Стараста вёскі Гарадкі

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У кожнай вёсачкі ёсць свая непаўторная гісторыя, свае звычаі і традыцыі і ёсць людзі, якія берагуць гэту гісторыю. У вёсках такія людзі – гэта старасты.

Ужо не першы год старастам вёскі Гарадкі з’яўляецца Аляксей Лагуцік. Тут ён нарадзіўся, тут прайшло яго дзяцінства. Па расказах маці, быў вельмі шустрым хлопчыкам, яму ўсё хацелася ведаць, цікавіўся новым. З малых гадоў ён ужо што-небудзь складваў, рамантаваў, выдумваў.

Пасля заканчэння Казлоўшчынскай сярэдняй школы паступіў у Калінінградскае ваенна-авіяцыйнае тэхнічнае вучылішча, бо вельмі падабалася яму ваенная справа. Да 1998 года служыў ва Узброеных Сілах, мае званне падпалкоўніка. Службу закончыў камандзірам часці забеспячэння Харкаўскага інстытута лётчыкаў. Аднак актыўную працоўную дзейнасць працягнуў: быў намеснікам дырэктара Харкаўскіх цеплавых сетак, начальнікам камерцыйнага аддзела Харкаўскага цаглянага завода, намеснікам дырэктара ў Чугуеўскім тэхнічным ліцэі.

Сем гадоў назад вырашыў вярнуцца на малую радзіму — у сваю прыгожую, дарагую сэрцу вёсачку Гарадкі. Хоць і шмат паездзіў па свеце, пабачыў розных прыгожых мясцін, але свой родны куток, мілы з маленства, ніколі не забываў.

— Раней у нашай вёсцы жылі 400 чалавек, — расказвае Аляксей Адольфавіч. — У час вайны нямецка-фашысцкія акупанты знішчылі 384 мірныя жыхары. Вёсачка змяншалася: хто выязджаў, хто паміраў, і сёння ў ёй засталося толькі сем дамоў. Цяпер гэты хутарок, як мы яго называем, хоць і маленькі, але вельмі прыгожы і ўтульны, вакол цудоўная прырода.

Мужчына любіць займацца сталярствам – вырабляе розныя цікавыя рэчы для ўпрыгажэння дома. Ёсць у яго свая сядзіба “Дубкі”. Асабліва любяць тут адпачываць, калі прыязджаюць у госці, два сыны са сваімі сем’ямі.

Аляксея Лагуціка жыхары вёскі Гарадкі не выпадкова выбралі старастам. Энергічны, уважлівы і адказны, ён стаў пажылым жыхарам вёскі сапраўдным памочнікам і таму карыстаецца ў вяскоўцаў аўтарытэтам, павагай і даверам.
— Стараста ў вёсцы як гаспадар у доме, — заўважае Аляксей Адольфавіч. — Ён павінен бачыць усе непаладкі ў гэтым доме, клапаціцца пра яго санітарна-тэхнічны стан, а таксама імкнуцца, каб людзям жылося ўтульна і камфортна.

Аляксей Адольфавіч гаворыць, што амаль кожны дзень да яго прыходзяць па дапамогу: кагосьці падвезці, каму выклікаць хуткую дапамогу, а хто заходзіць проста параіцца. І ніколі нікому ён не можа адмовіць у просьбе. А такая падтрымка, асабліва адзінокім людзям, вельмі неабходная.

Стараста вёскі перш за ўсё чалавек з гаспадарскім поглядам і падыходамі. Разам з аднавяскоўцамі яны старанна даглядаюць двое могілак, якія цяпер знаходзяцца ў добрым стане. З дапамогай мясцовай улады прыбіраюцца тут, падфарбоўваюць. Кожны год на памінальны дзень на могілках збіраюцца ўсе родныя і блізкія памерлых. І вельмі прыемна, калі хоць хто-небудзь скажа: “Дзякуй нашаму старасту Аляксею Адольфавічу за падтрымку і дапамогу жыхарам, якія тут яшчэ жывуць”.

І гэтыя шчырыя словы падзякі гавораць чалавеку не дарэмна. Стараста заслужыў іх працай і добрымі адносінамі да людзей.

А добры стараста ў вёсцы патрэбен заўсёды.

Ірына БАКШУК,
культарганізатар сектара пазастацыянарнага абслугоўвання насельніцтва Цэнтра культуры і народнай творчасці
Святлана ГРЫШЫНА
Фота Юліі БАКУНОВІЧ



2 комментария по теме “Стараста вёскі Гарадкі

  1. Хороший человек. Плохой бескорыстно никому помогать не будет

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

  2. Хорошо, что в таких малых деревнях есть к кому обратиться за помощью.

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *