85 гадоў з дня нараджэння Вячаслава Адамчыка. Пісьменніцкая і чалавечая глыбіня

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

У Круцілавіцкім дзіцячым садзе-сярэдняй школе  3 лістапада прайшоў дзень памяці класіка беларускай літаратуры Вячаслава Адамчыка.

У вёсцы Варакомшчына Дзятлаўскага раёна ён нарадзіўся 85 гадоў таму, і на працягу жыццёвага шляху не забываў  пра сваю малую радзіму. Землякі, сябры і нават проста прыхільнікі творчасці пісьменніка сабраліся ў невялікай актавай зале, каб ушанаваць памяць чалавека, які валодаў непаўторным стылем і пакінуў на ніве беларускай літаратуры сваё зярнятка.

Ветліва сустрэў прысутных дырэктар Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы Сяргей Гузоўскі і растлумачыў гасцям праграму мерапрыемства..

Пачалі святочны канцэрт школьнікі, якія не проста вывучаюць па адукацыйнай праграме творчасць Вячаслава Адамчыка, але і ведаюць пра яго жыццё значна больш, чым пішуць у падручніках: у Круцілавіцкім школьным музеі створана экспазіцыя «Жыццёвы і творчы шлях Вячаслава Адамчыка».

Урыўкі апавяданняў і вершаў нашага знакамітага земляка гучалі не толькі ад дзяцей. Работнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі правялі экскурсію па старонках твораў Вячаслава Уладзіміравіча.

Павітала прысутных старшыня Данілавіцкага сельскага выканаўчага камітэта Ганна Жых. Яна адзначыла, што да гэтага свята арганізатары і ўдзельнікі рыхтаваліся доўга і старанна. Вячаславу Адамчыку 1 лістапада споўнілася б 85 гадоў, але яго імя жыве і будзе жыць стагоддзямі.

Пашчасціла быць знаёмай з Вячаславам Адамчыкам навуковаму супрацоўніку Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея Алене Абрамчык. Яна падзялілася сваімі ўспамінамі аб першай сустрэчы з пісьменнікам:

— Тады ён працаваў рэдактарам часопіса «Бярозка». Наша сустрэча была вельмі цёплай, шчырай, пісьменнік дзяліўся сваім жыццём. Пасля размовы ён вывеў мяне на вуліцу. Мы доўга стаялі каля рэдакцыі, а потым ён сказаў: «Перадайце прывітанне маёй роднай зямлі». Гэтыя словы запалі мне ў душу і  яшчэ не раз успаміналіся. 

Алена Рыгораўна расказала, што вывучала творчасць класіка беларускай літаратуры вельмі глыбока, і яго пісьменніцкія радкі сапраўды таленавітыя, а потым падмацавала свае ўражанні ад знаёмства з майстрам слова вершам Віктара Шніпа «Балада Вячаслава Адамчыка». Менавіта там, на яе погляд, хаваецца ўся глыбіня натуры, духу Вячаслава Адамчыка.

Таксама ведаў Вячаслава Адамчыка пісьменнік, даследчык літаратуры Аляксей Пяткевіч. З нашым земляком ён быў знаёмы са студэнцкай пары, але потым жыццё раскідала іх па розных гарадах. Сустрэчы пісьменнікаў былі рэдкія, але, па словах Аляксея Пяткевіча, заўсёды душэўныя.

Добра знаёмы быў з пісьменнікам Дзятлаўшчыны паэт, гісторык і журналіст Сяргей Чыгрын. Разам з Вячаславам Адамчыкам ён часта ездзіў у літаратурныя вандроўкі, таму ў памяці захавалася шмат цікавых момантаў.

— Гэта вельмі таленавіты празаік, а яго раман «Чужая бацькаўшчына», дзе ўзгадваецца наша Заходняя Беларусь, заслугоўвае самых лепшых узнагародаў, — падкрэсліў Сяргей Чыгрын.

Краязнаўца Валерый Петрыкевіч, сын заснавальніка Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея, заслужанага настаўніка Беларусі, краязнаўцы Міхася Петрыкевіча, таксама ўзгадаў сустрэчу с Вячаславам Адамчыкам. Валерый Петрыкевіч бачыўся з пісьменнікам аднойчы, але тая сустрэча не забудзецца ніколі.

— Вячаслава Адамчыка я ўпершыню сустрэла ў 1965 годзе, калі вучылася ў 10 класе. У Гродна была нарада маладых пісьменнікаў і паэтаў, куды запрасілі і мяне. Там было шмат волатаў беларускай літаратуры, мне запомніўся малады і прыгожы Адамчык. Потым, калі я прыехала працаваць у Дзятлава, убачыла на аўтобусным прыпынку Вячаслава Уладзіміравіча. Сумнявалася, падысці да яго ці не, але падышла і сказала, што яго ведаю. Так мы пазнаёміліся, а потым сустракаліся яшчэ не раз, — падзялілася ўспамінамі пісьменніца Леанарда Юргілевіч.

Яна дагэтуль трымае ў памяці той шчаслівы момант, калі Вячаслаў Адамчык на адным з мерапрыемстваў запрасіў яе на танец. А творы калегі яна параўноўвае з глытком вады ў спёку, словы — з прыгожай музыкай.

Пісьменнік Валянцін Дубатоўка лічыць, што Вячаслаў Адамчык мала даследаваны літаратар. І гэтае меркаванне падтрымалі многія ў зале. Класік беларускай літаратуры ў сваіх творах праявіў сябе і як філосаф, і як псіхолаг, яго літаратурную спадчыну трэба вывучаць больш дакладна, каб сапраўды пранікнуцца ўсім сказаным у творах.

На свяце намесніку генеральнага дырэктара таварыства «Белрэстаўрацыя» Аляксандру Клімашонку і галоўнаму інжынеру ААТ «Граніт-Агра» Андрэю Падліпскаму ўручылі дыпломы за значны ўклад у развіццё краязнаўства з прысваеннем звання «Ганаровы краязнаўца Круцілавіцкага дзіцячага сада-сярэдняй школы».

Прыгожыя беларускія песні гучалі ад юных талентаў Дзятлаўшчыны.

Таксама для гасцей свята выступілі заўсёды маладыя ўдзельніцы гурта «Суседачкі» Данілавіцкага дома культуры.

Юлія БАКУНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *