Запрашаем у навагоднюю казку

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Чаго сёлета чакаць школьнікам раёна, якімі для іх будуць зімовыя святы? Пра гэта карэспандэнтцы газеты расказала начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Наталля Белаус.

– Свята завітае да кожнага юнага жыхара Дзятлаўшчыны, дзякуючы акцыі “Нашы дзеці”, якая праводзіцца ў Беларусі больш за 20 гадоў. Сёлета дабрачыннае мерапрыемства стартавала 10 снежня і завершыцца 11 студзеня 2019 года. Як і раней, праходзіць яно пры падтрымцы кіраўніцтва дзяржавы. На Дзятлаўшчыне, паводле рашэння райвыканкама, быў распрацаваны сумесны план зацікаўленых структураў соцыуму. У рамках акцыі запланаваны тры дабрачынныя раённыя навагоднія ранішнікі: 26 снежня ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці – раённае навагодняе дабрачыннае свята для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца ў прыёмных сям’ях ці пад апекай; 27 снежня ў гімназіі № 1 горада Дзятлава – для дзяцей-інвалідаў; 28 снежня ў сярэдняй школа № 3 горада Дзятлава – для адораных дзяцей з удзелам кіраўніцтва раёна.

На навагоднія дабрачынныя святы будзем запрашаць кіраўнікоў прадпрыемстваў і арганізацый. Дабрачынныя навагоднія святы для дзяцей работнікаў таксама пройдуць у арганізацыях, установах, на прадпрыемствах раёна.

Для правядзення раённай навагодняй акцыі “Нашы дзеці” ў 2018 годзе выдзелена 13109 рублёў бюджэтных грошай для набыцця падарункаў і сувеніраў для навучэнцаў, 8330 рублёў – спонсарскія сродкі на падарункі выхаванцам дзіцячых садкоў.

Ці паедуць юныя дзятлаўчане на абласны ранішнік і Галоўную ёлку краіны?

– Безумоўна. 28 снежня ў Гродзенскім абласным драматычным тэатры адбудзецца дабрачыннае свята для дзяцей вобласці. На яго запрашаюцца дзеці-сіроты, дзеці-інваліды, дзеці са шматдзетных сем’яў, пераможцы алімпіядаў, конкурсаў, фестываляў, спартыўных спаборніцтваў ва ўзросце 8-14 гадоў. У склад дэлегацыі Дзятлаўскага раёна ўвайшлі 10 чалавек: Ангеліна Юргель з Раклевіцкага сада-школы, Паліна Марчык, Іван Губко, Кацярына Роўба, Анастасія Шавель з сярэдняй школы №3 горада Дзятлава, Дар’я Махнач з Жукоўшчынскага сада-школы, Анастасія Муха з Хвінявіцкага сада-школы, Кацярына Мацюк з Раготнаўскага сада-школы, Ягор Альховік з Лявонавіцкага сада-школы, Андрэй Сямёнаў з Вензавецкага сада-школы.

На традыцыйнае навагодняе прадстаўленне, якое праходзіць у Мінску, у Палацы Рэспублікі, з удзелам кіраўніка дзяржавы, паедуць двое юных дзятлаўчан. Гэта пераможца рэспублiканскiх спартыўных спаборніцтваў у складзе Гродзенскай вобласці ў фінале рэспубліканскага лёгкаатлетычнага спартыўна-масавага мерапрыемства “300 талентаў для Каралевы”, выдатніца вучобы, прызёр раённых алімпіяд (1-е месца па рускай мове, 3-е месца па матэматыцы) Алена Каўрыга і Дзяніс Палховіч, які заняў першае месца ў абласным аглядзе інавацыйнай і тэхнічнай творчасці навучэнцаў установаў адукацыі (намінацыя “Мадэляванне”) за распрацоўку і выраб пажарнага аўтамабіля, трэцяе месца ў абласным конкурсе камп’ютарных распрацовак патрыятычнай накіраванасці “Патрыёт.by”, трэцяе месца ў раённай алімпіядзе па геаграфіі.

Да каго яшчэ завітае свята?

– З 1 снежня па 15 студзеня 2019 года праходзіць дабрачынная раённая акцыя “Цуды на Каляды”. Ні адно дзіця не застанецца без увагі: дзеці-сіроты, дзеці, якія засталіся без апекі бацькоў (усяго ў раёне 51), дзеці-інваліды (у раёне 97 дзяцей), дзеці са шматдзетных і ненадзейных сем’яў. Плануецца павіншаваць больш за 4000 людзей, якія жывуць адзінока, састарэлых грамадзян. Таксама ў рамках акцыі навучэнцы ўстановаў адукацыі і валанцёры Чырвонага Крыжа будуць віншаваць пажылых людзей і інвалідаў, якія знаходзяцца ў Казлоўшчынскай і Наваельнянскай бальніцах, Гезгалаўскай бальніцы сястрынскага догляду.

Якія перадсвяточныя конкурсы ладзяцца ва ўстановах адукацыі раёна?

– З ініцыятывы аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама з 1 снежня дадзены старт раённаму конкурсу на лепшае навагодняе афармленне сярод установаў адукацыі “А ў нас Новы год! Казка ў госці кліча ўсіх!”. Конкурс уключае намінацыі “За арыгінальнасць, эмацыянальнасць, яркую творчасць і пазітыў”, “Снежных спраў майстры”, “Самая крэатыўная ідэя для Новага года”. Удзельнікі, прызнаныя пераможцамі, будуць узнагароджаны дыпломамі аддзела адукацыі.

Ірына КАЎКЕЛЬ
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: