У доме, дзе жывуць любоў і згода

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Дом, як кажуць мудрыя людзі, – гэта не прыгожы будынак, напоўнены мэбляй і бытавой тэхнікай. Дом – гэта пах ежы, знаёмыя галасы, дзіцячы смех, малюнкі на сценах, адным словам – маленькі сусвет, які насяляе сям’я.

І, безумоўна, нават праз дзесяцігоддзі нам абавязкова будзе сніцца бацькоўскі дом, дзе мы зрабілі першыя крокі, сказалі першыя словы, а на яго парозе будзе чакаць мама.

Да дома жыхаркі аграгарадка Вензавец Зоі Лукашэвіч вядзе шмат дарог, і гэта жыццёвыя дарогі яе дзяцей, унукаў, праўнукаў. Зоя Іванаўна – шматдзетная маці, якая выгадавала дзевяць дзяцей. За гэта ў 1981 годзе была адзначана медалём Мацярынства другой ступені, у 1983-ім – медалём Мацярынства першай ступені, у 1986 годзе Зоя Іванаўна атрымала ордэн “Мацярынская слава” другой ступені, а ў 1988-ым – ордэн “Мацярынская слава” першай ступені. Усе ўзнагароды жанчыны вельмі пачэсныя, бо прызначаліся Прэзідыумам Вярхоўнага Савета былога СССР. Аднак найвышэйшай узнагародай для Зоі Іванаўны з’яўляецца тое, што яе дзеці выраслі годнымі людзьмі, любяць сваю матулю і стараюцца як мага часцей гаварыць ёй аб гэтым, пацвярджаюць свае пяшчотныя адносіны добрымі справамі.

Радзімай Зоі Лукашэвіч з’яўляецца дзятлаўская зямля, хаця лёс у свой час вымусіў бацькоў нашай зямлячкі падарожнічаць, нават пабудаваць дом у Латвіі і пражыць там даволі значны адрэзак часу. Менавіта ў гэтай прыбалтыйскай краіне Зоя Іванаўна сустрэлася са сваім будучым мужам Васілём Аляксандравічам, таксама беларусам, але з Лельчыцкага раёна Гомельскай вобласці, які ў Латвіі праходзіў тэрміновую вайсковую службу. Сустрэча адбылася на танцах. Статны прыгожы салдат адразу спадабаўся дзяўчыне, а літаральна праз некалькі тыдняў ён пачаў клікаць Зою замуж. Менш чым праз год маладыя людзі згулялі вяселле.

На той час за плячыма Зоі Іванаўны была сельскагаспадарчая прафесія: у Смаленскай вобласці ў ПТВ імя А. Туманава яна адвучылася на брыгадзіра-садавода, яшчэ некаторы час працавала па спецыяльнасці пад Масквой у саўгасе імя Горкага. Таму, калі маладая сям’я пераехала на пастаяннае жыхарства ў Вензавец, Зоя Іванаўна пайшла ў паляводчую брыгаду. Васіль Аляксандравіч таксама ўладкаваўся ў гаспадарку трактарыстам. Сям’я жыла дружна, адзін за адным нараджаліся дзеці. Спачатку Зоя і Васіль сталі шчаслівымі бацькамі двайнятак Наталлі і Алены і ўжо тады вырашылі, што дзіцячыя галасы ў доме – найлепшая музыка, а таму тут іх павінен гучаць цэлы хор.

Цяпер дзеці выраслі, і Зоя Іванаўна з пяшчотай расказвае аб кожным з іх. Наталля жыве ў Баранавічах, працуе па будаўнічай спецыяльнасці, выгадавала дачку, дапамагае гадаваць двух унукаў. Алена засталася на Дзятлаўшчыне. Яна загадчыца фермы “Падвялікае” і маці траіх дзяцей. Сяргей працуе ў КСУП “Вензавец” на збожжаскладзе. Таня гадуе дваіх дзяцей. Яна работніца ТАА “Ізакам”. У Сашы таксама двое дзетак. Ён жыве ў Раклевічах, працуе камунальнікам. Іра – шматдзетная мама, у яе трое дзяцей. Яна працуе ў школе на харчблоку, а жывуць пакуль у бацькоўскім доме, аднак у хуткім часе збіраюцца набыць уласнае жыллё. Дзіма — трактарыст у Дзятлаўскім ДРБУ. Малодшая Надзея жыве ў Міроўшчыне, а працуе ў “Еўраопце”.

Невылечную рану ў сэрцы маці восем гадоў таму пакінула гібель сына Юрыя. Баліць па ім матчына душа і цяпер. Менавіта каб заглушыць гэты невыносны боль, Зоя Іванаўна ўзялася за рукадзелле, аб якім на доўгія гады забылася за хатнімі клопатамі, пакуль дзеці былі малыя. Праўда, раней жанчына вышывала гладдзю, а на гэты раз асвоіла вышыўку бісерам і работу са шматкамі тканіны. Зоя Лукашэвіч прызнаецца, што ў школе любіла ўрокі чарчэння і малявання, таму і цяпер у яе атрымліваюцца прыгожыя вышываныя карціны. Спачатку майстрыха малюе сюжэт алоўкам, а пасля “расфарбоўвае” яго з дапамогай іголкі і бісеру. Многа твораў шматдзетнай маці, выкананых у розных тэхніках, знаходзяцца цяпер у Вензавецкім доме культуры, некаторыя з іх лаканічна ўпісаліся ва ўтульны інтэр’ер дома. У гасцявым пакоі, напрыклад, знаходзіцца вышытая бісерам карціна “Лебедзі”. Зоя Іванаўна “асіліла” яе ўсяго за тры ночы. Арыгінальнымі атрымліваюцца ў майстрыхі начныя свяцільні, адна з якіх зроблена са звычайнага чыгунка.

Любая работа спорыцца ў працавітых руках шматдзетнай маці, бо, каб выгадаваць дзевяць дзяцей і ёй, і мужу, якога, на жаль, ужо няма ў жывых, даводзілася шмат працаваць. Лукашэвічы трымалі гаспадарку, апрацоўвалі вялікі агарод. Штораніцы на стале была любімая страва сям’і – пышныя аладкі на хатнім малацэ. Дарослыя часта ездзілі ў госці да бабулі і дзядулі ў Латвію, адтуль таксама прывозілі шмат гасцінцаў.

Дзеці раслі бацькам на радасць дружнымі і працавітымі, клапаціліся адзін аб адным. Бацька і маці стараліся прывіць ім павагу да старэйшых, імкненне дапамагаць іншым людзям у цяжкую хвіліну, любоў да працы. Зоя Іванаўна лічыць, што гэта ўдалося. Успамінае, як нядаўна родныя прыязджалі ў госці віншаваць яе з днём нараджэння. Унучка Арына прывезла вялікі букет чырвоных ружаў, дзеці падарылі смартфон. А маленькі ўнук Вова, якога бабуля Зоя пачаставала шакаладкай, адразу ж раздзяліў яе, каб даць усім па кавалачку, а першы ўручыў Зоі Іванаўне.

Зоя Лукашэвіч, хоць і на заслужаным адпачынку, не прывыкла сядзець дома. Яна працуе начным вартаўніком у КСУП “Вензавец” і прыбіральшчыцай у мясцовым магазіне. Пры гэтым паспявае даглядаць агарод, рабіць хатнія нарыхтоўкі і час ад часу выбіраецца ў лес па грыбы. Ціхае паляванне – яшчэ адно з захапленняў шматдзетнай маці. Нездарма летась на дзень яе нараджэння 1 кастрычніка прырода зрабіла Зоі Іванаўне шчодры падарунак: пад ліпай, што стаіць насупраць хаты, выраслі 32 баравікі-прыгажуны. Так нечакана і ярка могуць ажыццяўляцца простыя мары добрых людзей. Сярод яшчэ не спраўджаных жаданняў Зоі Лукашэвіч – з’ездзіць у Ялту, дзе ні разу не была і дзе жыве малодшы брат яе мужа. Пажадаем, каб гэта мара абавязкова збылася.

 

Напярэдадні свята Зоя Іванаўна жадае ўсім жанчынам-маці моцнага здароўя, дапамогі і Пакрова Прасвятой Багародзіцы, радасці ад дзяцей, ладу і гармоніі ў адносінах, нязгаснага цяпла сямейнага ачага.

Ірына КАЎКЕЛЬ



1 комментарий по теме “У доме, дзе жывуць любоў і згода

  1. Большое уважение к таким женщинам. Их по праву можно называть героинями

    Рейтинг комментария:Vote +10Vote -10

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *