Каму гады не бяда?

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Ужо шмат гадоў у Цэнтры сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна працуе аддзяленне дзённага знаходжання для людзей пажылога ўзросту.

Тры гады таму на базе яго адкрыўся яшчэ і клуб “Нам гады не бяда”. Мы пацікавіліся ў наведвальнікаў, як праходзяць будні і святы ў гэтых аб’яднаннях, што сагравае душы мудрых людзей, не дае ім сумаваць.

Ала Кучынская:

– Дзякуючы аддзяленню і клубу, я значна пашырыла кола сваіх знаёмстваў, стала больш часу праводзіць з цікавымі людзьмі. Упэўнена магу сказаць, што створаны гэтыя аб’яднанні недарэмна.

У нас вельмі творчыя і актыўныя арганізатары мерапрыемстваў – загадчыца аддзялення Галіна Касцюк і спецыяліст Алена Макоўская. Чаго яны толькі нам не прапаноўваюць: святы, выставы, паломніцтвы, экскурсіі, дабрачынныя сустрэчы, майстар-класы. Толькі за лета 2018 года мы пабылі ў незвычайнай аграсядзібе Літоўка, што на Навагрудчыне. Наведалі музей “Яўрэйскага супраціўлення”, дзе пазнаёміліся з гасцямі з Ізраіля, бацькі якіх у свой час жылі на дзятлаўскай зямлі. Сустрэча адбылася выпадкова, але пакінула яркі след у памяці. Таксама былі арганізаваны паездкі да крыніцаў з жывою і мёртваю вадою ў вёску Косічы Навагрудскага раёна, на возера Свіцязь, Аўгустоўскі канал.

Цікавай старонкай летапісу клуба стаў сёлетні ўдзел у першым абласным фестывалі “Крэатыўны ўзрост”, які ладзіўся ў аграсядзібе “Лябёдка” Шчучынскага раёна. Шмат добрых уражанняў пакінула наведванне касцёла Святога Яна Хрысціцеля ў аграгарадку Васілішкі, што на Шчучыншчыне.

У нашага аддзялення і клуба ёсць надзейныя сябры, якія дапамагаюць рыхтавацца да ўдзелу ў мерапрыемствах і конкурсах. Гэта хор ветэранаў працы “Ветэраны ў страі” і іх таленавіты мастацкі кіраўнік Таццяна Шостка.

Я заклікаю іншых грамадзян “залатога” ўзросту прыходзіць да нас у клуб. Тут весела, цікава, па-сямейнаму цёпла і для кожнага знойдзецца захапленне па душы.

Ірына Кіслая:

– Аддзяленне я наведваю вельмі даўно, і тут мне заўсёды падабалася, аднак з прыходам на пасаду загадчыцы Галіны Касцюк, нашы сустрэчы сталі больш цікавымі і насычанымі. Галіна – чалавек творчы, яна разумее нас, старэйшае пакаленне, ведае, чым зацікавіць. З яе лёгкай рукі звычайныя святы набываюць новы фармат. На іх не проста выступаюць артысты, але і для нас праводзяцца цікавыя конкурсы, мы арганізоўваем выставы творчасці, хвілінкі ўспамінаў. Раней паездкі клуба, як правіла, ладзіліся ў іншыя рэгіёны, а яна змагла паказаць нам, наколькі цікавая родная Дзятлаўшчына. Цяпер мы па-новаму адкрываем для сябе раён. Бываем на сядзібе “Каля дуба”, у вёсцы Горка каля крыніцы і паклонных камянёў. Падобныя вандроўкі важныя, бо наўрад ці ў такім узросце мы змаглі б пабыць там кожны паасобку, а разам удвая прыемней любавацца прыгажосцю малой радзімы, ладзіць фотасесіі на памяць.

Душэўна ў нас праходзяць Дні імянінніка. За кубачкам чаю мы віншуем сваіх сяброў, а Галіна Касцюк дорыць ім самаробныя паштоўкі з арыгінальнымі пажаданнямі і памятнымі фота.

Мы актыўна займаемся рукадзеллем і ўдзельнічаем у розных конкурсах і выставах, а сёлета нават прадстаўлялі работы на “Славянскі базар”. У нас працуе спартыўная секцыя (жадаючыя наведваюць трэнажорную залу), а нядаўна пачалі асвойваць скандынаўскую хадзьбу.

Нашы сустрэчы – гэта аддушына, тут мы маладзеем душой, дэманструем свае таленты – спяваем, чытаем вершы і байкі, нават танцуем і ладзім паказы модаў. Думаю, усе са мной згодны, што падобная работа вельмі патрэбная, бо чалавек не любіць адзіноты, а душа не старэе.

Надзея Бержаніна:

– Ужо два гады з вялікім задавальненнем наведваю аддзяленне і клуб “Нам гады не бяда”. Аб іх існаванні даведалася ад суседкі. Прынялі мяне тут вельмі цёпла, і цяпер я актыўная і пастаянная ўдзельніца ўсіх значных мерапрыемстваў. Вельмі задаволена, што лёс звёў нас з Галінай Касцюк. Гэты чалавек працуе на сваім месцы. Галіна ўмее згуртаваць людзей, “заразіць” іх цікавай справай, арганізаваць арыгінальнае мерапрыемства. Яна проста генератар новых ідэй з невычэрпным запасам творчай энэргіі.

Калі я прыйшла ў клуб, першым пытаннем, з якім да мяне звярнуліся, было, ці вяжу кручком. Сумленна прызналася, што не ўмею. І што вы думаеце? Цяпер я навучылася, нават у выставах работ удзельнічаю, а нядаўна асвоіла яшчэ і скандынаўскую хадзьбу.

У нас шмат цікавых мерапрыемстваў з арыгінальнымі майстар-класамі. Мы навучыліся танцаваць кракавяк і падіспань. У час Вялікага паста правялі дэгустацыю посных страваў, на якую запрашалі ксяндза і бацюшку. Кожная гаспадыня гатавала нешта сваё, арыгінальнае. Затым мы накрылі багаты посны стол, каштавалі стравы, дзяліліся рэцэптамі. Здараюцца ў нас і спантанныя дэгустацыі “Угадай-ка”, калі хто-небудзь з наведвальніц прыносіць новую страву, частуе ёю, а мы адгадваем прыкладны рэцэпт. Запомнілася і Масленіца, на якую напяклі гору бліноў – кожная гаспадыня па сваім адметным рэцэпце.

Я ўдзячна лёсу, што прывёў мяне ў гэтыя аб’яднанні, шчыра раю прыходзіць сюды іншым жыхарам райцэнтра, якія знаходзяцца на заслужаным адпачынку. Упэўнена: сумаваць не давядзецца.

Ірына КАЎКЕЛЬ 



2 комментария по теме “Каму гады не бяда?

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *