Прайсці праз пекла — і выжыць

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Лёсы, лёсы, лёсы чалавечыя… Бягуць сцяжынкамі, сцелюцца дарогамі, праз палі, лясы, балоты, чые напрасткі, а чые кругамі, зігзагамі. І няма ніводнага лёгкага, няма простага. Але ёсць такія, што, дакрануўшыся да іх, думаеш: як можна было ўсё гэта вынесці і застацца чалавекам са светлай душой і шчырым сэрцам?

Любоў Іванаўна Белавус, у дзявоцтве Жук, жыве ў вёсцы Буйкі Дзятлаўскага раёна. Жыве адна, часам з Ліды на некаторы час прыязджае дачка Зоя, ужо пенсіянерка. У гэтым годзе Любоў Іванаўна адсвяткавала сваё 85-годдзе. Высокая, хударлявая, жвавая і эмацыянальная. Такой яна падалася з першага погляду. Дзяліцца ўспамінамі згаджаецца не з кожным, аднак, калі субяседнік створыць добрае ўражанне, робіцца гаваркой, жэстыкулюе, твар ажывае. А твар у жанчыны вельмі прыемны, хударлявы, выцягнуты, з невялікай колькасцю маршчын. Высакародны твар. Вусны выразна ачэрчаныя, нос арліны, тонкі, адразу выдае чалавека валявога, моцнага духам. Вочкі невялікія, глыбока ўпалыя, вакол вачэй цёмныя кругі. Але дапытлівыя такія тыя вочы, цікаўныя! Глядзяць, нібы пытаюць: чым жа ты дыхаеш, чалавеча? Лоб? Пра такія ілбы кажуць — сакратаўскі. Высокі, з залысінамі, з некалькімі глыбокімі маршчынамі.

Асаблівае, нейкае настальгічнае, з далёкага дзяцінства ўражанне ствараюць рукі. Вялікія, зусім не жаночыя, з пакручанымі пальцамі, усе ў жылах. “Такія рукі перарабілі нямала работы. Як у маёй бабулі Агаты,” — падумалася нечакана. Рукі ў пастаянным руху, і, калі папрасіла зрабіць некалькі фотаздымкаў на памяць, з пяці ў руху атрымаліся толькі два, астатнія закрывалі рукі, калі жанчына расказвала, эмацыянальна і шчыра.

Люба Жук нарадзілася ў вёсцы Явар Дзятлаўскага раёна ў сялянскай сям’і яшчэ за польскім часам, як прынята гаварыць на Дзятлаўшчыне. Жылі разам з бабуляй і дзядулем. Гэта былі бацькі маці. Дзядуля меў чатыры з паловай гектары зямлі, ды ў мамы быў пасаг пяць гектараў. Усю гэту зямлю абраблялі адным канём. Дзед быў хворы, таму гаспадарку вяла маладая сям’я. Упраўляліся, а што было рабіць. Дзеці яшчэ не памочнікі — сынок нарадзіўся праз два гады пасля дачкі, у 1935 годзе.

Калі Дзятлаўшчына далучылася да Савецкай Беларусі, дзяўчынцы было шэсць гадоў. Аднак яна добра помніла, як тата паехаў разам з савецкімі салдатамі ў Польшчу. Па якой прычыне паехаў, Люба не ведала, магчыма, прымусілі нешта везці. А потым усталявалася граніца, і вярнуцца на савецкую тэрыторыю ўжо не змог, стаў грамадзянінам іншай, варожай буржуазнай краіны. І ворагам народа. Бацька пісаў лісты, прасіў узяць у сельсавеце пацвярджэнне, што ён жыхар вёскі Явар, але ў сельсавеце такую даведку даць пабаяліся. У апошнім лісце напісаў: “Не старайцеся больш. Не прасіце даведку. Хутка сам вярнуся — будзе вайна”. Ці паверылі тады бацьку?

Любоў Іванаўна помніць, як урачыста сустракалі савецкіх салдат: хлебам-соллю, усёй вёскай. Спачатку ішла конніца, потым ехалі машыны. Дзяўчынка залезла на гарышча і ў акенца назірала, як па дарозе рухалася калона машын. Машыны ішлі шчыльна, адна да адной. Дзіва! Вясковыя дзеці ніколі такога не бачылі.

А яшчэ помніць Люба не вельмі прыемны эпізод, як міліцыянеры прыйшлі раскулачваць пана Касцюшку. Пан адчуваў, што ўлада хутка зменіцца, і перад самым аб’яднаннем прадаў зямлю. А вось гаспадарка, такая-сякая жывёла, засталася. Дзеці бачылі, як выганялі жывёлу і рэзалі проста на надворку. Рабіць гэта загадалі мужчынам, у тым ліку і дзеду Любы. А потым адзін з міліцыянераў кажа: “На, дзядзька, свіную галаву, хоць мяса пакаштуеш”. На гэта дзед адказаў: “Вы думаеце, што мы пры панах мяса не бачылі? Пайшлі да мяне, я цябе каўбаскай пачастую”.

Любін дзядуля яшчэ да рэвалюцыі, калі яму споўнілася гадоў пятнаццаць, паехаў на заробкі ў Адэсу, там і застаўся. Быў матросам. Вярнуўся дадому ўжо пры Польшчы. У мундзіры, пры поўным, як кажуць, парадзе прайшоўся па вуліцах Дзятлава, чым вельмі збянтэжыў мясцовых яўрэяў-гандляроў: тыя высоўвалі галовы з вокнаў сваіх крамаў і крычалі, картавячы гук “р”: “Матрос ідзе! Матрос ідзе!”

У 1940 годзе на Дзятлаўшчыне пачалі арганізоўваць калгасы. У Явары гэты працэс адбываўся перад самай вайной. Быў пачатак лета, шостага чэрвеня. Маці ўжо пасеяла апошні загон грэчкі. Управілася з пасяўной у той год вельмі рупна. Дзед выменяў у цыган добрую кабылку, дужую і паслухмяную. Роўна хадзіла, не вырывалася з баразны, не так, як папярэдні конь, на якім арала. Той пастаянна выскокваў на верх баразны. Натузаешся, пакуль узарэш загон. А было Любінай маці ўсяго дваццаць сем гадоў. Вось гэта засеянае і забралі, сям’і пакінулі толькі невялікі надзел.

Праз некаторы час дзеда выклікалі ў Казлоўшчыну, у аддзяленне міліцыі, распытвалі пра бацьку Любы: адкуль родам, дзе жыў, чаму апынуўся на тэрыторыі Польшчы? Пазней  гэты допыт аказаўся лёсавызначальным. А ў тыя дні, як стала вядома, органы збіралі звесткі пра ўсіх вяскоўцаў, што выкарыстоўвалі ў гаспадарцы наёмную працу. Сабралі дасье на кожную сям’ю. І пачалі высылаць. Любіну маці выклікалі кожны дзень перад самым заходам сонца ў сельсавет і загадвалі з возам ехаць да той ці іншай сям’і. Сям’і, якую высылалі, трэба было сабрацца за гадзіну. Прыходзілі тры-чатыры міліцыянеры і пільна сачылі, каб не ўзялі лішняе. Толькі неабходнае — адзенне, рэчы, трохі ежы. А што спадабаецца з рэчаў, і сабе тыя міліцыянеры маглі ўзяць. Не саромеліся. Глядзець на ўсё маме было непрыемна: людзі ж свае, знаёмыя з дзяцінства, але і адмовіць нельга. У тыя гады “просьбы” ўлады трэба было выконваць пакорліва, без лішніх слоў. Потым коньмі везлі сем’і на чыгуначную станцыю, дзе загружалі ў таварныя вагоны. Не думала мама, што такі лёс не абміне у хуткім часе і іх сям’ю.

Перад самай вайной у Дварцы пачалі будаваць аэрадром. Патрэбна была рабочая сіла. Дарэмная. Таму выйшаў загад: на будаўніцтва аэрадрома ад кожнай сям’і павінен выехаць адзін работнік з канём. Ездзіла мама, больш не было каму. А потым упраўлялася са сваёй работай.

У той злапомны вечар маме не сказалі ехаць з канём на высяленне аднавяскоўцаў. Першы здзівіўся дзед: чаму?  А Ніна здагадалася, калі легла спаць, доўга плакала, наракала: “Нікуды не паеду, не паеду!”

Па іх сям’ю прыйшлі ў гадзіну ночы. Прыйшлі тры міліцыянеры. Перавярнулі ўсю хату, лепшыя рэчы забралі. Было некалькі незвычайных для таго часу, якіх у вёсцы ніхто не меў, напрыклад, ходзікі, купленыя ў яўрэйскай краме за долары. Долары прысылаў сваяк, што перасяліўся ў Амерыку. Але што гэта за грошы і які іх кошт, ніхто не ведаў тады. За такія ж долары мама купіла сабе паліто, шыкоўнае, плюшавае, яго павезла з сабой на пасяленне, там потым выменяла на ежу.

Калі рабілі вобыск, дзед сказаў:

— Кажыце ўсё як ёсць. За намі прыйшлі?

— Хочам вас за Маскву пераправіць, каб не мелі зносін з мужам, — звярнуўся міліцыянер да Ніны. — Муж цяпер грамадзянін іншай дзяржавы, вораг.

На зборы далі гадзіну. І рэчы забаранялі браць. З ежы ўдалося ўзяць толькі ўчора спечаны хлеб (як адчувалі, напяклі напярэдадні шмат боханаў), кошык яек і скрыль сала. Сала дзед паспеў зняць з гарышча. Потым толькі даведаліся, што іншым сем’ям пашчасціла больш: тыя нават посуд узялі з сабой.

Везлі праз Казлоўшчыну. Перад Гярбелевічамі, дзе жылі  бабуля, брат, сястра, Ніна пачала так моцна крычаць, што сваякі пачулі, прачнуліся. Брат дагнаў воз, даў грошай. У Слоніме перасяленцаў загрузілі ў вагон для жывёлы, зачынілі на засаўку і павезлі. Калі былі ўжо за Мінскам, даведаліся, што бамбяць Баранавічы. Пачалася Вялікая Айчынная вайна.

Любоў Іванаўна шчыра верыць і ў Бога, і ў чалавечы лёс. А яшчэ ў знакі, што час ад часу даюцца чалавеку. Калі Жукоў вывезлі, суседзі падумалі, што сям’я загінула. І не спадзяваліся на іх зварот. Хата пуставала. Вокны ж пустой хаты выходзілі на суседні надворак. Дык вось перад высылкай да аднаго з вокнаў прылятаў верабейка. Зачэпіцца кіпцікамі за раму і стукае ў шыбу. Калі сям’ю вывезлі, птушачка перастала прылятаць, а вось перад самым вяртаннем, ужо пасля вайны, зноў прыляцела і зноў застукала дзюбкай у шыбу. Суседка потым расказала пра гэта дзіва. Везлі на высылку шмат людзей. Тры эшалоны па сто вагонаў. Ужо ў Сібіры, як заверне цягнік на павароце, дзеці лічылі вагоны. Даўжэзны хвост вагонаў, а ў іх людзі — жанчыны, старыя, дзеці, мужчыны. Разам з Жукамі ў вагоне ехала сям’я Бяляткаў з Сачыўлян, гэтыя людзі аказаліся з імі потым на высылцы ў адной вёсцы. Тым “пашанцавала” больш: міліцыянеры былі не такія строгія, дазволілі ўзяць больш рэчаў, нават узялі ацынкаваную балею, у якой і бялізну мылі, і самі мыліся.

Па дарозе выпускалі раз на дзень па два чалавекі з вагона на якой-небудзь станцыі набраць кіпеню. Два вядры на цэлы вагон людзей. Дзялі, як хочаш. Астатнія два тыдні, пакуль ехалі, знаходзіліся ў вагоне. Туалет — проста дзірка ў падлозе вагона, завешаная чыёйсьці посцілкай.

Калі выгрузіліся з вагонаў, людзей было нібы мурашоў. Маці трымала за руку. Адпусці — дзіця тут жа змяшаецца з натоўпам, ніколі не знойдзешь. А то і прыдушаць — закон натоўпу. Прывезлі ўсіх у горад Ачынск Краснаярскага краю. Загналі ў баракі. Баракі халодныя, толькі дошкі ды дах. Праз некаторы час прыехалі прадстаўнікі ваеннага трыбунала, абвясцілі прыгавор — 25 гадоў з правам перапіскі. Пачалі размяшчаць на пасяленне па Ачынскім раёне. Жукі і Бяляткі трапілі ў вёску Кумыра Бярозаўскага сельсавета, за 60 кіламетраў ад Ачынска. Разам з імі трапіла яшчэ адна беларуская сям’я, землякі з-пад Слоніма. Прыехалі на месца. Выдзелілі хатку чатыры на чатыры метры. Адзін пакой, у ім печ і адразу дзверы на вуліцу. Жылі ўпяцярых — дзядуля Міша, бабуля Яўсціння, маці Ніна Іосіфаўна, Люба і брат Жора.

У тым жа, 1941 годзе, у чэрвені, неспадзявана выпаў туман і “з’еў” бульбоўнік. Бульба спыніла рост. А землі ў Краснаярскім краі багатыя, урадлівыя, ніякія ўгнаенні не патрэбны, толькі кінь насенне ў глебу. Аднак лета кароткае, а зіма доўгая-доўгая і халодная. Да -60 марозу. Маладых адразу забралі на фронт. Засталіся зноў жанчыны, старыя ды дзеці. І ўсе працавалі. Трэба было выжыць і вярнуцца. На гэта спадзяваліся заўсёды, гэта і ратавала.

Дзяцей таксама пасылалі на работы. Хадзілі рэзаць бярэзнік. А бярэзнік быў роўненькі, як лён. Рэзалі чурачкі, сушылі. Потым на гэтых бярозавых чурках працавалі трактары. А яшчэ капалі тую недаразвітую бульбу — трэба было неяк перазімаваць. Далі за працу мех бульбы на насенне. Бераглі бульбу цэлую зіму. Потым вясною рыдлёўкай капалі па цаліку зямлю, саджалі бульбу, сеялі зерне. Трыццаць сотак ускапалі рыдлёўкай. Цэлую зіму вазілі дровы, каб не памерзнуць у вялікі мароз. Адразу не назапасіш, няма на чым прывезці, а зімой давалі каня. Спачатку рэзалі ў лесе ствалы, а потым на марозе падсушвалі і пілавалі ўжо на калоды. Калоды секлі: большыя  — мама, меншыя — дзеці. Калгас даваў на сям’ю трохі льнянога семя і зерня. Малолі, змешвалі. Адно льняное семя есці было немагчыма, агідна, а змешанае з мукой выкарыстоўвалі на кашу і на аладкі, елі за мілую душу: галодныя ж былі ўсе. Мама працавала на аўчарні, карміла авечак. За гэта атрымлівала кожны дзень паўлітра малака. Малако залівалі ў кашу — смачней трохі.

Там, у Кумыры, Люба пайшла ў школу. Вучоба давалася ёй лёгка, асабліва матэматыка. І настаўнік трапіўся свой, зямляк з Гродзенскай вобласці, Герасім Рыгоравіч Баярчык. Ён перасяліўся ў Краснаярскі край яшчэ да рэвалюцыі. У школе былі чатыры класы, вучыліся па некалькі класаў у адным пакоі. Калі пайшла ў другі клас, атрымлівала толькі пяцёркі. Настаўнік Баярчык называў Любу “жучок” за тое, што яна была чорненькая і рухавая. І зрабіў дзяўчынку сваёй памочніцай: яна дапамагала правяраць задачы ў іншых дзяцей.

На другі год перасялілі ў іншую кватэру. Там ужо жылі тры сям’і, усяго дзесяць чалавек. Калі прыйшла вясна, адразу пайшлі ў лес рэзаць асіну. Абсякалі сукі, пілавалі на бярвёны. Цэлае лета бярвёны сохлі на месцы, у лесе, перавозілі іх у пачатку зімы, рэзалі і секлі. Адна з суседак па кватэры трымала карову. Хлява не было. З дошак збіты загон, зверху засцелены саломай. Калі нарадзілася цяля, яго занеслі ў хату, каб не змерзла. А карова засталася на марозе. Так і выжывалі.

Найбольшая праблема ў маразы была з абуткам. Мясцовыя жыхары  выраблялі валёнкі. Насілі іх без галёшаў. А з падношаных майстравалі абутак школьнікам: абразалі халяву, атрымліваліся, па словах Любові Іванаўны, апоркі. У іх дзеці і наведвалі школу. Ні кніг, ні сшыткаў, ні чарніла ў школьнікаў не было. Пісалі на газетах, між радкоў або на вольных месцах. Чарніла рабілі з сажы ці з соку чырвоных буракоў. Прадметаў было шмат: прыродазнаўства, геаграфія, матэматыка, мова, чытанне. Слухалі настаўніка, стараліся запомніць.

Жылі вельмі бедна, абыходзіліся тым, што мелі, перараблялі і перашывалі рукамі па некалькі разоў. Не было на чым спаць, зусім знасілася пасцельная бялізна. Тое, што прывезлі з дому — лепшае адзенне, тканыя посцілкі — выменялі ў мясцовых жыхароў на харчы. Побач з іх вёскай знаходзіўся крухмальны завод. Завод прымаў сушаныя плады чаромхі. А чаромха ў Краснаярскім краі не такая, як на Беларусі, буйная, ягады, што вішні. За лета разам з бабуляй Люба нарыхтавала 40 кілаграмаў сушаных пладоў, за іх атрымалі тканіну, так званую дачку, падобную на жоўтую марлю, толькі значна гусцейшую.

Аднойчы пры зборы ягад дзяўчынка звалілася з дрэва, моцна ўдарылася галавой. Абышлося, нічога не пашкодзіла. Аднак моцна спужалася, паднялася тэмпература, пачалася ліхаманка. Яе адправілі ў бальніцу ў Вялікі Улуй. Там  адпойвалі хінай — смярдзючай горкай вадкасцю. Іншых лекаў не было. Мама прывозіла кіслага малака і хлеба — вось і ўсе прысмакі.З той тканіны Любе потым пашылі сукенку. Дзяўчынка была на сёмым небе ад шчасця.

Каб неяк карміць сям’ю, мама ўладкавалася на працу возчыцай. Вазіла ў горад зерне з элеватара. Зерне ў мяшках трэба было пагрузіць на воз і выгрузіць з воза. Каб выгрузіць, неслі мяшок на плячах 30 метраў. А мяшок вялізны, не такі, як цяпер. Жанчына гэта рабіла дзеля сям’і, спадзявацца на старых бацькоў не магла, ды і бацька моцна хварэў.

Кожны тыдзень хадзілі ў сельскі савет адзначацца. У той час Англія і Амерыка выступалі супраць палітыкі Сталіна па высяленні мірных жыхароў у Сібір і на Далёкі Усход, патрабавалі, каб людзям выдалі пашпарты і дазволілі перамяшчацца па краіне. Гэта было звязана з адкрыццём другога фронту, якое зацягвалася; дзяржавы-саюзніцы шукалі апраўданне маруднаму ходу працэса. Амерыка накіроўвала рэпрэсіраваным дапамогу — адзенне, ежу. Груз перапраўлялі параходамі, але савецкія пагранічнікі па загаду зверху тапілі параходы, абы людзям не дасталося. У такой дзяржаве тады жылі. Хіба жылі? Існавалі.

Неяк ужо пад самы канец вайны сярод ссыльных прайшла пагалоска, што палякаў па нацыянальнасці, каталікоў, будуць перасяляць у Польшчу. Мама тады схітрыла. Спаліла атрыманыя раней дакументы, пайшла ў сельсавет, сказала, што згубіла, і назвалася потым ужо каталічкай і полькай. Пашпарт выдалі на яе імя для ўсіх членаў сям’і.

Любоў Іванаўна ўспамінае адзін выпадак. Было ў іх яшчэ некалькі даматканых посцілак, якія бераглі на чорны дзень. Аднойчы вырашылі схадзіць у пасёлак за рэчку Кумырку памяняць на зерне. Пераходзілі праз балота. Пайшлі разам з землякамі з Сачыўлян. З імі была дзяўчына Зоя, якой споўнілася 16 гадоў. Па дарозе назад, калі ўжо неслі на плячах 30 кілаграмаў зерня, Зоя правалілася ў балота, ледзь не загінула. Любіна маці, Ніна Іосіфаўна, выцягнула яе і на плячах вынесла на сушу. Выратавала дзяўчыне жыццё.

У 1946 годзе іх рэабілітавалі, пачалі вывозіць на Радзіму. Вывозілі машынамі па чатыры сям’і. Сядзелі адзін на адным, бо хацелася нешта ўзяць у дарогу. Мама купіла ў сасланых паволжскіх немцаў куфар. Яго ўсімі праўдамі і няпраўдамі давезла-такі да Явара. Ён і цяпер стаіць у хаце Любові Іванаўны як напамін пра тыя далёкія часы. Ехалі па жудасных калдобінах, трымаючыся за край кузава і за рэчы. Як толькі не павывальваліся?

Калі прывезлі ў Ачынск, размясцілі ў гасціным доме. Чакалі, пакуль збяруцца ўсе палякі. Назад везлі ў больш прыстойных вагонах, з палацямі. У кожны вагон прызначылі  каменданта. Помніць Люба, якой ішоў на той момант трынаццаты год, колькі распладзілася ў вагоне блох, клапоў, вошай. У Навасібірску рэабілітаваных павялі ў гарадскую баню. Успаміналася потым гэта баня, як рай на зямлі. Так там было хораша, чысценька. І гарачая вада — колькі хочаш.

Праз некалькі тыдняў сям’я апынулася на станцыі Баранавічы-Палескія. Да гэтага ўжо сустрэліся са сваякамі, што жылі па дарозе. Тыя надавалі ўсяго, ведалі ж, што едуць на пустое месца, магчыма, нават хаты няма або некага ўлады паспелі ў яе засяліць. Маці хацела ехаць у Польшчу, а дзеці, пакуль яна выйшла на вакзале, каб вырашыць некаторыя пытанні, выгрузілі ўсё дабро на платформу. Яны ехаць у Польшчу не хацелі, рваліся дадому, у Явар. Разам з дзедам, бо дзед таксама нізавошта не хацеў ехаць у Польшчу. Маці, відаць, спадзявалася знайсці бацьку. Як потым аказалася, бацька пасля вызвалення прыязджаў у Явар, але нікога не знайшоў, а потым пры нявысветленых абставінах загінуў.

Па Зою з Сачыўлян прыехаў сваяк Аляксей Буйко, і Жукі паехалі з ім у вёску Боркі Дзятлаўскага раёна. Потым да Явара ішлі пеша. Дацягнуліся да роднай хаты першага мая. У вёсцы да 1944 года не ведалі, ці жывы хто з Жукоў. Мама ў 1944 годзе напісала пісьмо суседцы, так усе даведаліся, што выжылі.

Выжылі, каб жыць і быць сведкамі для нас, сучаснікаў, нашых дзяцей і ўнукаў. Шкада толькі, што апамяталіся мы позна, многіх ахвяр ужо даўно няма на гэтым свеце.

Алена АБРАМЧЫК,
навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *