Весялімся ў Новы год! (+відэа)

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Святочныя гулянні ў Дзятлаве 31 снежня пачаліся ля галоўнай ёлкі горада ўжо ў дзевяць гадзін вечара.

Сюды прыйшлі аматары паспытаць удачу ў традыцыйнай бяспройгрышнай навагодняй латарэі, якіх завабліваў галоўны сёлетні прыз – хлебапечка. А многія – проста па добры настрой.

Дзятлаўчане змаглі паўдзельнічаць у завадным танцавальным флэш-мобе, пакружыліся ў карагодзе каля ёлкі, пацанцавалі і паспявалі разам з вясёлымі цыганамі, якія завіталі на свята і прывялі з сабой Дзеда Мароза і Снягурку.

У гэты дзень былі падведзены і вынікі конкурсу на лепшае навагодняе ўпрыгажэнне арганізацый і прыватных дамоў. Сярод арганізацый трэцяе месца дасталося Дзятлаўскай цэнтральнай раённай бальніцы (тры базавыя велічыні), на другім месцы – Дзятлаўскі раён электрычных сетак (пяць базавых велічыняў), а першае месца і сем базавых велічыняў атрымаў Дзятлаўскі сырзавод.

Сярод самых крэатыўна ўпрыгожаных навагодніх падворкаў сёлета месцы размеркаваліся наступным чынам. На трэцім месцы – дом №6 па вуліцы Высоцкага, гаспадыня якога атрымала адну базавую велічыню, на другім месцы (дзве базавыя велічыні) – дом №10 з вуліцы Кабяка, на першым месцы (тры базавыя велічыні) – дом №13 ізноў з вуліцы Кабяка.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ