БССР: назаўсёды ў летапісе роднай зямлі (+відэа)

Галоўнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

У рамках святочных мерапрыемстваў, прымеркаваных да 100-годдзя ўтварэння БССР, 4 студзеня ў Дзятлаўскім цэнтры культуры і народнай творчасці адбыўся канцэрт.

На ім прысутнічалі прадстаўнікі працоўных калектываў, грамадскіх аб’яднанняў, раённых службаў і ведамстваў.

У фае гасцей сустракаў Наваельнянскі зводны духавы аркестр.

Таксама працавала выстава “Радзіма мая дарагая, красуйся і ў шчасці жыві!”.

На выставе быў паказан партрэт нашага земляка, ураджэнца вёскі Савічы, Мечыслава Грыба. Менавіта ён на пасадзе старшыні Вярхоўнага Савета Рэспублікі Беларусь у сакавіку 1994 года падпісаў Канстытуцыю незалежнай Беларусі, першую ў гісторыі суверэннай рэспублікі.

У актавай зале на пачатку мерапрыемства да прысутных звярнуўся старшыня раённага Савета дэпутатаў Аляксандр Бараноўскі. Ён нагадаў важныя гістарычныя падзеі, якія адбываліся ў БССР, і павіншаваў гасцей мерапрыемства са святам:

– Гэта свята сімвалізуе нацыянальнае яднанне, пераемнасць, адказнасць за сучаснасць і будучыню Радзімы, аб’ядноўвае ўсіх, хто ганарыцца гісторыяй, духоўнай і культурнай спадчынай савецкага народа. Жадаю вам добрага здароўя і плённай працы на карысць сваёй Айчыны і народа.

Прайшло стагоддзе з таго моманту, калі беларускі народ сустрэў важную падзею ў сваім жыцці: першыя і ўпэўненыя крокі ў гісторыі зрабіла зноў створаная Беларуская Савецкая Сацыялістычная Рэспубліка. Мяняліся пакаленні і грамадскі лад, але гэта падзея назаўсёды застаецца ў летапісе роднай зямлі, таму што гэта наша гісторыя.

Вядучыя Наталля Маліноўская і Валерый Макарчык неаднаразова падкрэслівалі, што БССР з’яўлялася індустрыяльна, духоўна і культурна развітай рэспублікай. Менавіта ў перыяд існавання БССР быў закладзены трывалы грамадска-палітычны, эканамічны і культурны падмурак беларускай нацыянальнай дзяржаўнасці, які вытрымаў выпрабаванне часам, стварыў надзейную аснову будаўніцтва суверэннай Рэспублікі Беларусь.

Сапраўдным падарункам для ўсіх прысутных стала выступленне салістаў і творчых калектываў Дзятлаўшчыны.

Юлія БАКУНОВІЧ