Экскурсіі бываюць салодкімі

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Навучэнцы Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы наведалі горад Мінск. Праграма вандроўкі была цікавай і насычанай.

Першым прыпынкам юных экскурсантаў стала “салодкая” фабрыка “Камунарка”. Спачатку паглядзелі відэафільм, з якога даведаліся аб гісторыі прадпрыемства. Затым нас запрасілі пазнаёміцца з працэсам “нараджэння” шакаладных цукерак. Наведванне чатырох цэхаў выклікала шчырую цікавасць: мы ўвачавідкі ўпэўніліся, наколькі вынікова выкарыстоўваюцца сучасныя тэхналогіі на прадпрыемстве, і ўбачылі ролю чалавека пры гэтым. Напрыканцы атрымалі салодкія падарункі ад “Камунаркі”.

Наступным нас чакала наведванне Нацыянальнага Алімпійскага камітэта Рэспублікі Беларусь. Вялікае ўражанне аказала ўнутранае напаўненне, прыгажосць комплекса. Экскурсавод цікава расказала аб гісторыі станаўлення алімпійскага руху ў нашай краіне. Мы з цікавасцю разглядалі экспанаты, многія з якіх падарылі музею камітэта вядомыя спартсмены. Мы сталі ўдзельнікамі спартыўных гульняў, праверылі свае хуткасць і спрыт, пабылі ў зале, адкуль выпраўляюць і дзе сустракаюць нашых алімпійцаў, мелі магчымасць пастаяць і сфатаграфавацца за трыбунай (за ёю не аднойчы выступаў наш прэзідэнт, кіраўнікі Алімпійскага камітэта і вядомыя спартсмены).

 

Апошнім прыпынкам нашай вандроўкі быў музей “Грошы”. Там прадстаўлены грашовыя адзінкі ад глыбокай даўніны да сучаснасці. Цікава было пабачыць важкія манеты, прысвечаныя розным гістарычным падзеям. Эксурсавод вельмі падрабязна і даступна расказваў аб усіх экспанатах, якія ёсць у музеі. Нас вельмі ўразіла, што ўсю музейную калекцыю сабраў адзін чалавек, таму музей з’яўляецца прыватным.

Так цікава і змястоўна мы правялі час у адным з прыгажэйшых гарадоў Еўропы – Мінску.

Паліна ЛАЗОВІК,
юны журналіст Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы