Навагодняе віншаванне старшыні райвыканкама Аляксандра Дубовіка

Галоўнае Свежыя навіны Улада

Шаноўныя жыхары Дзятлаўскага раёна! Дарагія землякі! Віншую вас з надыходзячым Новым годам!

Адыходзіць у гісторыю 2018 год. Ён быў няпросты, але прадуктыўны для Дзятлаўскага раёна. Падводзячы вынікі, хачу сказаць усім вялікі дзякуй за любоў да роднага краю, за вашы нераўнадушныя да яго адносіны, за напружаную працу на карысць сваёй зямлі. У гэтым годзе намі зроблена нямала, каб наш раён стаў больш паспяховы, прывабны і камфортны. Мы не збаўляем тэмпаў і прадаўжаем ісці па шляху ўстойлівага развіцця. Мы ганарымся нашымі вынікамі ў сельскай гаспадарцы: нягледзячы на аб’ектыўныя цяжкасці, аграпрамысловы комплекс унёс сваю лепту ў развіццё эканомікі раёна, забяспечваючы харчовую бяспеку жыхароў Дзятлаўшчыны. У вытворчай сферы, дзякуючы аператыўным крокам, якія былі зроблены, мы змаглі ўтрымаць сітуацыю, захаваць вытворчы, кадравы патэнцыял.

Складальнікі нашых асноўных і самых важных задач простыя, блізкія і зразумелыя ўсім жыхарам раёна. Гэта даступная медыцына, якасная адукацыя, камфортнае асяроддзе. У адыходзячым годзе ўведзена ў эксплуатацыю новая школа ў гарадскім пасёлку Казлоўшчына. У лютым была адкрыта зала цяжкай атлетыкі ў горадзе Дзятлаве. Пасля рамонту адчыніў свае дзверы адноўлены Дом культуры ў гарадскім пасёлку Наваельня, харчблок у Гезгалах, іншыя аб’екты. Выбраны намі вектар сацыяльнай палітыкі стаў гарантам дастойнай будучыні сем’яў дзятлаўчан: у 2018 годзе нарадзіліся 214 дзяцей, 387 сем’яў маюць статус шматдзетных. Падтрымліваючы і развіваючы сямейныя традыцыі і каштоўнасці, да Дня сям’і мы правялі ІІ раённы фестываль сямейнага адпачынку “Зецельскі фэст”, які стаў своеасаблівым брэндам у культурным жыцці Дзятлаўшчыны.

Мы і надалей будзем ства раць спрыяльныя ўмовы для вучобы, заняткаў спортам, актыўнага адпачынку, для развіцця талентаў і здольнасцяў нашых дзяцей. 2018 год праходзіў пад знакам Года малой радзімы, у сувязі з чым было праведзена шмат мерапрыемстваў. Самыя значныя з іх у тым ліку былі прымеркаваны да юбілею горада Дзятлава, яго 520-годдзя. 14 верасня на дзятлаўскай зямлі прайшоў маштабны і аўтарытэтны форум – навукова-практычная канферэнцыя “Гісторыка-культурная спадчына Дзятлаўшчыны”. Для захавання памяці і духоўнага багацця малой радзімы рэалізоўваліся праекты “Глыбінкай жыве Беларусь”, этнапраект “Народнаму скарбу – век векаваць”. Адкрыты мемарыяльныя шыльды нашым землякам Вячаславу Адамчыку, Міхаілу Петрыкевічу, Пятру Гросу. Наперадзе – новыя падзеі, новыя перспектывы. Мы павінны прыкласці яшчэ больш намаганняў, скіраваных на павышэнне якасці жыцця нашых людзей, на падтрымку прадпрымальніцтва – згодна з тымі стратэгічнымі планамі, аб якіх заяўлена кіраўніцтвам дзяржавы. Мы абавязкова прадоўжым работу па ўзаемадзеянні з грамадствам. Наша прынцыповая пазіцыя – гэта адкрытасць улады, імкненне апраўдаць давер людзей.

l ўсё гэта мы зробім для таго, каб нашы дзеці ганарыліся сваёй радзімай, хацелі тут жыць, падарылі нам унукаў і самі сталі паўнапраўнымі і руплівымі гаспадарамі сваёй зямлі. Але ўсе нашы памкненні будуць марныя, калі ў пагоні за здзяйсненнямі мы не паспеем самага галоўнага – падарыць нашым родным і блізкім цеплыню і любоў. Тым, хто заўжды чакае нас дома з работы, хто любіць і прымае нас такімі, якія мы ёсць, хто верыць у нас і падтрымлівае ў цяжкія хвіліны, хто шчыра радуецца нашым перамогам і ніколі не здрадзіць.

Сям’я – гэта самае галоўнае, што ёсць у кожнага з нас. Як сказаў класік: “Шчаслівы той, хто шчаслівы ў сябе дома”. Давайце літаральна цяпер скажам сваім блізкім самыя галоўныя словы, абдымем нашых дзяцей і бацькоў і пажадаем нашай роднай Дзятлаўшчыне шчасця і працвітання, новых поспехаў і перамогаў дзеля нашай будучыні, якая расце побач з намі ўжо сёння.

З надыходзячым 2019 годам, сябры!

Цяпла, любові і шчасця вам у новым годзе!