П’яныя кіламетры

Здарэнні і бяспека Свежыя навіны

Паўторнае на працягу года кіраванне транспартным сродкам у стане алкагольнага ап’янення падпадае ў нашай краіне пад крымінальную адказнасць.

Пры гэтым транспартны сродак належыць канфіскацыі, незалежна ад таго, чый ён, за выключэннем выпадкаў, калі машына выбыла з законнага валодання гаспадара без яго волі або ў выніку супрацьпраўных дзеянняў іншых асобаў.

Мабыць, усе беларускія вадзіцелі ведаюць гэтыя патрабаванні заканадаўства. На жаль, не ўсе іх выконваюць. Так, жыхар Дзятлаўскага раёна Р. у чэрвені 2017 года, не маючы вадзіцельскага пасведчання, кіраваў аўтамашынай ВАЗ у стане алкагольнага ап’янення. Яго спынілі праваахоўнікі. За ўчыненае правапарушэнне мужчыну давялося заплаціць штраф у памеры 50 базавых велічыняў (у грашовым эквіваленце гэта складала 1150 рублёў).

Аднак жыццёвы ўрок не пайшоў на карысць парушальніку. Менш чым праз год Р. зноў сеў п’яным за руль і быў спынены міліцыяй. Сваімі наўмыснымі дзеяннямі грамадзянін Р. учыніў злачынства па прыкмеце: кіраванне транспартным сродкам асобай, якая знаходзіцца ў стане алкагольнага ап’янення, учыненае на працягу года пасля накладання адміністрацыйнага спагнання за аналагічнае парушэнне. Вінаваты адкажа перад законам.

Максім ЛІТАВАР,
следчы раённага аддзела Следчага камітэта