Дабрыня выратуе свет (+відэа)

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Ва ўсім свеце 11 студзеня адзначаўся Дзень “дзякуй”. З гэтай нагоды мне, як старшыні раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа, ёсць што сказаць жыхарам Дзятлаўшчыны.

Ёсць меркаванне, што прыгажосць выратуе свет. А мне хочацца дадаць: і дабрыня! Неабыякавыя і добрыя людзі з агеньчыкам у душы не засталіся раўнадушнымі ў час правядзення акцый “Нашы дзеці” і “Ёлка жаданняў”.

З 10 снежня 2018 года па 10 студзеня 2019 года ў магазіне “Родны кут” у Дзятлаве стаяла карзіна, дзе людзі маглі пакінуць прысмакі або карысныя рэчы для дзяцей, якія маюць патрэбу. Дзятлаўчане пакідалі падарункі нават для адзінокіх грамадзян, якія чакалі віншаванняў з навагоднімі святамі, але іх не было каму павіншаваць.

Актыўныя валанцёры Чырвонага Крыжа сваімі рукамі рабілі незвычайныя святочныя паштоўкі. Вельмі сур’ёзна да ўдзелу ў акцыях падышлі валанцёры з Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва і гімназіі №1 горада Дзятлава. Новы год і Каляды – гэта казка, і многія ў гэты час чакаюць цудаў. Цукеркі, печыва, падарункі, паштоўкі – усё знайшло свайго адрасата. Не перадаць словамі, як кранаюць за душу ўсмешкі і слёзы шчасця тых дзяцей і дарослых, да якіх валанцёры прыходзілі з паштоўкамі, падарункамі і самымі добрымі пажаданнямі.

Мне шчыра хочацца падзякаваць дзятлаўчанам, якія не засталіся ў баку. Дзякуючы вам людзі атрымалі сапраўдную радасць. Выказваю падзяку Дзятлаўскаму ДРБУ-119 і кіраўніку Дзмітрыю Мазалю, індывідуальнаму прадпрымальніку Мікалаю Шалевічу, гаспадарам магазінаў “Санэт” і “Алекс”. Усе разам мы стварылі казку для людзей, якія гэтага зусім не чакалі. Хочацца пажадаць, каб у новым годзе ўсе ўдзельнікі дабрачыннасці заставаліся неабыякавымі да тых, хто аказаўся ў бядзе. Міру, дабра і дабрабыту вам і вашым сем’ям!

Галіна КАСЦЮК,
старшыня раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа