭМ-1”. Матэрыялы абяцалі напачатку цяжкую працу, але праз пэўны час – атрыманне карыснай прадукцыі, якая адчувальна зменшыць колькасць паходаў у аптэку. Я зразумеў камерцыйны падтэкст гэтых артыкулаў, добра што аўтар папярэдзіў аб верагоднасці падробак свайго вынаходніцтва ў Расійскай Федэрацыі.

Сур’ёзна заняцца ўкараненнем асобных элементаў арганічнага земляробства па вырошчванні экалагічна чыстай агародніны на прысядзібным участку заахвоціла публікацыя беларускіх вучоных Е. Алешчука, Е. Папова “Вярнуць страчаны рай”, якую шмат разоў перачытаў, доўга асэнсоўваў. Пэўны запас ведаў па мікрабіялогіі не пераканаў мяне, што ўнясенне любога набору эфектыўных мікраарганізмаў дапаможа вырашыць праблему павышэння ўрадлівасці глебы і ўраджайнасці агародніны на ўчастку, хаця я поўнасцю згодны з думкай навукоўцаў, што высокае ўтрыманне ў глебе арганічнага рэчыва – галоўная ўмова для паскарэння мікрабіялагічных працэсаў, бо спрыяе інтэнсіўнаму развіццю карыснай мікрафлоры, дазваляе стабілізаваць экалагічную раўнавагу паміж карыснымі і патагеннымі мікраарганізмамі, паляпшае фітасанітарны стан глебы.

Выкарыстанне кампасціраванай арганікі, вяртанне ў глебу з рэшткамі ўраджаю вынесеных элементаў сілкавання, шырокае выкарыстанне пры паўторнай сяўбе сідэратаў (грэчкі, рэдзькі алейнай), а таксама выпрацоўка індывідуальных прыёмаў догляду кожнай культуры дазволілі мне ў апошнія гады атрымліваць стабільныя ўраджаі агародніны.

Таксама Вацлаў Залеўскі расказаў пра свой вопыт выкарыстання на градках мікробнага састава па метаду Джона Джэванса.

“Дыета” для агарода

– Мяне шчыра зацікавіў даступны, а галоўнае танны метад работы з эфектыўнымі мікраарганізмамі, таму дзялюся спосабам прыгатавання мікробнага саставу: у літры сыроваткі развядзіце чайную лыжку смятаны, затым у літры вады развядзіце сталовую лыжку мёду, змяшайце абодва растворы і давядзіце вадой да 10 літраў. Для паляпшэння дзейнасці мікраарганізмаў можна дадаць яшчэ 10 грамаў дрожджаў. Атрыманую вадкасць захоўвайце каля двух тыдняў у цёмным месцы ў шкляным або пластыкавым посудзе. Расход гатовага раствору пры паліве раслін складае не больш за сталовую лыжку на 10 літраў вады. Выкарыстоўваючы гэты сродак, варта ведаць, што мікробы гінуць ад раствору соляў, кіслот, шчолачаў у глебе, таму пра каранёвыя падкормкі агародніны ўгнаеннямі давядзецца забыцца. Аднак зусім без “хіміі” вырасціць ураджай складана – застаецца ліставая падкормка раслін. І ўсё ж такі, асноўны догляд за імі заключаецца ў перыядычным паліве з абавязковым дабаўленнем бактэрый у ваду.

У якасці падкормкі добра сябе зарэкамендавала і выцяжка з сечкі зялёнай масы дзьмухаўцоў, макрыцы і акопніка, якая забрадзіла. Я дадаю ў яе яшчэ і разведзены ў вадзе пачак сухіх дрожджаў. Для паліву выкарыстоўваю канцэнтрат 1:9, а для некаранёвай падкормкі – літр бражкі на 19 літраў вады.

Летась, па парадзе вопытнай дачніцы, паспрабаваў новы сродак для ўгнаення капусты. Узяў трэцюю частку вядра сухіх бульбяных лупінаў, заліў даверху цёплай вадой. Напрыканцы тыдня раствор актыўна забрадзіў. Працадзіўшы яго, разводзіў 1:5 і ў пачатковай фазе фарміравання качана па вільготнай глебе ліў пад кожную расліну па 0,5 літра. Пры зрэзцы асобныя качаны капусты сорта Маскоўская позняя важылі па 8 кілаграмаў, праўда, амаль чацвёртая частка іх патрэскалася – такія таксама не сапсаваліся, а сталі вітаміннай дабаўкай у рацыён дамашняй птушкі.

Ірына КАЎКЕЛЬ