“Праменьчык” зазірне ў госці

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

У рамках акцыі “Нашы дзеці” ў аддзяленні дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна на базе гурткоў “Сувенір” (кіраўнік В. Саламевіч) і “ Чароўная іголачка” (кіраўнік В. Баландзіна) адкрылася навагодняя майстэрня па вырабе падарункаў, паштовак, упрыгажэнняў да Новага года і Калядаў.

Наведвальнікі аддзялення разам са спецыялістамі выразалі сняжынкі і стварылі элементы дэкору для аздаблення залы, кабінетаў, вокнаў. Таксама рабяты падрыхтавалі прыгожыя навагоднія паштоўкі з віншаваннямі для пажылых людзей з аддзялення кругласутачнага знаходжання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў гарпасёлка Казлоўшчына і дома самастойнага сумеснага пражывання для грамадзян пажылога ўзросту і інвалідаў аграгарадка Гезгалы. 18 снежня спецыялісты і наведвальнікі “Праменьчыка” разам з удзельнікамі клуба “Нам гады не бяда” плануюць уручыць гэтыя падарункі адрасатам і павіншаваць іх са святамі.

Таксама 27 снежня аддзяленне плануе прыняць удзел у дабрачынным раённым навагоднім ранішніку для дзяцей-інвалідаў, які пройдзе ў гімназіі №1 горада Дзятлава ў рамках акцыі “Нашы дзеці”.

Ужо год як у “Праменьчыку” працуе яшчэ адзін гурток для аматараў арыгамі пад кіраўніцтвам валанцёра і наведвальніцы аддзялення Алены Рак. У ім рабяты ствараюць прыгожыя рэчы з паперы. Яны таксама не абмінулі навагоднюю тэматыку. Калекцыя вырабаў папоўнілася філіграннымі ёлкамі, прыгожымі кошычкамі, з’явіўся ў ёй і Дзядуля Мароз з папяровых модуляў.

Работа навагодняй майстэрні прадаўжаецца. У яе скарбонцы ўжо багата вырабаў: ёлкі з ватных дыскаў, зімовы бансай, сурвэткі, навагоднія вяночкі і, безумоўна, сімвалы года з тканіны – вясёлыя свінкі. Усё гэта папоўніць экспазіцыі тэматычнай выставы, стане новым упрыгажэннем для інтэр’ера, але большасць сувеніраў, зробленых сваімі рукамі, наведвальнікі “Праменьчыка” выкарыстаюць у якасці падарункаў адзін для аднаго, для родных, сяброў, валанцёраў, каб разам з імі ў зімовыя святы падарыць людзям часцінку дабрыні.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Теги: