Не выкрасліць ні з гісторыі, ні з памяці

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

У гісторыі няма іншых прыкладаў моладзевага руху, які б за гады свайго існавання ахапіў больш за 160 мільёнаў чалавек і мог пахваліцца рэальнымі дасягненнямі. Грамадзянская вайна, працоўныя пяцігодкі, гераізм у гады Вялікай Айчыннай вайны, цаліна, ударныя будоўлі – усё гэта старонкі гісторыі камсамола.

І ў яго гісторыю цесна ўплецены лёсы дастойных людзей, многія з якіх жывуць побач з намі. Адна з іх – Яўгенія Савань (у дзявоцтве – Кавалеўская). Яўгенія Рыгораўна з 1965 па 1967 гады была першым сакратаром Дзятлаўскага раённага камітэта ЛКСМБ Гродзенскай вобласці. Яна выдатнік народнай асветы, яе імя занесена ў кнігу Славы Дзятлаўскага раёна. Найбольш значныя сярод узнагародаў Яўгеніі Рыгораўны – “Знак пашаны”, юбілейны медаль да 100-годдзя нараджэння Уладзіміра Ільіча Леніна, Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі БССР.

На пытанне, што найчасцей успамінаецца з камсамольскага юнацтва, Яўгенія Рыгораўна адказвае, што яркай старонкай у памяці застаўся ХV усесаюзны з’езд камсамола, у якім удзельнічала, і, безумоўна, заўсёды ўспамінаюцца сябры, якія ва ўсіх важных справах былі побач.

Дарога ў камсамол для Яўгеніі Савань не была лёгкай. Гадавалася яна ў шматдзетнай сям’і, маці памерла рана, таму дабівацца ўсяго ў жыцці даводзілася самой. Нягледзячы на цяжкасці, Яўгенія не страціла душэўнай целыні, чуласці, энтузіязму, адказна адносілася да любой справы, за якую бралася. Дзякуючы гэтым якасцям характару, дзяўчына на выдатна скончыла Ружанскую сямігодку і адразу ж паступіла ў Брэсцкае педагагічнае вучылішча.

Яшчэ ў школьныя гады, уступіўшы ў шэрагі камсамола, Яўгенія і надалей заставалася актывісткай, лідарскія якасці не дазвалялі ёй быць у баку ад падзей, штурхалі рухацца наперад. Настаўнічаць яна пачынала на Брэстчыне, затым была загадчыцай Падзейкаўскай пачатковай школы Радуньскага раёна Гродзенскай вобласці, інспектарам Радуньскага РАНА. У 1962 годзе была абраная другім сакратаром Радуньскага, потым Слонімскага, а з утварэннем Дзятлаўскага раёна – першым сакратаром мясцовага раённага камітэта ЛКСМБ.

– Камсамольцы – народ неспакойны, жыццё раённай моладзі кіпела. Мы праводзілі камсамольскія серады, калі кожная пярвічка па чарзе рыхтавала якое-небудзь мерапрыемства: паказы модаў, дыспуты, вечарыны, вусныя часопісы, КВЗ. Затым на пленуме райкама падводзілі вынікі работы, вызначалі лепшых і самых творчых для пераймання вопыту. У грамадскіх справах нам вельмі дапамагалі старэйшыя таварышы, падказвалі, накіроўвалі нашу работу, асабліва першы сакратар раённага камітэта камуністычнай партыі Беларусі Іван Крыжаноўскі і старшыня райвыканкама Сяргей Кабяк, – успамінае Яўгенія Рыгораўна.

Пры іх падтрымцы ўпершыню на Дзятлаўшчыне камсамольцы арганізавалі і правялі свята зімы, свята моладзі. Не менш яркім было тэатралізаванае шэсце, прымеркаванае да Дня Перамогі, на якім прысутнічаў сакратар падпольнага РК ЛКСМБ Ілья Міхайлавіч Глазкоў.

Актыўна працавалі пярвічкі ў арганізацыях, гаспадарках. Напрыклад, пра камсамольскую арганізацыю калгаса “Слава працы” ведалі не толькі ў вобласці, але і ў рэспубліцы. Узначальвала гэту моладзевую арганізацыю загадчыца фермы Ніна Халопік. У калгасе працаваў свой дом адпачынку, быў і аднайменны ансамбль “Рэчанька”, які выступаў у раёне, вобласці, рэспубліцы. Мясцовыя камсамольцы вылучаліся ў спаборніцтвах жывёлаводаў, паляводаў, механізатараў.

Не дзіўна, што ў лютым 1966 года на 23 з’езд ЛКСМ Беларусі дэлегатамі ад нашага раёна былі абраны Яўгенія Рыгораўна і Ніна Халопік, якая выступала і дзялілася вопытам работы.

Менавіта на 23 з’ездзе камсамола Беларусі вылучылі дэлегатаў на ХV усесаюзны з’езд УВЛКСМ. У склад дэлегацыі Гродзенскай вобласці трапіла наша Яўгенія Кавалеўская (Савань).

Па сённяшні дзень Яўгенія Рыгораўна беражліва захоўвае рэчы, якія нагадваюць ёй пра паездку ў Маскву. Гэта партфель дэлегата, а ў ім – блакнот, у які юная Яўгенія запісала самыя цікавыя факты і выказванні іншых дэлегатаў, членаў прэзідыума, артыстаў. Ёсць тут брашуры, надрукаваныя спецыяльна для з’езда, запрашэнне, праграма пасяджэння і ўрачыстага канцэрта, тэксты песень.

Чарговы раз перабіраючы гэтыя рарытэты, Яўгенія Рыгораўна зноў аддаецца ўспамінам:

– ХV з’езд пачаў работу 17 мая 1966 года. У ім удзельнічаў 3821 дэлегат, прысутнічалі прадстаўнікі 89 саюзаў моладзі з 78 краін свету. У прэзідыуме – 56 чалавек, сярод іх прадстаўнікі ўрада СССР на чале з першым сакратаром ЦК КПСС Леанідам Брэжневым, былі таксама Юрый Гагарын (дарэчы ў мяне захаваўся яго аўтограф) і Валянціна Церашкова.

На з’ездзе былі ўручаны прэміі Ленінскага камсамола. Асабліва запомнілася выступленне адной з лаўрэатаў прэміі – Аляксандры Пахмутавай. Яна адзначыла, што лічыць узнагароду камсамола самай дарагой, бо працуе для моладзі. Спявачка ўнесла прапанову аб правядзенні конкурсу на лепшае выкананне савецкай песні. А паколькі ўсё гэта адбывалася 19 мая, у дзень нараджэння піянерскай арганізацыі, пры ўваходзе ў залу пасяджэнняў кожны дэлегат атрымаў балгарскі гваздзік. І вось у час выступлення артысткі з задніх радоў пачуўся не ўласцівы для з’езда шум. Мы азірнуліся: моладзь пачала перадаваць свае кветкі наперад. Вялікая хваля пурпуровых гваздзікаў паплыла да сцэны. Там велізарны букет падхапілі два спартсмены, пасля выступлення закруцілі ў яго Аляксандру Пахмутаву і вынеслі на калідор. Вось якой была любоў моладзі да спявачкі, такое не забываецца.

Яшчэ ў гэты дзень мы пабачылі відовішчны парад піянерскіх дружынаў на Чырвонай плошчы. Для дэлегатаў з’езда быў падрыхтаваны выдатны канцэрт з выступленнямі народных артыстаў і вядомых савецкіх танцавальных калектываў. У нас не было ніводнага свабоднага вечара, бо многія арганізацыі Масквы запрашалі на сустрэчы і выставы. Адбылося грандыёзнае спартыўнае свята ў Палацы спорту. Мы былі на сустрэчы з камсамольцамі і моладдзю вайсковай часці Масквы, на літаратурным вечары, у павільёнах ВДНГ. У сваіх запісных кніжках мы пісалі адзін аднаму пажаданні на будучыню, многія з якіх спраўдзіліся.

Камсамол стаў сапраўднай школай жыцця для Яўгеніі Савань, а атрыманы вопыт спатрэбіўся ў далейшым, паколькі Яўгенія Рыгораўна больш за 30 гадоў адпрацавала намеснікам дырэктара па выхаваўчай рабоце СШ №1 горада Дзятлава. Педагогі стараліся зрабіць грамадскае жыццё сваіх вучняў актыўным, запамінальным, цікавым, каб выхаваць неабыякавых людзей. З ініцыятывы настаўніка роднай мовы Аляксандра Валуевіча першая школа сябравала з Яўнтбуртніекскай школай Валміерскага раёна Латвійскай ССР. У час візіту ў Латвію запомнілася вялікае піянерскае вогнішча з тоўстых бярвенняў, якое гарэла да раніцы. Калі ж самі латвійцы прыязджалі ў Дзятлава, яны наладзілі вечаровае шэсце з факеламі па вуліцах райцэнтра і мітынг на стадыёне. На такое відовішча масава выходзілі паглядзець жыхары Дзятлава.

Яркай і неспакойнай была маладосць Яўгеніі Рыгораўны, але і праз дзясяткі гадоў у яе сэрцы не згасла камсамольская іскрынка. Цяпер Яўгенія Савань таксама вядзе атыўны лад жыцця. Яна часты госць піянерскіх і моладзевых мерапрыемстваў, бо ёсць аб чым расказаць, чым падзяліцца з падрастаючым пакаленнем. А яшчэ Яўгенія Рыгораўна – намеснік старшыні раённага савета ветэранаў педагагічнай працы, адна з нязменных арганізатараў традыцыйных сустрэч і ўшанаванняў педагогаў-пенсіянераў. Яна стараецца не забывацца аб тых, хто шмат гадоў настаўнічаў на Дзятлаўшчыне, адшуквае тэлефоны гэтых людзей і абавязкова віншуе іх з днямі нараджэння.

Цяперашняй моладзі Яўгенія Рыгораўна таксама раіць памятаць пра ўсіх, хто побач, рабіць усё, што ад нас залежыць, каб жыццё прадаўжалася, а добрыя справы множыліся.

Ірына КАЎКЕЛЬ

 

 



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *