Піратэхніка — гэта не цацкі

Важнае Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Набыць піратэхніку сёння — не праблема. Напярэдадні зімовых святаў і на працягу некалькіх тыдняў пасля іх гандль піратэхнічнымі вырабамі ідзе бойка.

Пачашчаюцца і выпадкі траўматызму ад выкарыстання піратэхнікі.
Міліцыя нагадвае, што юрыдычным асобам і індывідуальным прадпрымальнікам дазваляецца гандляваць піратэхнічнымі вырабамі толькі 1-5 класаў небяспекі. Клас небяспекі прысвойваецца пасля выпрабаванняў, праведзеных акрэдытаванай лабараторыяй, і пацвярджаецца дакументамі. Сам прадавец павінен прайсці інструктаж па тэхніцы бяспекі і ведаць, як дзейнічаць у няштатных сітуацыях.

У месцах рэалізацыі піратэхнікі павінны быць наступныя дакументы: таварна-транспартная дакументацыя, сертыфікат адпаведнасці, выдадзены ў адпаведным парадку ў краіне-вытворцы, або яго копія, засведчаная пастаўшчыком (імпарцёрам), пратакол выпрабаванняў (або засведчаная копія), які пацвярджае клас небяспекі і адпаведнасць вырабу патрабаванням НПБ63-2003, інструкцыя па выкарыстанні вырабу.

На самім піратэхнічным вырабе або яго ўпакоўцы павінна быць інфармацыя аб тэрміне прыдатнасці. Захоўваць піратэхніку трэба ў шафах (сейфах) з негаручых матэрыялаў. Колькасць піратэхнічных вырабаў не павінна перавышаць 50 кілаграмаў. Дзверцы ў шафу (сейф) можна адкрываць толькі ў час продажу тавару пакупніку.
Не варта набываць піратэхніку ў інтэрнэце, бо хутчэй за ўсё атрымаеце неліцэнзаваны тавар. Забаронена рэалізацыя піратэхнічных тавараў з латкоў і аўтамабіляў. Таксама прадаўцы не маюць права адпускаць тавар асобам, якім менш за 15 гадоў.

За рэалізацыю піратэхнікі з латкоў, аўтамашын, іншых неадпаведных патрабаванням бяспекі прыстасаванняў, парушальнікі могуць быць папярэджаны або пакараны штрафам.

А вось аматары феерверкаў, калі яны выкарыстаюць іх у грамадскіх месцах, у тым ліку дварах дамоў, будуць адказваць за выкарыстанне піратэхнікі, якая ўяўляе пагрозу для бяспекі грамадзян, згодна з артыкулам 17.1 КоАП РБ (дробнае хуліганства). Штраф за такое парушэнне — ад 2 да 30 базавых велічыняў. Калі піратэхнічнымі вырабамі скарыстаецца дзіця ва ўзросце да 14 гадоў, адказваць за яго ўчынак будуць бацькі. Санкцыя артыкула «За невыкананне абавязкаў па выхаванні дзяцей» прадугледжвае штраф ад 10 да 20 базавых велічыняў, а дзіця могуць паставіць на ўлік у інспекцыі па справах непаўналетніх.

У выпадку нанясення шкоды жыццю ці здароўю грамадзян пры выкарыстанні піратэхнічных вырабаў вінаваты будзе прыцягнуты да крымінальнай адказнасці па розных артыкулах у залежнасці ад абставінаў і ступені складанасці наступстваў.

Андрэй ЮШКЕВІЧ,
старшы інспектар прафілактыкі ААПП АУС Дзятлаўскага райвыканкама



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *