Аляксандр Жых: “Я на сцэне як жанглёр”

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

На мінулым тыдні ў Дзятлаве прайшоў канцэрт Беларускага дзяржаўнага ансамбля “Песняры”.

Поўная зала гледачоў раённага Цэнтра культуры, апладысменты, крыкі “Брава” і “Малайцы” сведчылі пра тое, што гэтых артыстаў у нас любяць і вельмі іх чакалі. Але ўдвая прыемней для дзятлаўчан было тое, што выступаў перад імі зямляк, ураджэнец аграгарадка Круцілавічы Аляксандр Жых, які ўжо 12 гадоў з’яўляецца ўдзельнікам ансамбля “Песняры”. Перад выступленнем нам удалося пагутарыць з Аляксандрам, які аказаўся да таго ж цікавым субяседнікам.

З якім настроем ехалі на малую радзіму? Часта тут бываеце?

– З цудоўным настроем, бо наперадзе не проста канцэрт, а сустрэча з дарагімі табе людзьмі, будзе мама, родныя, настаўнікі, суседзі. Адчуваю вялікую адказнасць, бо гэтыя людзі, калі што не так, змогуць зрабіць табе заўвагу. Перад знаёмымі цяжэй выступаць, мера адказнасці вышэйшая. На жаль, апошнім часам вельмі рэдка выдаецца прыязджаць дадому, бо шмат гастроляў, а сёння мне пашанцавала.

Мы, дзятлаўчане, вельмі ганарымся нашымі землякамі, якія сталі вядомымі, дабіліся вялікіх поспехаў. А вы лічыце сябе паспяховым чалавекам?

– Ведаеце, мера папулярнасці, медыйнасці ва ўсіх розная. Імя калектыву “Песняры” вельмі папулярнае. І не настолькі шмат людзей ведаюць менавіта Сашу Жыха як нейкую асобную частку ад ансамбля. Я частка вялікага брэнда, гэта цэлы рух у нашай беларускай музыцы. “Песняры” – гэта пласт, фундамент, на чым будуецца сёння беларуская эстрада, гэта класіка.

Аднак вы ўжо ўвайшлі ў гісторыю “Песняроў”.

– Так, увайшоў, але я не магу сказаць, што я чалавек, якога адразу пазнаюць. У Мінску я спакойна хаджу па вуліцы. Але гэта я лічу вялікім плюсам.

 

Вы і спяваеце, і іграеце на музычных інструментах. Ад каго дастаўся музычны талент?

– Добрым музыкантам, вядомым у Дзятлаўскім раёне, у мяне быў тата. На жаль, ён рана пайшоў з жыцця і не змог парадавацца за мае поспехі. У дзяцінстве мяне цягнула да музыкі, хаця я не любіў хадзіць у музычную школу. Я браў пакет са спартыўнай формай, ноты і перад тым, як зайсці ў музычную школу, заўжды наведваўся ў спартзалу, прапускаў урокі, пакуль бацькі не даведаліся, што я прагульваў. А потым я стаў іграць на духавых інструментах, мне гэта вельмі падабалася, гэта было сапраўды маё. І я прыняў рашэнне паступіць у Лідскі музычны каледж па класе флейты. Ва ўніверсітэце культуры і мастацтваў я вывучаў беларускія народныя духавыя інструменты. І цяпер у “Песнярах” менавіта я адказны за гэтыя музычныя інструменты. Я на сцэне як жанглёр, пад кожную песню – свой інструмент. Мне не бывае сумна. А што тычыцца вакала, не магу назваць сябе нейкім крутым вакалістам, я і цяпер хаджу на заняткі, бо разумею, што ўзроўню, які задавальняў бы, у першую чаргу, мяне, а па-другое, калектыў, не дастаткова, таму буду пастаянна ўдасканальвацца.

 

Раскажыце, як вы трапілі ў ансамбль “Песняры”?

– Гісторыя вельмі простая. Я быў студэнтам 3 курса ўніверсітэта культуры (гэта быў 2006 год). Прыйшоў на заняткі мой педагог і сказаў, што на выхадных ён быў на гастролях з ансамблем “Песняры” і параіў паслухаць аднаго добрага хлопца, які зможа ўнесці ў іх выступленні гучанне – рознабаковую палітру беларускіх народных інструментаў. Мяне запрасілі на праслухоўванне. Як цяпер помню, я спяваў “Вологду”, іграў на вялікай колькасці музычных інструментаў. І мяне прынялі. Я патэлефанаваў маме, а яна сказала, што вучоба важней. Аднак я вырашыў, што ў “Песняры” завуць не кожны дзень, трэба паглядзець, што будзе. І ўсё ў мяне атрымалася. Дарэчы, амаль на выдатна скончыў універсітэт культуры, нягледзячы на тое, што шмат было гастроляў.

І цяпер многа выступаеце. Можа, нейкія гастролі былі незвычайныя, запомніліся найбольш.

– Заўжды цікава ехаць у тую краіну, дзе іншая цывілізацыя, далёкая ад нас. Мы былі ў Кітаі, В’етнаме, здзівіліся, як там зусім па-іншаму людзі думаюць, наладжваюць свой быт. У В’етнаме мы не ўбачылі вялікай раскошы, аднак гэта краіна займае другое месца ў свеце па індэксе шчасця. Людзі поўнасцю задаволены сваім жыццём. Дарэчы, у В’етнаме і Кітаі любяць песні, якія ствараліся ў часы Савецкага Саюза, там гэта яшчэ памятаюць. Нам прыходзілася крыху перарабляць рэпертуар, дадаваць нейкія “фішкі”, але канцэрты праходзілі на ўра.

У вашым ансамблі новы, малады калектыў. А ці захоўваеце вы традыцыі “старых” “Песняроў”?

– У гучанні ансамбля сённяшнім і мінулым не знойдзеце практычна ніякіх адрозненняў. Мы не выкарыстоўваем нейкія электронныя інструменты, бо гэта ўсё ненатуральнае. Сёння мы з’яўляемся прадаўжальнікамі тых традыцый, і не можам браць і кардынальна мяняць рэпертуар ансамбля. Аднак хачу з гонарам адзначыць, што ў нас вельмі шмат новых добрых песень, якія людзі ведаюць, спяваюць з намі на канцэртах.

Цікава, а што адбываецца за кулісамі ў “Песняроў”? Якія яны па-за сцэнай?

– Усе абсалютна простыя людзі, няма ў нас нейкіх неверагодных “зорных” удзельнікаў, якія, напрыклад, прыязджаюць на асобнай машыне. У нас усе роўныя, вельмі сяброўская атмасфера, мы пазітыўныя, пастаянна жартуем. Шмат часу прыходзіцца праводзіць разам, і радуе, што менавіта такая ў нас атмасфера.

Скажыце, хто і што для вас галоўнае ў жыцці?

– Самае галоўнае – гэта мая сям’я: жонка, дачка, зусім хутка ў нас з’явіцца другая дачка, мая мама – людзі, якія жывуць для мяне, і я абавязаны таксама рабіць іх шчаслівымі людзьмі, каб у іх усё было. І тут важны не столькі матэрыяльны аспект, колькі ўвага, клопат, пяшчота.

– Ці ёсць у вас жыццёвы дэвіз?

– Дэвіза няма, але ў мяне такі склад храктару, што я пастаянна сабой не задаволены, крытыкую сябе. І гэта мне дапамагае ісці далей, расці і ў прафесійным плане, і як сем’яніну. Лічу для сябе гэта станоўчай рысай. Я чалавек самакрытычны. Пэўна, у мяне не было ні аднаго канцэрта, пасля якога я выйшаў і сказаў, што ўсё зрабіў на выдатна. Я заўжды знайду нейкія недакладнасці, і, пэўна, гэта таксама добра, бо той тварэц, які сказаў сабе, што ён дасканалы, ужо прайграў.

Гледзячы на вашы фота ў сацыяльных сетках, відаць, што вы вельмі вясёлы, крэатыўны чалавек. Як плануеце павесяліцца на навагоднія святы?

– У мяне ёсць яшчэ адзін занятак: я праводжу святочныя мерапрыемствы, карпаратывы. І ў гэтым годзе ў навагоднюю ноч я буду працаваць.

А сям’я не пакрыўдзіцца?

– Абсалютна не. Для нас больш важнае сямейнае свята – гэта Каляды, але на працягу апошніх гадоў васьмі ў мяне не атрымліваецца пабыць дома і ў гэты дзень, бо ўжо па традыцыі 6 і 7 студзеня ў нас канцэрты ў Пецярбургу і Маскве.

І напрыканцы, што б вы пажадалі сваім землякам, нашым чытачам напярэдадні святаў?

– Часцей усміхацца, раніцай падыходзіць да люстэрка і гаварыць, што жыццё цудоўнае, ісці смела працаваць, любіць, абдымаць блізкіх. Заўжды быць на пазітыве. Усяго самага найлепшага ў новым годзе.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



Теги: