Свята завітала да пажылых людзей

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Напрыканцы Святкаў у Казлоўшчынскае аддзяленне кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна завіталі валанцёры.

З Нараджэннем Хрыстовым і Богаяўленнем пацыентаў аддзялення павіншавалі спецыяліст Цэнтра, старшыня раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа Галіна Касцюк і спецыяліст аддзялення “Праменьчык” Валянціна Саламевіч. Наведвальніца “Праменьчыка” Ульяна Лукашэня прачытала вершы. Былі ўручаны святочныя паштоўкі. Канцэртную праграму для пажылых людзей ладзілі музычны кіраўнік хора ветэранаў Таццяна Шостка і ўдзельніцы клуба “Нам гады не бяда” Тамара Герасіменка і Ядвіга Гушча. Ядвіга Міхайлаўна таксама адрасавала найлепшыя пажаданні прысутным ад імя раённага савета ветэранаў.

Песні-віншаванні прагучалі для тых пацыентаў Казлоўшчынскага аддзялення, якія святкуюць свой дзень нараджэння ў студзені. У якасці падарункаў яны атрымалі хусткі і салодкія прысмакі.

Насельнікі Казлоўшчынскага аддзялення не змаглі застацца раўнадушнымі ў час такой цёплай сустрэчы і самі расказвалі вершы, спявалі песні для гасцей і сяброў.

На развітанне прыемным сюрпрызам для пацыентаў аддзялення сталі пачастункі ад раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа.

Захапіла “Магія колеру”

На чарговае мерапрыемства аддзяленне дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна запрасіла бібліятэка.

На гэты раз асаблівых людзей чакаў капуснік “Магія колеру” з цікавай гульнёва-конкурснай праграмай. Усе заданні тычыліся фарбаў і зімовых святаў. Удзельнікі падзяліліся на дзве каманды “Фарбы” і “Алоўкі” і спаборнічалі паміж сабой, атрымліваючы фішкі за кожную перамогу. Заданні былі скіраваны на кемлівасць і творчасць: “Скончы верш”, “Адгадай загадку”, “Вясёлы клоўн”, “Складзі вясёлку з алоўкаў”, “Складзі слова”, “Абвядзі прадмет”. Наведвальнікі аддзялення атрымалі найлепшыя ўражанні ад падарожжа ў свет фарбаў. Яны і спецыялісты аддзялення шчыра ўдзячны Дзятлаўскай раённай бібліятэцы за гэта і іншыя цікавыя мерапрыемствы, удзельнікамі якіх сталі на працягу 2018 года: вечарыну-падарожжа “Эх, зімушка-зіма”, прагулку ў літаратурны сквер “Вясна-красна на ўвесь белы свет”, гадзіну паэзіі “Добры дзень, чароўнае лета”, гульню-фантазію “Чароўны куфэрак восені”, сустрэчу да 85-годдзя нараджэння Віктара Шымука “Я пакіну вам гэтыя рэкі”.

Духоўная апека святара

Напярэдадні Хрышчэння Гасподняга ў аддзяленне “Праменьчык” завіталі заўсёды чаканыя госці – настаяцель сабора святых навамучанікаў і спаведнікаў Царквы Рускай Мікалай Пінчук і сёстры сястрынства ў гонар блажэннай Ксеніі Пецярбургскай.

Айцец Мікалай расказаў наведвальнікам аддзялення аб святах Нараджэння Хрыстовага і Богаяўлення, аб гаючых уласцівасцях святой вады, асвячэнні дамоў, купанні ў Іардані, значэнні споведзі і прычасця.

Святар адслужыў малебен аб здароўі наведвальнікаў “Праменьчыка” і ўручыў ім салодкія падарункі, а сёстры сястрынства праспявалі песні-калядкі, славячы нараджэнне Хрыста.

Алена КАЛЮЦІК,
загадчыца аддзялення “Праменьчык” ЦСАН Дзятлаўскага раёна