Ветэраны з перадавой сельскагаспадарчай галіны

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

У свята мудрых людзей восень расшчодрылася і падарыла яшчэ адзін сонечны дзянёк.

Такой жа светлай і цёплай была атмасфера сустрэчаў для ветэранаў працы, якія праходзілі ў гэты дзень на Дзятлаўшчыне. Адбылося і традыцыйнае ўшанаванне былых кіраўнікоў прадпрыемстваў аграпрамысловага комплексу раёна, якія цяпер знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Трэці год запар святочную сустрэчу для іх ладзяць раённы выканаўчы камітэт і райкам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу.

У канферэнцзале шаноўных гасцей віталі старшыня райвыканкама Аляксандр Дубовік, яго намеснік, начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Міхаіл Бабіна, старшыня райкама галіновага прафсаюза Уладзімір Казак. Пасля прывітання і кароткай фотасесіі прысутных паклікалі ў аўтобус, бо пляцоўкай для сёлетняй сустрэчы было выбрана КСУП “Жукоўшчына”.

Дырэктар гаспадаркі Іван Свіб прапанаваў гасцям невялікую экскурсію і расказаў аб працоўных дасягненнях сельгаспрадпрыемства:

– У КСУП “Жукоўшчына” 4200 гектараў сельгасугоддзяў, з якіх 2200 гектараў – ворыва. Тут працуюць 29 механізатараў, 15 вадзіцеляў. Гаспадарка займаецца вытворчасцю зерня, бульбы, яблыкаў, агародніны, кармоў і жывёлагадоўляй. Дойны статак складае 990 галоў, усяго буйной рагатай жывёлы 3400 галоў. Цяпер актыўна ідзе ўборка бульбы (ураджайнасць 200-230 цэнтнераў), і цукровых буракоў (ураджайнасць 300-350 цэнтнераў, на лепшых участках – да 500). Нарыхтоўка яблыкаў: на захоўванне ўжо пакладзена каля 400 тон. Шмат увагі надаецца кармам, іх ужо нарыхтавана 16,3 кармавыя адзінкі на ўмоўную галаву, плануецца яшчэ закласці сілас з кукурузы і травы.

Удзельнікі сустрэчы наведалі яблыневы сад. З акна аўтобуса паглядзелі, як растуць маладыя яблынькі, якія пасадзілі сёлета вясной, а восенню тут плануюць дасадзіць яшчэ 5 гектараў. Наведалі два агароднінасховішчы, дзе пакаштавалі яблыкі ўраджаю гэтага года, а таксама ферму ў Зачэпічах.

Затым Іван Свіб запрасіў ветэранаў-кіраўнікоў на святочны канцэрт, які для іх падрыхтавалі работнікі Газгалаўскага дома культуры. У адрас мудрых людзей гучалі шчырыя словы віншаванняў і пажаданняў, ім дзякавалі за гады працы, за дасягненні на карысць Дзятлаўшчыны, за вопыт, якім шчодра дзяліліся з маладым пакаленнем. Не абышлося без забаўляльнай праграмы: госці паўдзельнічалі ў бяспройгрышнай латэрэі і адказалі на пытанні з капелюша-гаваруна.

У сваю чаргу ветэраны працы падзякавалі арганізатарам свята за цёплы прыём. Адзначылі, што з нецярпеннем чакаюць падобных сустрэчаў як магчымасці пабыць у коле людзей, з якімі раней вырашалі працоўныя пытанні. Хвілінай маўчання ўшанавалі памяць работнікаў галіны, якіх ужо няма ў жывых.

На развітанне кожны ветэран працы атрымаў памятныя падарункі.

Ірына КАЎКЕЛЬ

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *