Даюць упэўненасць у заўтрашнім дні

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Свой векавы юбілей 5 студзеня 2019 года адзначае сацыяльная служба Беларусі. Узгадаць гісторыю і расказаць пра надзённыя задачы ведамства мы папрасілі начальніка ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне Дзятлаўскага райвыканкама Алену Васкель.

– Усё пачыналася з дапамогаў з выпадку бедстваў, беспрацоўя, страты працаздольнасці. У 1921 годзе з’явіўся першы закон аб сацыяльным страхаванні, у 1928-м пенсіі прывязалі да зарплат, паступова ў прыярытэт увайшла ахова дзяцінства і мацярынства, а ў сярэдзіне стагоддзя ў Беларусі было 40 дамоў-інтэрнатаў для састарэлых і інвалідаў. Паступова сабесы ператвараліся ў шматгранную сістэму сацыяльнай абароны насельніцтва. У 2002 годзе аб’ядналіся Міністэрства працы і Міністэрства сацыяльнай абароны Рэспублікі Беларусь, у 2007-ым была рэарганізавана дзяржаўная служба занятасці. Цяпер у структуру ўпраўлення па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама ўваходзяць аддзел пенсій і дапамогаў і аддзел па працы і занятасці. Таксама сацыяльную абарону раёна прадстаўляюць Цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна (дырэктар Таццяна Нікіпорчык) і Казлоўшчынскі псіханеўралагічны дом-інтэрнат для састарэлых і інвалідаў (дырэктар Ігар Ціхан).

– Мяркую, мянялася не толькі структура службы, але і формы работы?

– Безумоўна, але галоўная задача сферы сацыяльнай абароны застаецца ранейшай: клопат пра людзей, стварэнне камфортных умоваў для жыцця. Напрыклад, у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва працуюць аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў, для пажылых людзей, функцыянуе дом сумеснага самастойнага пражывання ў Гезгалах, аддзяленне кругласутачнага знаходжання для пажылых людзей і інвалідаў у Казлоўшчыне. На працягу 20 гадоў запатрабавана аддзяленне сацыяльнай дапамогі на даму, на абслугоўванні якога знаходзяцца звыш 500 грамадзян.

– Раскажыце пра калектыў упраўлення і галоўныя задачы, якія вырашаюць спецыялісты?

– Ва ўпраўленні па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне райвыканкама працуюць адказныя прафесіяналы. Сярод іх – супрацоўнікі аддзела пенсій і дапамог: намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела Алена Навічэнкава, галоўныя спецыялісты – Святлана Урбановіч, Ірына Кармільчык, Таццяна Гоман. Дзякуючы ім у раёне штогод назначаецца звыш 400 пенсій і дапамогаў.

У Беларусі актыўна прымаюцца меры па паляпшэнні становішча сем’яў з дзецьмі, толькі на Дзятлаўшчыне штогод выплачваецца больш за 300 дапамогаў, скіраваных на іх падтрымку. Гэтыя пытанні курыруе намеснік начальніка аддзела Марыя Кулеш, спецыяліст з 20-гадовым стажам работы ў сацыяльнай абароне.

Не застаюцца без увагі тыя, хто трапіў у складаную жыццёвую сітуацыю. Дзякуючы галоўнаму спецыялісту ўпраўлення Наталлі Чарняк, у 2018 годзе больш за 700 грамадзян раёна атрымалі дзяржаўную адрасную дапамогу.

Важнымі накірункамі работы ўпраўлення з’яўляюцца ахова працы і прафілактыка вытворчага траўматызму. За гэтыя пытанні адказвае вопытны спецыяліст Святлана Латушка.

Штогод спецыялісты службы занятасці аказваюць садзейнічанне ў працаўладкаванні звыш 500 грамадзянам. Для забеспячэння часовай занятасці арганізоўваюцца платныя грамадскія работы, аказваецца падтрымка беспрацоўным, якія жадаюць адкрыць уласную справу (ім прадастаўляюцца субсідыі). Пытанні занятасці паспяхова вырашаюць спецыялісты аддзела па працы і занятасці: намеснік начальніка Алена Савань, галоўныя спецыялісты Марына Падгайская і Наталля Губар. Выкананне заканадаўства ў сферы працоўных адносінаў і аплаты працы курыруе намеснік начальніка ўпраўлення, начальнік аддзела па працы і занятасці Святлана Волкава.

Варта адзначыць і галоўнага бухгалтара ўпраўлення Галіну Гоман, якая пачала працоўную дзейнасць у нашай арганізацыі 37 гадоў таму. Яна прадстаўлена да ўзнагароды Ганаровай граматай Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта.

–  З якім настроем сустракаеце юбілей службы?

– У 2018 годзе наша служба сумесна з рознымі прадпрыемствамі, установамі, арганізацыямі раёна зрабіла шмат добрых спраў. За плённае супрацоўніцтва дзякуем Дзятлаўскаму райвыканкаму, раённаму Савету дэпутатаў, сельвыканкамам, фінансаваму аддзелу, аддзелу эканомікі, аддзелу ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі, аддзелу адукацыі, Цэнтральнай раённай бальніцы, раённаму аддзелу па надзвычайных сітуацыях, міліцыі, грамадскім і іншым арганізацыям. Шчырыя словы падзякі – нашым ветэранам: Ліліі Васюкевіч, якая больш за тры дзясяткі гадоў узначальвала арганізацыю, былым работнікам: Зінаідзе Шымановіч, Ніне Драч, Тамары Маціевіч, Але Ярмаловіч, Марыі Пачабыт, Марыі Мілейка, Алене Юрчык, Ганне Кець.

Усім работнікам сацыяльнай абароны раёна жадаю моцнага здароўя, дабрабыту, шчасця. Няхай людзі, якія маюць патрэбу ў дапамозе, заўсёды знаходзяць водгук у вашых сэрцах, а дабро, якое вы ім дорыце, вяртаецца ў вашы сем’і, няхай юбілейны 2019-ы прынясе дабрабыт і стабільнасць, поспех і здзяйсненне жаданняў.

Ірына КАЎКЕЛЬ