Топ яркіх падзей зімы ў гімназіі

Важнае Грамадства Свежыя навіны

На пытанне, з чым асацыіруецца зіма, многія адкажуць, што з навагоднімі святамі, снегам, ёлкай. А вось педагогам і навучэнцам гімназіі №1 горада Дзятлава зіма запомніцца значнымі для ўстановы падзеямі. Топ самых яркіх з іх мы пастараліся сабраць у гэтым артыкуле.

Алена Анатольеўна Бараненка, намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце:

– У ліку значных падзей зімы, безумоўна, трэці (абласны) этап рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах, які праходзіць у Гродне 8-11 студзеня 2019 года. Да яго нашы педагогі і навучэнцы, якія перамаглі на раённым этапе, старанна рыхтаваліся, не зважаючы на канікулы. Заняткі праходзілі ў гімназіі кожны дзень, дома алімпіяднікі таксама працавалі над матэрыяламі. Нашу ўстанову прадстаўляюць: па матэматыцы – Ілья Угрын (настаўніца Ганна Станіславаўна Урбановіч), па біялогіі – Анастасія Лаўнік (настаўніца Валянціна Генрыхаўна Багдановіч), па рускай мове – Эвеліна Дзявульская (настаўніца Святлана Віктараўна Лябецкая), па грамадазнаўстве – Яўгенія Лявончык (настаўніца Алена Вікенцьеўна Радомская), па інфарматыцы – Ягор Белы (настаўніца Святлана Іосіфаўна Кетка, яна ж рыхтавала па інфарматыцы навучэнца сярэдняй школы №3 горада Дзятлава Яўгена Афанасенкава).

Не менш значнай падзеяй быў удзел педагогаў гімназіі ў 8 Калядным фестывалі педагагічнага майстэрства, які праходзіў у Акадэміі паслядыпломнай адукацыі ў Мінску. Установу прадстаўлялі і дзяліліся вопытам 6 з 25 нашых педагогаў. Пра асаблівасці сваёй работы ўдзельнікам фестывалю расказалі Вольга Анатольеўна Андалюкевіч, Святлана Віктараўна Лябецкая, Валянціна Генрыхаўна Багдановіч, а Наталля Паўлаўна Клімец, Святлана Іосіфаўна Кетка, Алена Вікенцьеўна Радомская правялі яшчэ і майстар-класы.

Анастасія Мілейка, навучэнка 5 класа:

– Запомніўся адпачынак у гімназічным лагеры “Эрудыт”, які на зімовых канікулах наведвалі 18 навучэнцаў. Яркай падзеяй змены была экскурсія ў музей, дзе пазнаёміліся з выставай “Гісторыя навагодняй паштоўкі” і пабачылі ёлачныя цацкі розных часоў. Разам з Мікалаем Валянцінавічам Губко паўдзельнічалі ў акцыі “Клопат”: з пластыкавых бутэлек майстравалі кармушкі і кармілі птушак у гімназічным двары. На конкурс “Зімушка-зіма” змайстравалі арыгінальнага снегавіка з паперы. У дзень, прысвечаны казкам, малявалі любімых казачных герояў, рыхтавалі тэматычныя інсцэніроўкі і пантаміму. Яшчэ наведалі раённы аддзел МНС, больш даведаліся аб пажарнай тэхніцы. У дзень дарагога сэрцу края Мікалай Валянцінавіч пазнаёміў нас з сайтам, на якім можна даведацца пра ветэранаў вайны, прынёс узнагароды свайго дзядулі-франтавіка, расказаў яго гісторыю. Таксама паглядзелі навукова-папулярную кінастужку аб законах Ньютана, стварылі “Кнігу спартыўных рэкордаў лагера”, паўдзельнічалі ў спартландыі.

Не менш яркай падзеяй зімы быў урачысты прыём у гімназісты. Наш 5 клас чытаў вершы, расказваў пра сябе, паўдзельнічаў у віктарыне. Затым дырэктар гімназіі Валерый Васільевіч Ішуцін і завуч Алена Анатольеўна Бараненка ўручылі нам і ўсім, хто ў гэтым навучальным годзе прыйшоў у гімназію, дыпломы гімназістаў і падарункі. Напрыканцы была святочная дыскатэка ў кінатэатры “Спадарожнік”.

Ганна Талкун, навучэнка 8 класа:

– Зіма багатая для гімназістаў на добрыя справы. Напрыклад мы, валанцёры 8 класа, прынялі ўдзел у дабрачынным раённым навагоднім свяце для дзяцей-інвалідаў, таксама падрыхтавалі для іх невялікую забаўляльную праграму. За шматгадовае супрацоўніцтва ад дырэктара Дзятлаўскага раённага цэнтра карэкцыйна-развіваючага навучання і рэабілітацыі гімназія атрымала “Сертыфікат добрых спраў №3”. Варта зазначыць, што наш клас узяў шэфства над цэнтрам, мы там частыя госці, стараемся адгукацца на просьбы аб дапамозе.

Лізавета Пчэльнік, навучэнка 7 класа:

– Адметнай падзеяй была паездка на галоўную ёлку краіны ў Мінск. Там мы наведалі музей ёлачных цацак, дзе пабачылі шмат арыгінальных экспанатаў. Напрыклад, копію цацкі, падоранай Папу Рымскаму і занесенай у Кнігу рэкордаў Гінэса (вялікі ёлачны шар), афрыканскія ёлачныя цацкі з гарбуза, беларускія – з саломкі, тэкстыльныя цацкі. Даведаліся аб гісторыі стварэння цацачных Дзедаў Марозаў і матэрыялах для іх. Палюбаваліся на навагоднія сувеніры накшталт яек Фабержэ, у сярэдзіне якіх знаходзяцца ёлачкі, жывёліны, імправізаваныя ледзяныя храмы. Тут можна было і самому праявіць фантазію, распісаўшы фарбамі цацку. Цікава было пафатаграфавацца каля надзвычай арыгінальнай ёлкі ля Палаца спорту і ва ўпрыгожаных фае Палаца Рэспублікі. Спадабалася святочнае прадстаўленне “Формула дабра” за прыгожае афармленне сцэны, касцюмы, яркае выступленне дзяцей і дарослых і галоўную ідэю пастаноўкі, што дабро заўсёды перамагае.

Яшчэ адна важная для нашага класа падзея зімы – перамога ў конкурсе на лепшае афармленне кабінета. Мы падзялілі першае месца з адзінаццацікласнікамі і разам узнагароджаны галоўным прызам – паездкай у Лядовы палац у Ліду. Яна адбудзецца 13 студзеня. Чакаем з нецярпеннем.

Запісала Ірына КАЎКЕЛЬ