Галоўнае – здароўе кожнага работніка

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Асноўная задача аховы працы ў розных сацыяльных сферах – захаваць жыццё і здароўе чалавека  шляхам прадухілення вытворчага траўматызму і прафесійнага захворвання.

Менавіта на гэта і накіраваны ўсе мерапрыемствы па ахове працы на ААТ “Граніт-Агра”.

– Для нас адной з асноўных і прыярытэтных з’яўляецца работа па    стварэнні ўмоваў прафесійнай бяспекі, якія спрыяюць захаванню жыцця і здароўя работнікаў на ўсіх этапах вытворчага працэсу і на розных відах дзейнасці, –расказвае інжынер па ахове працы Святлана Ляшэвіч. – На нашым прадпрыемстве рэалізуецца некалькі асноўных напрамкаў работы. Першы з іх – навучанне і кансультаванне работнікаў.

У дзейнасць па ахове працы, стварэнні бяспечных умоваў на вытворчасці ўключаны ўвесь штат работнікаў, праводзяцца навучальныя заняткі, інструктажы, стажыроўкі, мерапрыемствы па заахвочванні ініцыятывы работнікаў па гэтым напрамку.

Перад пачаткам любой працоўнай дзейнасці кожны работнік праходзіць інструктажы па транспартнай і пажарнай бяспеках. Перад пачаткам масавых сельгасработ праводзіцца навучанне адпаведных катэгорый работнікаў.

Другі напрамак – гэта матэрыяльна-тэхнічнае забеспячэнне персаналу. Нашы работнікі сёння забяспечаны практычна ўсім неабходным, пачынаючы ад абсталяваных працоўных месцаў і заканчваючы сродкамі індывідуальнай абароны. За кошт сваіх сродкаў прадпрыемства забяспечвае своечасовую выдачу спецыяльнага адзення, абутку і іншых сродкаў індывідуальнай абароны, таксама арганізаваны ўмовы для іх захоўвання, мыцця, сушкі і замены ў адпаведнасці з усталяванымі нормамі.

Мы сочым за тым, каб на вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі выкарыстоўвалася толькі спраўная тэхніка, абсталяванне, матэрыялы.

Працоўныя памяшканні ў ААТ “Граніт-Агра”добра асвятляюцца  і ацяпляюцца, цалкам адпавядаюць санітарна-гігіенічным нормам, створаны пакоі для адпачынку, у вытворчых памяшканнях абсталяваны  гардэробныя пакоі,  душавыя, вядзецца штодзённы кантроль за чысцінёй, культурна-бытавым абслугоўваннем.

Бытавыя памяшканні аснашчаны мікрахвалевымі печамі, электрачайнікамі, пітной вадой, халадзільнікамі. На РММ “Круцілавічы”, МТК “Касцюкі”, МТК “Таркачы”, свінагадоўчым комплексе “Варакомшчына” для абслугоўвання персаналу ўсталяваны пральныя машыны.

За выкананне сельскагаспадарчых работ пры шкодных умовах, павелічэнне часу змены ў напружаныя перыяды работнікі атрымліваюць даплаты і ім прадастаўляюцца дадатковыя выхадныя дні.

У час правядзення сезонных палявых работ на ўсіх этапах аграрных працэсаў на  нашым прадпрыемстве арганізавана гарачае харчаванне работнікаў. Працуюць лазня і душавыя памяшканні.

Асаблівая ўвага надаецца пытанням захавання дысцыпліны. Стварэнне аптымальных умоваў працы і кантроль за іх выкананнем  дазваляе максімальна доўга захоўваць высокую працаздольнасць работнікаў. Таксама гэта спрыяе прыкметнаму росту прадукцыйнасці працы на сельскагаспадарчым прадпрыемстве.

Для паспяховага вырашэння ўсяго комплексу праблем аховы працы, прафілактыкі вытворчага траўматызму, прафесійных захворванняў пастаянна праводзіцца работа  па ахове здароўя работнікаў. Да вырашэння гэтых пытанняў з адміністрацыяй прадпрыемства цесна ўзаемадзейнічаюць члены прафсаюзнага камітэта. Работа прафсаюзаў на вытворчым прадпрыемстве вядзецца па такіх традыцыйных напрамках, як абарона працоўных і сацыяльна-эканамічных правоў і інтарэсаў работнікаў, ахова працы і стварэнне для яе неабходных умоваў, прапаганда здаровага ладу жыцця, арганізацыя вольнага часу членаў прафсаюза.

З мэтай папулярызацыі здаровага ладу жыцця намаганнямі прадпрыемства ў 2017 годзе была праведзена работа па адкрыцці міні-трэнажорнай залы ў аграгарадку  Круцілавічы. Быў закуплены спартыўны інвентар. Таксама ААТ “Граніт-Агра” аказвае дапамогу ў выглядзе добраахвотнага медыцынскага страхавання работнікаў, сумесна з прафкамам арганізоўвае аздараўленне і санаторна-курортнае лячэнне. Штогод выдзяляюцца пуцёўкі на аздараўленне дзяцей у дзіцячы санаторый “Баравічок”, а таксама выдзяляюцца грашовыя сродкі і транспарт на правядзенне культурна-масавай, фізкультурна-аздараўленчай і спартыўнай работы, арганізацыі вольнага часу і адпачынку.

Важны накірунак работы – прафілактыка хвароб кожнага задзейнічанага на вытворчасці работніка. Назіранні паказваюць, што апошнім часам у час прафілактычных мерапрыемстваў у людзей усё часцей выяўляюцца схаваныя захворванні. Гэта не толькі медыцынская праблема, але і сацыяльная. Таму актуальным сёння лічу пытанне своечасовай дыспансерызацыі работнікаў. Своечасовы зварот у медыцынскія ўстановы працуе не толькі на выяўленне  і папярэджанне захворванняў, але і спрыяе   павышэнню якасці жыцця людзей, – адзначае Святлана Ляшэвіч. –

Работа  сельгаспрадпыемства накіравана на стымуляванне дзейнасці працоўнага  калектыву  па стварэнні ўмоваў, якія забяспечваюць захаванне жыцця і здароўя работнікаў у працэсе працоўнай дзейнасці, на выкананне заканадаўства аб ахове працы, якое прадугледжвае  праходжанне медыцынскіх аглядаў, прафілактыку прафесійных захворванняў, вакцынацыю.

Для нас галоўнае – адказныя адносіны да свайго здароўя кожнага работніка. Здаровы калектыў – гэта эканамічная бяспека ўсяго прадпрыемства.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ