У Дзятлаве адбылося выязное пасяджэнне калегіі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці

Галоўнае Свежыя навіны Улада

Як падкрэсліў старшыня Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці Анатоль Дарожка, гэта была планавая праверка работы мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, арганізацый раёна па выкананні заканадаўства. Штогод такія комплексныя праверачныя мерапрыемствы праводзяцца ў шасці раёнах вобласці.

Павышаная ўвага надавалася пытанням эфектыўнасці кантролю за выкарыстаннем бюджэтных сродкаў, рэалізацыі на тэрыторыі Дзятлаўскага раёна дзяржаўных праграм і найважнейшых інвестпраектаў. На павышаным кантролі заўсёды была і застаецца работа са зваротамі грамадзян, пытанні эфектыўнага выкарыстання дзяржаўнай маёмасці, зямлі, прыродных рэсурсаў.

Трэба сказаць, што глабальных парушэнняў не было выяўлена, — адзначыў Анатоль Дарожка і дадаў, што разам з тым ёсць шэраг пытанняў, якія абавязкова павінны быць вырашаны.

Увесь аналіз работы спецыялістаў Камітэта дзяржкантролю быў выкладзены ў дакладзе  начальніка ўпраўлення кантролю бюджэтна-фінансавай сферы Камітэта дзяржкантролю Гродзенскай вобласці Таццяны Слабыш.

Напрыканцы пасяджэння калегіі з удзелам кіраўнікоў органаў мясцовай улады, прадпрыемстваў, спецыялістаў аддзелаў, упраўленняў і службаў райвыканкама Анатоль Дарожка прапанаваў прыняць меры па ліквідацыі недахопаў, якія стрымліваюць далейшае развіццё раёна. Рашэнне гэтых пытанняў пакінута на кантролі Камітэта дзяржаўнага кантролю Гродзенскай вобласці.