Святкаванне Нараджэння Хрыстовага (+відэа)

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Свята Нараджэння  Хрыстовага напаўняе нашыя дамы радасцю. Гэта цёплы час сустрэч сяброў, блізкіх і незабыўныя моманты, якія даюць нам надзею на наступны год.

25 снежня  ў касцёле Унебаўзяцця Найсвяцейшай Панны Марыі дзятлаўчане і госці горада сабраліся на святую імшу.

Напачатку ксёндз-пробашч Здзіслаў Пікула павітаў усіх прысутных.

— Гэта радасны дзень, свята веры, дабра, любові і надзеі. Сардэчна віншую ўсіх са святам Божага Нараджэння. Няхай Божае Дзіця народзіцца ў кожным сэрцы і прынясе радасць, мір і супакой у вашыя сем’і .

Асаблівае віншаванне ў гэты святочны дзень падрыхтавалі дзеці, яны паказалі сцэнку. Перад прысутнымі паўсталі тыя  дні, калі нарадзіўся Хрыстос. Першымі, хто аб гэтым даведаўся, былі пастушкі, якія ўначы дзяжурылі ля свайго статка. Да іх з’явіўся анёл і прынёс добрую вестку пра нараджэнне Сына Бога. Каралям жа было абвешчана аб гэтай радаснай падзеі  яркай зоркай, якая ўзышла над Віфлеемам.  Яны падышлі да немаўляці і сталі на калені перад Збаўцам чалавецтва, прынеслі дары.

Напрыканцы святой імшы ўсе прысутныя ў касцёле перадалі адзін аднаму знак супакою, паціснуўшы рукі.

Адна з прыхаджанак прачытала віншаванне на свята Божага Нараджэння і Новы год ад імя  біскупа Гродзенскага Аляксандра Кашкевіча.

Ксёндз Здзіслаў Пікула падзякаваў усім, хто сёння сабраўся ў такі важны дзень.

Вольга ЮШКЕВІЧ