Павел Сухецкі: “Я люблю хлеб, які сею…”

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Перадавіку – гонар і пашана. Менавіта на такой аснове і грунтуецца аператыўнае падвядзенне вынікаў зробленаму ў галіне сельскай гаспадаркі.

Каля 16 гадоў працуе на роднай зямлі механізатар КСУП “Войневічы” Павел Сухецкі. Яшчэ з дзяцінства ён цікавіўся, як вырошчваюць хлеб, і цяпер па напрацаваны механізатарскі вопыт, па дапамогу, па параду да яго звяртаюцца калегі.

Пачынаюцца этапы аграрнага майстэрства для механізатара з працы на МТЗ-3022 у ходзе пасяўной, затым перасаджваецца ён на КЗР “Палессе” – нарыхтоўвае кармы. Восеньскай парою, пасля ўборкі ўраджаю, ён рыхтуе глебу да наступнага ўраджаю, сее азімыя. Зімой – рамантуе тэхніку, падрыхтоўваючы яе да новага аграрнага сезона.

З году ў год па выніках вясенняй і восеньскай сяўбы  Павел Сухецкі – у лідарах сярод работнікаў сваёй гаспадаркі, а па нарыхтоўцы кармоў – адзін з лепшых у раёне.

Ён лічыць, што працоўны поспех магчымы ў тым выпадку, калі тэхніка знаходзіцца ў руках сапраўднага прафесіянала, спраўная і дагледжаная, а для таго, каб затрымацца ў радах  механізатараў, неабходна валодаць вытрымкай, цярпеннем і мець велізарную цягу да працы.

– Сапраўдная штодзённая практыка ў час палявых работ  не горш за падручнік дапамагае зразумець і засвоіць усе тонкасці прафесіі, – дзеліцца сваімі назіраннямі Павел Сухецкі. – Спецыялісты, механізатары прыкладваюць максімум намаганняў для выканання пастаўленых задач на ўсіх аграрных этапах. Усе мы добра ўсведамляем адказнасць і важнасць кожнага працоўнага дня.

Урачыстае ўшанаванне перадавікоў у галіне сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай прамысловасці – з году ў год значная падзея ў нашым раёне. Крытэрыямі вызначэння пераможцаў па-ранейшаму застаюцца высокая якасць работ, строгае захаванне правілаў аховы працы, тэхнікі бяспекі і найбольшае выкананне даведзеных заданняў.

Рашэннем Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта ў спаборніцтве сярод механізатараў, занятых на сяўбе зерневых і зернебабовых культур у перыяд вясенне-палявых работ, Павел Сухецкі адзначаны ў ліку лепшых працаўнікоў. Першае месца – адметная ўзнагарода за руплівыя адносіны да зямлі, цярпенне і працавітасць.

Дыпломам першай ступені ўзнагароджаны Павел Сухецкі і ў раённых спаборніцтвах сярод механізатараў, занятых на асенняй сяўбе. Дыпломам другой ступені – сярод механізатараў корманарыхтовачных камбайнаў па павелічэнні вытворчасці і якасці травяных кармоў.

Ужо чацвёрты год запар Павел Сухецкі “трымае марку” ў  вобласці. Сёлета малады механізатар стаў пераможцам абласных спаборніцтваў па нарыхтоўцы кармоў і ўзнагароджаны дыпломам Гродзенскага абласнога камітэта прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

На цырымоніі ўзнагароджання ў абласных спаборніцтвах па ўборцы ўраджаю 2018 года, якая прайшла ў Іўеўскім цэнтры культуры і вольнага часу ў час святкавання абласных Дажынак, Павел Сухецкі быў ушанаваны Ганаровай граматай Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання Рэспублікі Беларусь за плённую працу, прафесіяналізм, асабісты ўклад у развіццё селькагаспадарчай вытворчасці. Узнагароду яму ўручыў намеснік міністра сельскай гаспадаркі і харчавання Уладзімір Гракун.

Усвядомлены выбар прафесіі сярод маладых людзей заўсёды выклікае асаблівую павагу. А калі выбар гэты звязаны з працай у галіне аграпрамысловасці – асаблівую пашану. У сельскай мясцовасці з кожным годам усё больш патрабуецца энергія маладых, гатовых і здольных тут працаваць.  Аднойчы ў ходзе размовы Павел Сухецкі адзнычыў:

– Я люблю зямлю, люблю сваю прафесію, мясціны, у якіх жыву, хлеб, які сею.

Нізкі паклон вам, хлебаробы, за вашу любоў да зямлі і за вашу бездакорную працу.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ

 

 



Теги:

1 комментарий по теме “Павел Сухецкі: “Я люблю хлеб, які сею…”

  1. Вот такие работяги действительно достойны наград и похвалы за хлеб на наших столах!

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -1-2

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *