Прафесія, якой “захварэў” яшчэ з дзяцінства

Важнае Свежыя навіны Спорт і турызм

У прафесію дарогі вядуць рознымі шляхамі. Асабліва надзейны, калі пачатковай кропкай усвядомленага выбару будучай справы становіцца моцнае плячо настаўніка.

Сёлетні малады спецыяліст Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы трэнер-выкладчык аддзялення грэка-рымскай барацьбы Дзмітрый Лебедзь з дзяцінства спраўна наведваў урокі фізкультуры, а пасля заняткаў у школе часта, як і ўсе вясковыя хлапчукі, да змяркання ганяў мяч па добра знаёмых ваколіцах. Пра тое, каб усур’ёз звязаць свой лёс са спортам, нават і не марыў.

Родам Дзмітрый з вёскі Руда Яварская Дзятлаўскага раёна, скончыў тут мясцовую сярэднюю школу.

– Дзмітрый, як вы прыйшлі ў гэты від спорту?

– Грэка-рымскай барацьбой  “захварэў” яшчэ з дзяцінства. Можна сказаць, што ўсё кардынальна змянілася, калі ў нашу школу прыйшоў выкладаць мала знаёмую спартыўную дысцыпліну новы настаўнік Віктар Шалесны, з якім мы адразу шчыра пасябравалі. З яго прыходам я сур’ёзна захапіўся спортам, – дзеліцца ўспамінамі Дзмітрый. – Трэніравацца пачаў з 6 класа, пазней пачаў выступаць на раённых спаборніцтвах, дзе не раз станавіўся прызёрам абласных і міжнародных турніраў, займаў прызавыя месцы.

Так з цягам часу спачатку дзіцячае захапленне, а затым і юнацкае ўсведамленне прывялі Дзмітрыя на факультэт спартыўнай падрыхтоўкі Гродзенскага дзяржаўнага ўніверсітэта імя Янкі Купалы, а пасля атрымання дыплома малады спецыяліст вярнуўся на малую радзіму і ўладкаваўся на працу ў Дзятлаўскую дзіцяча-юнацкую спартыўную школу.

– Дзмітрый, чаму менавіта гэта школа стала вашым выбарам і месцам для будучага працаўладкавання?

– І зной-такі дзякуючы майму першаму трэнеру па грэка-рымскай барацьбе Віктару Шалеснаму. Ён прапанаваў мне пачаць працоўную дзейнасць з родных мясцін, дзе зберагаюцца багатыя на вынік традыцыі ў гэтым відзе спорту, таксама радуе добрая матэрыяльна-тэхнічная база мясцовай спартыўнай школы: трэнажорная і спартыўная залы, басейн, разнастайны спартыўны інвентар. А галоўнае, мяне вельмі шчыра прынялі тут школьнікі: адразу шмат навучэнцаў з розных агульнаадукацыйных школ выказалі жаданне займацца на нашым аддзяленні.

Цяпер на спартыўным корце займаюцца 40 чалавек. Заняткі праходзяць тройчы на тыдзень па паўтары гадзіны. Займаемся на стадыёне, у трэнажорнай зале. Працуем на вынік.

– Якія моманты  вы лічыце самымі яскравымі ў трэнерскай рабоце?

– Самыя шчаслівыя моманты, напэўна, калі выхаванцы сур’ёзна, рэгулярна і мэтанакіравана трэніруюцца, адказна рыхтуюцца да спартыўных мерапрыемстваў, актыўна ўдзельнічаюць у спаборніцтвах, і як вынік – атрымліваюць доўгачаканыя перамогі, дасягаюць, няхай не самых высокіх, але сваіх уласных вяршынь. Гэта, на мой погляд, яскравае адлюстраванне шчаслівых момантаў работы трэнераў і іх выхаванцаў – адно на ўсіх.

– Назіраючы за ходам трэніровачных заняткаў, заўважаю, як дзеці з цікаўнасцю сочаць за кожным вашым рухам і з задавальненнем выконваюць вашы ўстаноўкі. У чым сакрэт?

– Многія школьнікі пасля ўрокаў з задавальненнем наведваюць заняткі нашай спартыўнай секцыі, – дзеліцца Дзмітрый. – Пры правядзенні заняткаў прытрымліваюся прынцыпу: спорт для дзяцей, а не дзеці для спорту. Асноўнай мэтай фізічных практыкаванняў лічу не выхаванне чэмпіёнаў, а штодзённую падрыхтоўку спартсменаў, выяўленне здольнасцей і магчымасцей,  іх далейшае ўдасканальванне, развіццё спартыўнага вопыту ў дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе, а ў будучым, магчыма, – у школе алімпійскага рэзерву.

Малады трэнер  перакананы: заняткі спортам навучаць дзяцей ставіць мэты і дасягаць іх. І гэтыя якасці спатрэбяцца ім у далейшым жыцці.

– Якую ролю адыгрывае трэнер у лёсе спартсмена?

– Таленавіты выкладчык – гэта стапрацэнтны гарант поспехаў пераможцы.

– Спорт – гэта вялікая частка вашага жыцця?

– Я стаўлюся да яго як да працы і хобі, цяпер ім жыву, але не скажу, што спорт – гэта адзіны сэнс майго жыцця.  Захапленні ёсць,

і яны розныя, у будучым, калі ўсё атрымаецца, абяцаю абавязкова падзяліцца дасягненнямі.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *