Сельскі сход у Круцілавічах

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

У аграгарадку Круцілавічы Дзятлаўскага раёна, на базе Круцілавіцкай школы адбыўся заключны ў гэтым годзе, шырокамаштабны сельскі сход, на якім  абмеркавалі пытанні бяспекі жыццядзейнасці, папярэджання пажараў і гібелі людзей на іх.

Да пачатку мерапрыемства мясцовыя жыхары маглі набыць аўтаномныя пажарныя апавяшчальнікі, вогнетушыцелі, якую прапанавалі прадстаўнікі Дзятлаўскага вытворчага ўчастка Гродзенскага камбіната супрацьпажарных работ. Для навучэнцаў школы, супрацоўнікі МНС прадэманстравалі пажарную тэхніку і абсталяванне, расказалі дзецям аб рабоце ратаўнікоў-пажарных.

Афіцыйная частка мерапрыемства пачалася з выступлення начальніка Дзятлаўскага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Сяргея Казушчыка, які паведаміў аб пажарах, якія адбыліся ў Дзятлаўскім раёне. У час выступлення была паказана тэматычная прэзентацыя, пасля ўдзельнікам мерапрыемства было прапанавана паглядзець відэаролік па правілах пажарнай бяспекі каля навагодняй ёлкі.

Намеснік начальніка ўстановы Гродзенскага абласнога ўпраўлення МНС, Андрэй Кончык больш падрабязна спыніўся на актуальных пытаннях: правілы паводзінаў на вадаёмах у зімовы перыяд, правільнае карыстанне піратэхнікай.

Аб рабоце назіральнай камісіі расказала старшыня сельскага савета Ганна Жых. Яна нагадала аб важнасці абсталявання дамоў грамадзян аўтаномнымі пажарнымі апавяшчальнікамі.

Тэму працы з дзецьмі і бацькамі, аб сямейным дабрабыце і стварэнні належных умоваў для пражывання дзяцей, закранула ў сваім выступленні метадыст аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Іна Орсік.

Аб правілах бяспекі карыстання газам у быце расказаў начальнік Дзятлаўскага раёна газазабеспячэння Юрый Ганчар. Ён звярнуў увагу на неабходнасць замены газавага абсталявання, у якога скончыўся тэрмін карыстання.

Вячаслаў Грышук, прадстаўнік раённых электрычных сетак, надаў асаблівую ўвагу пытанням перанапружання электрычнай сеткі і захаванню патрабаванняў правілаў электраўстановак пры эксплуатацыі асвятляльных прыбораў.

Намеснік галоўнага доктара Дзятлаўскае ЦРБ Уладзімір Калодка звярнуў увагу на рост паказчыкаў смяротнасці і нараджальнасці, а таксама на прафілактыку анкалагічных захворванняў.

Завяршыўся сход канцэртнай праграмай, якую падрыхтавалі вучні Круцілавіцкай школы.

Уладзіслаў ЗЯБАЧКІН,
інспектар Дзятлаўскага РАНС