Паміж юнацтвам і дарослым жыццём

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Урачыстыя провады прызыўнікоў на тэрміновую воінскую службу і службу ў рэзерве прайшлі 8 лістапада ў актавай зале Дзятлаўскага цэнтра культуры і народнай творчасці.

Маладыя дзятлаўчане будуць спасцігаць асновы ваеннай справы, прывыкаць да армейскай дысцыпліны ў войсках сілаў спецыяльных аперацый, Міністэрства ўнутраных спраў, мабільных сіл, супрацьпаветранай абароны і іншых. Тут яны не толькі атрымаюць ваенную спецыяльнасць, але даведаюцца, што такое сапраўднае мужчынскае армейскае сяброўства.

У адрас заўтрашніх салдат у іх урачысты дзень гучалі добрыя словы, пажаданні і настаўленні годна служыць.

— Хутка вы ўвальецеся ў воінскія калектывы і са зброяй у руках будзеце выконваць свой канстытуцыйны і грамадзянскі абавязак. Жадаю вам добрай службы, верных сяброў. Бацькам выказваю падзяку за тое, што выхавалі дастойных сыноў, — звярнуўся да прызыўнікоў і іх бацькоў ваенны камісар Генадзь Суравец і ўручыў будучым салдатам павесткі аб прызыве на службу ў радах Узброеных Сіл Рэспублікі Беларусь.

Пажадала добрай службы юнакам першы сакратар раённага камітэта ГА “БРСМ” Кацярына Хілімончык.

Аўтарытэтным для будучых салдат з’яўляецца меркаванне менавіта тых, хто аддаў свае гады вайсковай справе і не па чутках ведае, што значыць быць адказным за бяспеку дзяржавы.  Падбадзёрыў прызыўнікоў старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі “Беларускі саюз афіцэраў” падпалкоўнік запасу Аляксандр Камароў:

— Не трэба баяцца невядомасці і пераменаў. У вайсковай часці вы набудзеце пэўны жыццёвы вопыт, у вас з’явяцца новыя сябры. З некаторымі з іх вы пранесяце сяброўства ўсё жыццё. Авалодвайце вайсковай спецыяльнасцю так, каб ад вашых камандзіраў прыходзілі станоўчыя водгукі і падзякі.

Вядучая ўрачыстасці Наталля Маліноўская адзначыла, што больш за ўсіх чакаць дадому салдат будуць іх бацькі, якія хвалююцца за сыноў і адначасова імі ганарацца.

Ад імя бацькоў слова ўзяў Іван Каско, які падкрэсліў, што нашу Радзіму абараняюць мужныя, моцныя людзі. Ён пажадаў заўтрашнім салдатам лёгкай і цікавай службы, а таксама імкнуцца заслугоўваць як мага больш звальненняў.

У адказ ад усіх прызыўнікоў Арцём Семянік паабяцаў годна выконваць воінскі абавязак, каб землякам было не сорамна за сваіх абаронцаў.

На працягу мерапрымства для віноўнікаў свята выступалі артысты Дзятлаўшчыны.

Юлія БАКУНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *