Няспраўная праводка – небяспека ўзгарання

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Інспекцыя Дзяржэнерганагляду праводзіць агляды дамоў прыватнага сектара. Быў выяўлены шэраг парушэнняў правілаў эксплуатацыі электраўстановак, якія могуць прывесці да ўзгарання ў жылым доме, кватэры, гаспадарчай пабудове.

Сярод парушэнняў, якія сустракаюцца найбольш часта, –пашкоджанне ізаляцыі электраправодкі ў даступных да дакранання месцах; выкарыстанне разетак і выключальнікаў з разбітымі карпусамі; няспраўныя правады і вілкі сеткавых шнуроў.

Нельга пакідаць электрапрыборы пад напружаннем без нагляду на доўгі час. Вельмі важна, каб было зазямленне металічных карпусоў электраўстановак. Гэта абароніць ад паражэння электрычным токам пры парушэнні ізаляцыі і з’яўленні небяспечнага напружання на корпусе электрапрыёмніка. Таму электрычныя сеткі ў дамах і кватэрах робяць трохправаднымі – з зазямляючым ахоўным правадніком.

Дзяржэнерганагляд папярэджвае, што за нездавальняючы тэхнічны стан электраўстановак дамоў і кватэр, які стварае пагрозу жыццю і здароўю людзей, узнікнення пажару, прадугледжана адміністрацыйная адказнасць.

Вячаслаў ПЯТРАШ,
інспектар Дзятлаўскай энергаінспекцыі

Андрэй ГОМАН,
намеснік галоўнага інжынера Дзятлаўскага раёна электрычных сетак