Выбраў сувораўскае – танцуй вальс

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Кожны хлопчык рана ці позна становіцца мужчынам, але некаторыя сталеюць раней за сваіх аднагодкаў і маральна настроены развіваць свае моцныя якасці ў сувораўскім вучылішчы. Пра тое, як мяняецца жыццё сувораўца і аб службе ў Мінскім сувораўскім ваенным вучылішчы, расказаў ваенны камісар ваеннага камісарыята Дзятлаўскага раёна Генадзь Суравец.

– З якога ўзросту можна стаць сувораўцам і ці праўда, што пасля паступлення ў сувораўскае вучылішча пра «свабоднае» жыццё можна забыцца?

– У Мінскае сувораўскае ваеннае вучылішча паступаюць 12-13-гадовыя падлеткі. Тэрмін навучання тут 5 гадоў. Усе сувораўцы знаходзяцца на поўным дзяржаўным забеспячэнні, якое ўключае ў сябе 4-разавае харчаванне, забеспячэнне штодзённай і параднай формай адзення (зімовай і летняй), абуткам, кожны месяц сувораўцам выплачваецца стыпендыя. Акрамя таго, сувораўцы – пастаянныя ўдзельнікі ўсіх урачыстых мерапрыемстваў у сталіцы, яны бясплатна наведваюць найбуйнейшыя выставы горада, тэатры, музеі, мемарыяльныя комплексы, гістарычныя месцы, буйныя прамысловыя прадпрыемствы. Для іх арганізоўваюцца сустрэчы з ветэранамі, дзеючымі афіцэрамі розных сілавых структур, вядомымі людзьмі ў розных галінах, паездкі і наведванне найбольш цікавых мясцінаў нашай краіны.

У вучылішчы шырока развіта сацыякультурная дзейнасць: конкурсы мастацкай самадзейнасці, балі, дыскатэкі, працуе літаратурная студыя, праводзіцца шмат розных мерапрыемстваў. Дарэчы, сёлета 6 лістапада Мінскаму сувораўскаму ваеннаму вучылішчу споўніцца 65 гадоў, таму, магчыма, з гэтай нагоды адбудуцца цікавыя мерапрыемствы.

Дзякуючы супрацоўніцтву паміж вучылішчам і Беларускай праваслаўнай царквой, наладжана сістэма работы па духоўна-маральным выхаванні сувораўцаў. У вучылішчы 12 гадоў дзейнічае праваслаўны воінскі храм у гонар Святога Апостала і Евангеліста Іаана Багаслова. Штогод урачыстае набажэнства ў сценах храма праводзіць Кіраўнік Беларускай Праваслаўнай Царквы.

– А як жа строгі распарадак дня?

– Ні для каго не сакрэт, што ў вучылішчы існуе статутны парадак, ёсць свае правілы, якія неабходна выконваць. Тут няма такіх паняццяў, як «не хачу», «не буду». Тут дзейнічае прынцып «я павінен». Калі ў войсках салдаты ўстаюць у 6 гадзін раніцы, то ў вучылішчы каманда «Рота, пад’ём!» гучыць у 7 гадзін. Сувораўцы на працягу адной хвіліны ўстаюць, адзяваюць спартыўную форму, строяцца і выбягаюць на зарадку. Затым – сняданак і заняткі.

Асаблівасць навучання ў вучылішчы – абавязковае вывучэнне на павышаным узроўні фізікі, матэматыкі, замежных моваў. Хлопцы вывучаюць не толькі агульнаадукацыйныя прадметы, але і многія ваенныя дысцыпліны: агнявую, тактычную і страявую падрыхтоўку. Аднак любімыя прадметы ў выхаванцаў – этыка і эстэтыка.

У вольны час кожны суворавец абавязкова наведвае бальныя танцы. У вучылішчы працуе прафесійны харэограф, і ў рамках праграмы эстэтычнага выхавання сувораўцы супрацоўнічаюць з рознымі дзіцячымі харэаграфічнымі калектывамі. Штогод праходзіць навагодні сувораўска-кадэцкі баль з мазуркай, венскімі вальсамі.

Потым – абед, факультатыўныя і дадатковыя заняткі, мерапрыемствы сацыякультурнай дзейнасці. Увечары ў ротах адбываюцца самападрыхтоўка, прагляд навін, вячэрняя праверка, прагулка і адбой у 22 гадзіны.

– Як стымулююць сувораўцаў да эфектыўнага выканання ўсіх задач?

– Лепшае заахвочванне для сувораўца – гэта звальненне, выхад у горад ці паездка дадому. Калі суворавец добра паспявае і ў вучобе, і ў дысцыпліне – звальненне забяспечана.

– Суворавец павінен быць фізічна моцным. Раскажыце аб спартыўнай дзейнасці ў вучылішчы.

– Важна пастаянна прыцягваць хлопцаў да здаровага ладу жыцця, актыўных заняткаў спортам. За апошняе пяцігоддзе сувораўцы неаднаразова падымаліся на вышэйшыя месцы пастаментаў на Рэспубліканскай спартакіядзе сярод навучэнцаў кадэцкіх вучылішчаў, спецыялізаваных ліцэяў, Мінскага сувораўскага ваеннага вучылішча, спартакіядах горада Мінска. У вучылішчы стала добрай традыцыяй правядзенне спартыўных святаў і розных спаборніцтваў па відах спорту паміж падраздзяленнямі.

Падрыхтавала Юлія БАКУНОВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *