Вясёлыя конкурсы і майстар-клас па сняжынках

Важнае Грамадства Свежыя навіны

15 снежня на плошчы ў Дзятлаве, каля галоўнай ёлкі раёна, артысты сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва правялі дзіцячую гульнявую праграму “В снежном царстве, морозном государстве”.

Дзятва ад душы павесялілася з казачнымі героямі – Зімой і Ведзьмачкай. Кідалі і збіралі снежкі, для ўдзелу ў спаборніцтвах ператвараліся ў маленькіх кацянятак і зайчанятак, танцавалі, жартавалі, вадзілі карагоды і арганізавалі сапраўдную завею, навучыўшыся ад Зімы самастойна рабіць сняжынкі з папяровых сурвэтак. Майстар-клас зацікавіў нават дарослых – татаў, мамаў, бабуляў. Настрой малечы падымалі цукеркі-ўзнагароды і прызы за перамогу ў вясёлых спаборніцтвах.

Каб памяць аб сустрэчы засталася надоўга, напрыканцы сябры разам сфатаграфаваліся каля ёлкі.

Ірына КАЎКЕЛЬ