Мы – каманда: працоўны семестр-2018 на Дзятлаўшчыне

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

23 лістапада ў Дзятлаўскім раённым цэнтры культуры і народнай творчасці прайшоў першы раённы злёт студэнцкіх сельскагаспадарчых атрадаў, прымеркаваны да 55-годдзя студатрадаўскага руху ў Беларусі.

Мерапрыемства падобнага фармату ўпершыню праводзіцца на Дзятлаўшчыне, як і заснаваны сёлета раённы конкурс “Працоўны семестр-2018” на лепшы студэнцкі атрад і лепшую арганізацыю, якая прымае студатрадаўцаў. Тым не менш, новаўвядзенні абяцаюць перарасці ў моладзевую традыцыю.

Арганізатары сустрэчы пастараліся зрабіць яе багатай на карысную інфармацыю, уражанні і новыя знаёмствы. Для навучэнцаў старэйшых класаў установаў адукацыі нашага раёна, іх педагогаў, удзельнікаў студатрадаўскага руху, спецыялістаў сельскагаспадарчых арганізацый у фае Цэнтра культуры ладзілася выстава, экспанатамі якой сталі не толькі творчыя работы дзяцей і моладзі Дзятлаўшчыны, але і абагулены метадычны вопыт па карыснай занятасці

Ва ўрачыстую атмасферу ўдзельнікаў злёту пагрузіў відэаролік аб студэнцкіх атрадах Беларусі, які чарговы раз нагадаў, што працоўнае лета моладзі можа быць па-сапраўднаму яркім.

Прысутныя апладысментамі павіталі ўдзельнікаў студэнцкіх сельскагаспадарчых атрадаў, якія працавалі на Дзятлаўшчыне, і камунальныя сельскагаспадарчыя ўнітарныя прадпрыемствы, якія сёлета прадастаўлялі ім “фронт работ”.

– Працоўны семестр 2018 года супаў са знакавымі падзеямі ў нашай краіне – 100-годдзем камсамолу і 55-годдзем заснавання студатрадаўскага руху Беларусі, – зазначыў у сваім выступленні намеснік старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта Ігар Кухарэвіч. – Літаральна нядаўна ў нашым раёне ўшанавалі працаўнікоў сельскай гаспадаркі і перапрацоўчай галіны. Цяпер словы падзякі адрасуюцца студатрадаўцам, якія працавалі летам і аказалі пасільны ўнёсак у дасягненні сельскай гаспадаркі раёна. Вы на сабе адчулі, якая нялёгкая сельская праца. Тым не менш, па вашых водгуках, вы з задавальненнем наведвалі студэнцкія атрады. Сёлета звыш 200 чалавек з 12 студатрадаў шчыравалі на палетках Дзятлаўшчыны. Ад імя раённага выканаўчага камітэта выказваю вам падзяку за работу на карысць малой радзімы. Жадаю і надалей бадзёрасці, аптымізму, ажыццяўлення мэтаў і задумак, няхай з вамі па жыцці будзе лозунг: “Дзе нарадзіўся – там спатрэбіўся”.

Наступным на раённую сцэну падняўся камісар студэнцкага сельгасатрада КСУП “Вензавец” Данііл Каско.

– Мне 17 гадоў, я навучэнец 11 класа сярэдняй школы №1 горада Дзятлава. Летам быў камісарам сельскагаспадарчага студэнцкага атрада, які працаваў у КСУП “Вензавец”. У нашым атрадзе былі 12 чалавек з Дзятлава. Працоўны дзень пачынаўся ў 9 раніцы. Нам даверылі ўчастак работы: відавая праполка і ўборка тэрыторыі ад камянёў. Было нялёгка, але мы сталі камандай. Для нас арганізавалі шэраг экскурсій і сустрэчу з кіраўніком гаспадаркі. Прыемна было набыць новы вопыт, знайсці сяброў і, вядома, атрымаць грашовую кампенсацыю. У наступным годзе з задавальненнем пойдзем працаваць.

Вопытам работы са студэнцкімі атрадамі, якія не першы год працуюць на базе гаспадаркі, падзялілася намеснік дырэктара па ідэалагічнай рабоце КСУП “Войневічы” Вольга Лахач.

Прыемным момантам сустрэчы стала ўшанаванне пераможцаў працоўнага семестра 2018 года на Дзятлаўшчыне.

Ірына СТЫРНІК



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *