Людзям і хлебу не хапіла вады

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

15 лістапада ў раёне прайшоў Адзіны дзень інфармавання насельніцтва.

Яго тэмы: “Беларускі каравай-2018: уборка ўраджаю і работа аграпрамысловага комплексу Рэспублікі Беларусь”, “Аб адказнасці бацькоў за выхаванне дзяцей, забеспячэнне іх бяспекі”, “ВІЧ-статус: ведаць, каб жыць”.

Абласная інфармацыйная група пабыла ў аграгарадках Хвінявічы і Вензавец, сустрэлася з іх жыхарамі.

– Ад сітуацыі ў аграпрамысловым комплексе ў многім залежаць дабрабыт і сацыяльна-палітычная стабільнасць у краіне. Сёлетні год быў не самы спрыяльны для аграрыяў Беларусі, тым не менш харчовая бяспека забяспечана, – адзначыла начальнік аддзела эканомікі ўпраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Дзятлаўскага райвыканкама Марыя Ціхан. – У нашай краіне на сельскіх тэрыторыях жыве 22%  насельніцтва, Дзятлаўскі раён таксама аграрны. На яго тэрыторыі працуюць 9 сельскагаспадарчых прадпрыемстваў і 12 фермерскіх гаспадарак, у якіх заняты больш за 2200 чалавек. На 1 кастрычніка 2018 года колькасць буйной рагатай жывёлы складала 33 тысячы галоў, свіней – 16 тысяч галоў. У сельскагаспадарчых арганізацыях раёна ёсць 369 трактароў, 82 зернеўборачныя камбайны, 34 – кармаўборачныя, 202 грузавыя аўтамабілі, машынна-трактарны парк пастаянна абнаўляецца. Прадоўжана рэканструкцыя малочнатаварнай фермы “Ёцавічы” КСУП “Войневічы”, за кошт уласных сродкаў сельгаспрадпрыемстваў раёна ўведзены ў эксплуатацыю дзве сіласна-сянажныя траншэі і 8 сховішчаў для травяністых кармоў.

На жаль, спёка, якая стаяла на працягу чэрвеня-ліпеня, паўплывала на рост і наліў зерня (пашкоджаны 3258 гектараў), умовы надвор’я не спрыялі і росту льну. Валавы збор зерня склаў 28,7 тысяч тон, сярэдняя ўраджайнасць – 21,7 цэнтнера з гектара. Ураджаем парадавала бульба, атрыманы рэкордны ўраджай яблыкаў. Скончылася ўборка кукурузы на зерне, намалочана каля 6 тысяч тон.

У жывёлагадоўчай галіне за 10 месяцаў атрымана 40 тысяч тон малака, з якіх 35 тысяч тон рэалізавана на ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод”. У цэлым гатункам “экстра” было рэалізавана 40,2% малака, вышэйшым гатункам – 41,9%.

Аб тым, што непаўналетнія дзеці не павінны знаходзіцца на вуліцы без суправаджэння дарослых з 23 да 6 гадзін, чарговы раз нагадала галоўны спецыяліст аддзела адукацыі Дзятлаўскага райвыканкама Алена Чайкоўская. Таксама яна патлумачыла патрабаванні Дэкрэта №18, спынілася на прычынах дзіцячага траўматызму, расказала, якія сем’і трапляюць у катэгорыю сацыяльна ненадзейных і якую работу вядуць спецыялісты службаў прафілактыкі нашага раёна.

Пра неабходнасць ведаць свой ВІЧ-статус вяла гаворку доктар-валеолаг Дзятлаўскага райЦГЭ Наталля Юрэня. Наталля Іванаўна расказала, што медыкі абавязкова вызначаюць яго ў асобных катэгорый грамадзян: цяжарных жанчын і татаў будучых дзяцей, мігрантаў, якія прыехалі на тэрыторыю нашай рэспублікі, людзей, якія часта хварэюць.

Удзельнікі інфармацыйна-прапагандысцкай групы прапанавалі прысутным задаваць хвалюючыя пытанні. Актыўна ўключыліся ў размову жыхары Хвінявічаў. Яны цікавіліся, калі будзе падсыпана вуліца Юбілейная, чаму “вісне” тэлебачанне “Зала” і Інтэрнэт, наракалі на якасць пітной вады з-пад крана, гаспадары прыватных дамоў паскардзіліся, што з-за сухога лета ў іх калодзежах прапала вада. Усе агучаныя пытанні ўзяты на кантроль.

Ірына СТЫРНІК  



Теги:

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *