Танец для Снежнай Каралевы (+відэа)

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

У рамках акцыі “Нашы дзеці” 26 снежня ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшло раённае навагодняе дабрачыннае свята для дзяцей, якія засталіся без апекі бацькоў, знаходзяцца ў прыёмных сям’ях ці пад апекай.

 

Шчырыя віншаванні і найлепшыя пажаданні для ўдзельнікаў ранішніка падрыхтавалі намеснік начальніка аддзела адукацыі райвыканкама, старшыня раённай арганізацыі ГА “Беларускі саюз жанчын” Алена Жадзейка, галоўны спецыяліст аддзела, намеснік дырэктара Дзятлаўскага раённага аддзялення ГА “Беларускі дзіцячы фонд” Алена Чайкоўская, намеснік старшыні камісіі па справах непаўналетніх райвыканама Святлана Залучан, дырэктар сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава Ала Жэгалік.

– Выдатна, што сярод халоднай зімы святкуюцца Новы год і Каляды,  – адзначыла Алена Жадзейка, – і ёсць магчымасць падзякаваць вам, паважаныя законныя прадстаўнікі і госці, за тое, што вы ёсць у нашых дзяцей, што несяце агеньчык радаснага светаадчування, усяляеце ў іх сэрцы надзею, веру, любоў. Няхай Бог благаслаўляе вас на далейшыя добрыя справы. Шчасця, радасці, дабрабыту і міру вашым сем’ям.

Падарунак для прытулка сацыяльна-педагагічнага цэнтра горада Дзятлава ад Беларускага дзіцячага фонду ўручыла Алена Чайкоўская.

Аднак на гэтым прыемныя сюрпрызы не скончыліся. Навагодняя Ноч запрасіла хлопчыкаў і дзяўчынак у чароўнае падарожжа. Праўда, перашкодзіць вясёлай дзятве вырашыла халодная, а таму не вельмі добрая Снежная Каралева са сваёй світай. Яна замяла шляхі-дарогі, каб Дзядуля Мароз не прыехаў і не прывёз падарункі. Давялося ўдзельнікам свята разам са Снягурачкай ратаваць галоўнага навагодняга чараўніка. Дапамагчы ім у гэтым згадзілася нават Баба Яга. Умовай, пры якой Снежная Каралева магла злітавацца і не псаваць свята, быў завадны танец. Дзеці з задавальненнем удзельнічалі ў танцавальным флэш-мобе з вясёлым клоўнам, апладысментамі падтрымлівалі іншых танцораў, вадзілі карагод. Ну і вядома, сустрэліся з Дзядулем Марозам, які запаліў агеньчыкі на ёлцы, запрасіў на танец сяброўства, раздаваў цукеркі і сюрпрызы за навагоднія вершы. На развітанне юныя ўдзельнікі свята атрымалі салодкія падарункі і сфатаграфаваліся на памяць аб урачыстасці.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Теги: