Як пацвердзіць занятасць і куды звяртацца?

Галоўнае Свежыя навіны Эканоміка і сельская гаспадарка

Прайшло чарговае пасяджэнне камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва раёна.

І паколькі грамадзяне ўжо звяртаюцца ў камісію па пытаннях выключэння іх з базы незанятых у эканоміцы, прадастаўляючы неабходныя дакументы, гэта сустрэча была прысвечана іх разгляду і прыняццю рашэнняў.

Члены камісіі станоўча вырашылі тры звароты, а канкрэтна: аб выключэнні з базы незанятых у эканоміцы двух жыхароў раёна, якія працуюць за мяжой, і аднаго жыхара раёна, які атрымлівае адукацыю ў замежнай навучальнай установе на дзённай форме навучання.

Дарэчы, ужо цяпер жадаючыя грамадзяне могуць высветліць, ці занесена іх прозвішча ў базу незанятых у эканоміцы. Як гэта зрабіць, патлумачыў старшыня камісіі па каардынацыі работы па садзейнічанні занятасці насельніцтва раёна Аляксандр Бараноўскі:

– Паколькі такая інфармацыя канфідэнцыйная, атрымаць яе можна толькі пры прад’яўленні пашпарта. З галоўным дакументам можна звярнуцца па адрасе: г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56, каб №8. Таксама высветліць гэта пытанне можна ў Дзятлаўскім раённым выканаўчым камітэце, звяртайцеся ў кабінет №221.Тэлефоны для даведак: 2-63-82, 2-25-10.

Аляксандр Станіслававіч, ці будуць лічыцца занятымі тыя, хто працуе або вучыцца за мяжой?

– Так, і афіцыйна працаўладкаваныя ў іншай дзяржаве, і студэнты дзённай формы навучання лічацца занятымі. Каб пацвердзіць гэта, трэба прадаставіць у камісію адпаведныя дакументы. Грамадзяне, якія працуюць за мяжой, павінны прадаставіць дагавор ці кантракт з замежным наймальнікам, іншыя дакументы, якія пацвярджаюць факт занятасці. Дакументы павінны быць з афіцыйным перакладам на рускую ці беларускую мову, засведчаныя апастылем (для краін, якія падпісалі Гаагскую канвенцыю) або консульскай легалізацыяй.

Менавіта так павінны быць пераведзены і засведчаны дакументы грамадзян, якія навучаюцца за мяжой. Толькі ім трэба прадаставіць у камісію даведку з установы адукацыі, дагавор на аказанне адукацыйных паслугаў, іншыя дакументы, якія пацвярджаюць факт навучання.

Гэта найбольш распаўсюджаныя выпадкі. Каго яшчэ камісія можа прызнаць занятым? Якія дакументы для гэтага патрэбны?

– На працягу аднаго квартала занятымі будуць лічыцца грамадзяне, з якімі спынены працоўныя адносіны. Яны павінны прынесці ў камісію працоўную кніжку або яе копію, даведку ад наймальніка, іншыя пацвярджальныя дакументы.

На працягу шасці месяцаў статус занятых будуць мець грамадзяне, з якімі спынены працоўныя адносіны з-за скасавання працоўнага дагавора ці кантракта пры скарачэнні колькасці або штату работнікаў, неадпаведнасці работніка пасадзе або выконваемай рабоце з-за стану здароўя, што перашкаджае выконваць такую работу, пры заканчэнні тэрміну дзеяння кантракта. У гэтым выпадку спатрэбяцца працоўная кніжка ці яе копія, даведка ад наймальніка, іншыя пацвярджальныя дакументы.

Шэсць месяцаў на працаўладкаванне ёсць і ў грамадзян, якія з’яўляліся ваеннаслужачымі, супрацоўнікамі (работнікамі) ваенізаванай арганізацыі, мелі спецыяльныя званні, былі рэзервістамі ў час праходжання заняткаў і вучэбных збораў, ваеннаабавязанымі ў час праходжання ваенных або спецыяльных збораў. Яны павінны прад’явіць ваенны білет, даведку з месца праходжання службы з указаннем перыяду, іншыя пацвярджальныя дакументы.

Кожны квартал давядзецца пацвярджаць адсутнасць магчымасці працаўладкавацца жонкам (мужам) ваеннаслужачых, якія праходзяць ваенную службу па кантракце, ваенную службу афiцэраў па прызыве, або маладых спецыялістаў, які прыступілі да работы па размеркаванні (пераразмеркаванні) або накіраванні (наступным накіраванні) на работу, на працягу іх сумеснага пражывання ў мясцовасцях, дзе адсутнічала ці адсутнічае магчымасць працаўладкавання ў час пералічаных формаў занятасці другой палавіны. Прадастаўляць трэба пасведчанне аб шлюбе, дакументы, якія пацвярджаюць праходжанне мужам (жонкай) ваеннай службы па кантракце, ваеннай службы афiцэраў па прызыве, статус маладога спецыяліста, які прыступіў да работы па размеркаванні (пераразмеркаванні) або накіраванні (наступным накіраванні) на работу, даведку з установы адукацыі аб размеркаванні, накіраванні на работу, а вось інфармацыя адпаведнага тэрытарыяльнага органа па працы, занятасцi i сацыяльнай абароне запытваецца камісіяй.

Занятымі ў эканоміцы на перыяд медыцынскага нагляду пры цяжарнасці і родах будуць лічыцца жанчыны, якія знаходзіліся пад медыцынскім наглядам арганізацый аховы здароўя, арганізацый, якія разам з асноўнай дзейнасцю ажыццяўляюць медыцынскую дзейнасць, індывідуальных прадпрымальнікаў, якія ажыццяўляюць ва ўстаноўленым заканадаўствам парадку медыцынскую дзейнасць. Ім давядзецца падаць у камісію дакументы зацверджанага ўзору ад пералічаных вышэй арганізацый аховы здароўя.

На працягу шасці месяцаў будзе магчымасць працаўладкавацца і не лічыцца не занятым у эканоміцы ў грамадзян, якія скончылі праходжанне альтэрнатыўнай службы, калі яны прадаставяць у камісію даведку аб перыядзе работы, службы.

Да канца каляндарнага года, у якім былі спынены адукацыйныя адносіны, занятымі будуць лічыцца грамадзяне, якія атрымалі адукацыю на дзённай форме навучання, а таксама адукацыю на даму, за выключэннем дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі і дадатковай адукацыі дарослых пры засваенні адукацыйнай праграмы навучальных курсаў (лекторыяў, тэматычных семінараў, практыкумаў, трэнінгаў, афіцэрскіх курсаў, іншых відаў навучальных курсаў) і адукацыйнай праграмы ўдасканалення магчымасцяў і здольнасцяў асобы, пры прадастаўленні ў камісію дакумента, які пацвярджае атрыманне адукацыі на дзённай форме навучання.

Такі ж тэрмін для працаўладкавання прадастаўляецца выпускнікам духоўных навучальных установаў, а ў камісію ім трэба падаць дакумент аб атрыманні ў бягучым годзе адукацыі ў духоўнай навучальнай установе.

Дарэчы, ва усіх названых выпадках неабходныя дакументы можна накіраваць для разгляду ў камісію поштай (231471, г. Дзятлава, вул. Кастрычніцкая, 56, каб. №8) або на электронны адрас dyt-05@yandex.by.

Грамадзянін, які не можа пацвердзіць сваю занятасць у эканоміцы, але знаходзіцца ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, можа аформіць заяву вызначанай формы з хадайніцтвам аб вызваленні яго ад аплаты паслугаў з поўным пакрыццём эканамічна абгрунтаваных затрат на іх аказанне ў сувязі са знаходжаннем у цяжкай жыццёвай сітуацыі. Бланк заявы можна знайсці на сайце Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта або запытаць у сакратара камісіі. На сайце райвыканкама таксама можна азнаёміцца з алгарытмам дзеянняў для грамадзян, якія трапілі ў базу незанятых у эканоміцы, там жа знаходзяцца адрасы і тэлефоны службаў садзейнічання.

Ірына СТЫРНІК

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *