Тэрыторыя даверу і талерантнасці

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Школа… Мая школа… Гэтыя словы адгукаюцца светлым пачуццём у душы кожнага… Школа ў нашай памяці – гэта светлыя класы, спісаная крэйдай дошка, страчаны дзесьці дзённік, першая закаханасць, строгія настаўнікі, бацькоўскія натацыі, школьны двор, на якім разгульваюць восеньскія вятры.

У сярэднюю школу №3 горада Дзятлава кожную раніцу спяшаюцца вясёлымі зграйкамі дзеці і настаўнікі. Спяшаюцца, каб адчуць радасць адкрыццяў, спазнаць новае, у зносінах раскрыцца самому і навучыцца сябраваць. Разумныя, энергічныя педагогі, якія прыйшлі працаваць з дзецьмі па прызванні, кожны ўрок, кожны занятак імкнуцца пераўтварыць у займальны пошук. Так працягваецца ўжо 30 гадоў. За гэтыя гады школу ўзначальваў не адзін дырэктар. Наталля Петрыкевіч (былы намеснік дырэктара па вучэбнай рабоце) працавала пры кожным з іх і сёння ўспамінае: “Першым дырэктарам сярэдняй школы №3 горада Дзятлава быў Мікалай Русін. Усе сілы і энергію накіроўваў на заканчэнне будаўніцтва новай школы. Яму даводзілася весці двайную працу: навучальны працэс і будоўлю. Пастаянна быў на аб’екце, бачыў, што зроблена, і ліквідаваў недахопы. Затым школу ўзначаліў Аляксандр Ляўковіч – педагог-эрудыт, які дасканала валодае навучальным прадметам гісторыя, ад душы дэмакрат. Не любіў бюракратычнай цяганіны і засілле справаздач у школе. Надаваў вялікае значэнне алімпіяднаму руху, выяўленню і развіццю адораных вучняў. Станіслаў Фабішэўскі ўмеў з’яднаць педагагічны калектыў. У працы заўсёды быў дакладны і аператыўны. Выдатны гаспадар. У час рамонту ліквідаваў шматлікія недаработкі. Аформіў харэаграфічны, мастацкі, камп’ютарны кабінеты. Стварыў лічбавы банк даных па школе. Алена Жадзейка –дакладна валодае нарматыўнымі дакументамі аб адукацыі. Добрасумленна адносілася да школьнай дакументацыі. Як жанчына-дырэктар бачыла ўсе памылкі ў вучэбна-выхаваўчым працэсе, хутка іх ухіляла. Старанна рыхтавалася да педсаветаў, бацькоўскіх сходаў, канферэнцый. Выдатны педагог-філолаг. Яе жаданнем было стварыць школу з ідэальнай дысцыплінай і маральнасцю”.

Сёння і на працягу 14 гадоў сярэднюю школу №3 горада Дзятлава ўзначальвае Іван Кібінь. Выбар прафесіі настаўніка гісторыі абумовіла жаданне ведаць больш аб сусветных працэсах і тэндэнцыях.

Пачынаў сваю прафесійную кар’еру выхавальнікам у Дзятлаўскай школе-інтэрнаце.

“Шэсць гадоў – гэта быў цудоўны этап у жыцці, дзе працавалі выдатныя педагогі і адміністрацыя, – успамінае Іван Збышкавіч. – А яшчэ больш умацавалася жаданне працаваць педагогам у час работы настаўнікам гісторыі ў сярэдняй школе №2 горада Дзятлава, дзе вучыліся дзеці ў асноўным з бліжэйшых вёсак – працавітыя, добрыя, адкрытыя”. Менавіта ў гэтай школе ўпершыню будучаму дырэктару была прапанавана кіруючая пасада. Як дырэктар школы Іван Збышкавіч прытрымліваецца думкі, што настаўнік не ахвяруе сваім жыццём дзеля дзяцей. Праўдзівы педагог атрымлівае задавальненне ад сваёй працы, бачачы, як расце і раскрываецца дзіця, як прымнажаюцца яго магчымасці і жаданне ісці наперад, як гараць вочы ў прадчуванні захаплення і перамогі. А за гэтым стаіць педагог. Хіба гэта ахвяра? Гэта ж радасць, інакш ён не настаўнік.

Працуючы дырэктарам, турбуючыся аб развіцці ўстановы, ён лічыць, што нельга не ўлічваць вопыт мінулых кіраўнікоў. За доўгія 14 гадоў на пасадзе дырэктара школы Іван Збышкавіч праявіў сябе як граматны кіраўнік, які валодае высокімі сучаснымі кампетэнцыямі, дзелавой кваліфікацыяй, здольны прымаць правільныя рашэнні ў розных сітуацыях.

Яго пазіцыя не толькі як кіраўніка, але і як настаўніка – выхавай у кожным дзіцяці асобу.

Па словах Івана Збышкавіча, сучасны дырэктар – гэта менеджар і абавязкова лідар. Гэта стратэг, які бачыць перспектыву сваёй установы зыходзячы з наяўных сацыяльных умоваў і рэсурсаў. Для кіраўніка персанал – гэта падначаленыя, а для лідара-менеджара – гэта калега. “Мне шанцуе на людзей, якія мяне акружаюць, на педагогаў, якім можна давяраць, бачыць іх жаданне працаваць, прафесійна расці. Гэта калектыў, які ўмее падтрымліваць і накіроўваць, адстойваць сябе і рэзультатыўна працаваць разам, – гаворыць Іван Збышкавіч. – Вялікі калектыў патрабуе сваіх асаблівых метадаў кіравання. Сярэдняя школа №3 горада Дзятлава – установа даверных і абавязковых адносінаў, гэта адказнасць, высокай ступені калектывізм, падтрымка і дапамога”.

“Заўтра мы будзем жыць так, як мы сёння выхаваем сваіх вучняў. Школа будучыні, – разважае дырэктар, – гэта школа, якая зможа забяспечыць запатрабаванні навучэнцаў, бацькоў, грамадства і дзяржавы. Гэта тычыцца не толькі забеспячэння школы новым сучасным абсталяваннем, але і забеспячэнне таленавітымі, разумнымі, прафесійнымі спецыялістамі. Бо менавіта яны развіваюць і школу, і дзіця ў школе”. Але ён глыбока ўпэўнены, што высокі ўзровень аўтаматызацыі не павінен паўплываць на любоў чалавека да мастацтва, ручной працы. Ніякі прагрэсіўны камп’ютар не заменіць творчага, разумнага, прафесійнага педагога. Ніякі андроід не заменіць жывых зносінаў у дзіцячым калектыве.

Жыццёвым крэда дырэктара з’яўляюцца словы аб тым, што настаўнік – гэта лёс, частка жыцця, лад жыцця. Любі дзяцей – гэта наша будучыня. Лепшы прыклад – гэта асабісты прыклад.

У працэсе працы дырэктар неаднаразова быў удастоены Падзячных лістоў Гродзенскага абласнога Савета дэпутатаў, старшыні Дзятлаўскага раённага выканаўчага камітэта, Ганаровых грамат Гродзенскага абласнога камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, Дзятлаўскага раённага камітэта Беларускага прафесійнага саюза работнікаў адукацыі і навукі, Упраўлення адукацыі Гродзенскага аблвыканкама.

За актыўнае супрацоўніцтва ў правядзенні эфектыўнай і змястоўнай прафесійна-арыентацыйнай работы з моладдзю, накіраванай на падрыхтоўку будучых абітурыентаў для паступлення на вучобу ў Акадэмію і іншыя ўстановы адукацыі МУС, узнагароджаны нагрудным памятным знакам “Акадэмія МУС Рэспублікі Беларусь” і Падзячным лістом Міністэрства ўнутраных спраў РБ, атрымаў падзяку начальніка аддзела ўнутраных спраў Дзятлаўскага райвыканкама. За плённае супрацоўніцтва ўзнагароджаны Падзякай Адміністрацыі Міжнароднага Цэнтра “Иноватика-Оптим” Рэспублікі Малдова. У скарбонцы ўзнагарод – грамата Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы за шматгадовае плённае супрацоўніцтва з універсітэтам, высокія дасягненні ў развіцці інтэлектуальных i творчых здольнасцяў выпускнікоў. Іван Кібінь – удзельнік ІІ з’езда настаўнікаў РБ, удзельнік Рэспубліканскага педагагічнага савета 2017 года.

Але галоўная яго ўзнагарода – гэта любоў дзяцей, удзячнасць, павага людзей, якіх ён згуртаваў вакол сябе, зрабіў сваімі аднадумцамі.

Святлана УРБАН, Святлана САЛАЎЁВА,
педагогі сярэдняй школы №3 горада Дзятлава



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *