Жыць работай і дыхаць творчасцю

Важнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Работнік культуры – гэта сапраўднае прызванне, цяжкае, але захапляльнае, творчае і ўсепаглынальнае.

Сваёй творчасцю і любоўю да прафесіі гэтыя людзі запальваюць сэрцы, дораць радасць і добры настрой, ствараюць свята, адчыняючы дзверы ў свет цудоўнага. А іх любоў да гледача рэхам адгукаецца ў сэрцах слухачоў.

А што значыць быць работнікам культуры? На гэтае пытанне адказалі творчыя, крэатыўныя, вясёлыя работнікі культуры Дзятлаўскага раёна.

Ганна Харлінская:

– Для мяне работа ў сферы культуры асацыіруецца з чатырма рэчамі: кісларод, жыццё, энергія, любоў. Як без кіслароду чалавек не можа жыць, так і я не магу жыць без сваёй работы. Я жыву, калі спяваю. Энергію даюць людзі, якія прыходзяць на канцэрт, асабліва людзі ва ўзросце. Калі бачыш, што ім падабаецца, ты і сам проста насычаешся іх энергіяй, бо робіш ім прыемнае, дорыш радасць. Калі бачыш, як па-добраму табе ўсміхаюцца, апладзіруюць, ты нясеш любоў гэтым людзям, ты любіш іх, чакаеш на сваіх канцэртах. Ты жывеш гэтым.

Быць работнікам культуры – гэта значыць паспяхова займацца любімай і зразумелай для сябе справай. Жыць работай, дыхаць творчасцю, адпачываць задумкамі. Гэта значыць быць у цэнтры самых цікавых, захапляльных спраў і яскравых падзей.

Таццяна Дудкіна:

– Я сябе не ўяўляю ў іншай сферы, акрамя культуры. Мне неабходна, каб былі зносіны з людзьмі, не магу быць у закрытым памяшканні, сядзець адна, кабінетная работа – гэта не для мяне. Вельмі люблю спяваць, танцаваць. З дзяцінства гэтым займалася, у школе выступала на ўсіх мерапрыемствах, і іншага для сябе проста не бачыла.

Я лічу, што работнікам культуры неабходна не толькі людзям дарыць задавальненне, але і сабе. Калі ты не атрымліваеш асалоды ад гэтай работы, то і людзям не дасі гэтага задавальнення.

Быць работнікам культуры – значыць старацца заўсёды знаходзіць нешта новае, незвычайнае, каб дарыць людзям шмат станоўчых эмоцый, уражанняў, здзіўляць і радавать.

Таццяна Янушкевіч:

– Быць работнікам культуры – гэта, канешне, дарыць добры настрой, каб людзі ішлі на свае рабочыя месцы, заўжды ўзяўшы ад нас станоўчыя эмоцыі. Для гэтага мы і праводзім свае мерапрыемствы. Хочам бачыць вынік сваёй працы праз нашых наведвальнікаў, таму што калі на мерапрыемства прыходзіць шмат людзей, ты насычаешся іх энергіяй, а яны – ад цябе. І не дзіўна, калі пасля канцэрта ў душы адчуваеш падняцце настрою, як бы ні стаміўся.

Работа ў сферы культуры – гэта своеасаблівая работа, і тут не кожны чалавек зможа працаваць. Яна складаная ў тым плане, што ты крыху не дадаеш увагі сваёй сям’і, бо і ў святочныя дні заўжды працуеш. Але як бы цяжка ні было, мы ўсё роўна давольныя вынікам сваёй працы. Калі людзі выходзяць з канцэрта і гавораць табе “дзякуй”, калі ў іх добры настрой – ты “лятаеш”.

Сваім калегам хочацца пажадаць, каб у іх заўжды быў добры настрой, нягледзячы ні на што, аптымізму, бадзёрасці, здароўя, міру і спакою ў сем’ях.

Марына Варган:

– У культуры працуюць самаадданыя людзі, якія жывуць сваёй работай. Я, можна сказаць, у культуры была з дзяцінства, выступала на розных мерапрыемствах, таму пытання з выбарам прафесіі ніколі не паўставала. Я проста не ўяўляю сябе ў іншай галіне. Прыемна бачыць, калі людзям падабаецца тое, што мы робім, калі дзякуюць табе. Мне здаецца – самая вышэйшая ўзнагарода, калі людзі апладзіруюць стоячы.

Быць работнікам культуры – гэта значыць захапляць і весці за сабой усіх да намечанай мэты, нягледзячы на стомленасць або хатнія клопаты. Быць калегай самых актыўных і пазітыўных людзей, якія ведаюць і ўмеюць зрабіць жыццё простага чалавека разнастайным і незабыўным.

Калегам напярэдадні свята хачу пажадаць цярпення, сілы духу, творчых поспехаў, дасягненняў, разумення ў сем’ях.

Святлана ГРЫШЫНА
Фота Вольгі ЮШКЕВІЧ



2 комментария по теме “Жыць работай і дыхаць творчасцю

  1. Спасибо вам, что делаете наши праздники интересными

    Рейтинг комментария:Vote +1+1Vote -10

Добавить комментарий для Анна Отменить ответ

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *