Паслугі банкаў без бар’ера

Важнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

У рамках штогадовай акцыі ГА “БелТІЗ” “Чалавек з белым кіёчкам” у нашай краіне сёлета праводзіцца яшчэ адна рэспубліканская акцыя – “Даступнасць паслугаў і сэрвісаў банкаў для людзей з інваліднасцю па зроку”. Яна скіравана на пашырэнне безбар’ернага асяроддзя для невідушчых і слабавідушчых людзей пры наведванні банкаў, карыстанні банкаматамі, інфакіёскамі, анлайн-сэрвісамі.

З гэтай нагоды ў Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва горада Дзятлава прайшло пасяджэнне “Круглага стала” на тэму “Павышэнне фінансавай адукаванасці сярод жыхароў раёна з інваліднасцю па зроку” з удзелам спецыялістаў філіялаў ААТ “ААБ Беларусбанк” і ААТ “Белаграпрамбанк”. Удзельнікі раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ” не толькі даведаліся, што банкі сёння прапаноўваюць сваім кліентам, але і абмеркавалі са спецыялістамі шэраг праблемных пытанняў. Напрыклад, пагаварылі аб даступнасці банкаўскіх паслугаў пры выкарыстанні інтэрнэт-банкінга без зрокавага кантролю. Віталь Крэйдзіч унёс прапанову выпускаць для невідушчых кліентаў карткі асаблівага ўзору, таму што пры карыстанні інтэрнэт-банкінгам невідушчым падаецца вельмі шмат інфармацыі, прызначанай для кліентаў масавага карыстання. Гэта дэзарыентуе асаблівых людзей, і яны могуць прапусціць галоўнае, па што звярталіся.

Актуальным пытаннем было “агучыць” банкаматы, каб праз навушнікі інваліды па зроку маглі імі карыстацца без дапамогі іншых людзей.

Абмяркоўваліся таксама праблемы валодання супрацоўнікамі банка навыкамі работы з невідушчымі кліентамі і стварэння безбар’ернага асяроддзя ў будынках. Для гасцей правялі навучанне, як правільна сустрэць і суправадзіць невідушчага кліента, падказалі, што выдатна было б устанавіць на ўваходных дзвярах банкаў кнопкі выкліку кансультанта, як гэта зроблена для інвалідаў па зроку ў многіх буйных гарадах свету. Таксама існуе сусветная практыка выкарыстання ў залах банкаў, іншых значных грамадскіх аб’ектаў накіроўваючых ліній для кіёчка, па якіх невідушчыя людзі могуць самастойна без перашкодаў дайсці да касы. Выдатна, калі каля дзвярэй з унутранага і знешняга боку знаходзяцца тактыльныя рэльефныя дыванчыкі або рашоткі, якія можна намацаць нагой. Гэтыя простыя на першы погляд рэчы вельмі патрэбны для невідушчых і слабавідушчых, бо сігналізуюць, што дзверы побач.

Арганізатары сустрэчы адзначылі, што абмеркаваныя пытанні маюць важнае грамадскае значэнне не толькі ў час месячніка “Чалавек з белым кіёчкам”, але і пры штодзённым аказанні паслугаў інвалідам па зроку. Безбар’ернае асяроддзе дапамагае асаблівым людзям быць больш сацыялізаванымі, самастойнымі, надае ўпэўненасці ў сабе.

Прапановы, якія ў час “Круглых сталоў” былі агучаны ў рэгіёнах, накіроўваюцца для далейшага разгляду ў рэспубліканскую арганізацыю. Гэта дапаможа ў далейшым многія з іх выкарыстаць на практыцы, тым самым зрабіць жыццё невідушчых людзей больш простым і камфортным.

Раённая арганізацыя ГА “БелТІЗ” удзячна адміністрацыі і супрацоўнікам банкаў, што згадзіліся паўдзельнічаць у акцыі і ўзялі пад увагу просьбы асаблівых людзей.

Святлана КРЭЙДЗІЧ,

старшыня раённай арганізацыі ГА “БелТІЗ”



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *