Агратэхналогіі па-лудзіцку. Як на сліве выраслі грушы?

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Восень 2018 года выдалася шчодрай для жыхароў Дзятлаўшчыны.

Кастрычнік пазалаціў бярозы, крануў чырванню клёны, “насадзіў” па лясах моцных тоўсценькіх баравічкоў, рыжых лісічак, шчодра адарыў дзе ружовымі, дзе жоўтымі пладамі познія яблыні і грушы. Стаяць яны ў садах, стомлена схіліўшы амаль да зямлі цяжкія галіны. Ураджайным выдаўся сёлетні год і на слівы. Нават да гэтага часу дзе-нідзе яны засталіся на дрэвах. А ў жыхаркі вёскі Лудзічы Людмілы Вашко сліва і ўвогуле “расшчодрылася” двайным ураджаем. Побач з лілова-фіялетавымі пладамі на ёй вісяць сакавіта-жоўтыя, здаецца, мядовай спеласці грушкі, якія так і просяцца ў рот.

Мяркую, гэты факт зацікавіў кемлівых чытачоў нашай газеты. Магчыма, многія ўжо пачалі перабіраць верагодныя версіі, каб неяк патлумачыць для сябе незвычайную з’яву. Што гэта? Газета “Перамога” жартуе, ці грушы на сліве вісяць цацачныя? Магу запэўніць скептыкаў: грушы натуральнага расліннага паходжання, а вось у чым падвох – крыху пазней.

 

Для фотасесіі “слаўнага” слівавага дрэва ў Лудзічы да ветэрана працы ААТ “Дзятлаўскі сыраробны завод” Людмілы Вашко, якая прысвяціла рабоце на прадпрыемстве 34 гады жыцця, а цяпер знаходзіцца на заслужаным адпачынку, мы накіраваліся сонечным кастрычніцкім днём. Гаспадыня сустрэла нас на падворку з кошыкамі, поўнымі грыбоў. Працэс пераборкі быў у самым разгары.

– З раніцы ўжо паспела схадзіць у лес. Набрала багата сінячкоў, якія замарыную на зіму, знайшла нямала польскіх грыбоў, некалькі “шчырых” баравікоў, паўкаструлі лупякоў, – рахункуе вынікі свайго ціхага палявання Людміла Вацлаваўна. – Хадзіць у лес – адно з маіх захапленняў, – дзеліцца жанчына. Са сваім верным праважатым сабакам Чарнышкай мы часта адпраўляемся па грыбы. З ім у лесе не страшна. Мой верны абаронца настолькі прывык да нашых сумесных паходаў, што, калі бачыць мяне з кошыкам, адразу пачынае прасіцца пайсці разам.

А вось працэсам пераборкі грыбоў больш цікавяцца каты. Два прыгажуны – рыжы і снежна-белы коцікі ляніва сочаць за рухамі гаспадыні і грэюцца на восеньскім сонейку. Калі падыходжу да іх з фотаапаратам, рыжык раўніва пачынае пазіраваць, не жадаючы раздзяляць маю ўвагу са сваім белым сабратам.

Яшчэ адно захапленне Людмілы Вашко – агародная справа. Разам з мужам Аляксандрам яны шчыруюць на ўчастку ў Лудзічах з ранняй вясны да позняй восені. Вясковая хата дасталася мужу ад бацькоў. Цяпер сям’я праводзіць тут шмат часу і асабліва не заседжваецца ў дзятлаўскай кватэры, тым больш, што ў Лудзічах не толькі градкі, а і невялікая гаспадарка – індыкі, куры, свінні.

Людміла Вацлаваўна любіць кветкі, на ўчастку каля дома іх багата. Праўда, першыя кастрычніцкія прымаразкі “загубілі” пышную прыгажосць вяргіняў, па лічаных ацалелых кветках можна толькі здагадвацца, што расло іх тут некалькі сартоў. Пашкоджаны нават аксаміткі і астры, неахвотна на халодным паветры распускаюцца ружы, а вось фіялетавыя кветачкі бабінага лета выдатна адчуваюць сябе ў такое надвор’е і ўсё яшчэ радуюць гаспадыню позняй прыгажосцю.

– Сёлета слаўна ўрадзіла бульба, морква, буракі, а якія вялікія галоўкі цыбулі выраслі на маіх градах, – працягвае дзяліцца агароднымі дасягненнямі Людміла Вацлаваўна. – Быў добры ўраджай кабачкоў і патысонаў. Адзін самы спрытны дэкаратыўны кабачок-грушка “запоўз” на самую верхавіну слівы, стварыўшы ілюзію незвычайнай агратэхналогіі. Мясцовыя жыхары ведаюць, што гэта такое, а заезджыя людзі дзівяцца з цуда прыроды. Насеннем гэтых прыгажуноў са мною падзялілася сваячка – Святлана Генюк, а ёй яго прывезлі са Смаленска. Расійскі госць добра прыжыўся на маім участку, другі год запар цешыць вока дэкаратыўнымі пладамі. Я спецыяльна саджу “грушкі” бліжэй да плота, каб віліся па сетцы, стваралі прыгажосць. А гэты гарэза вырашыў падняцца вышэй да сонца. Вось і выйшла так, што расліна нібыта пажартавала.

Так мы нарэшце раскрылі сакрэты агратэхналогій па-лудзіцку Людмілы Вашко. Прыемна было сустрэцца з гэтай жанчынай, якая ў простых рэчах умее заўважаць незвычайнае. Развітваемся з гаспадыняй, і дружным галасістым хорам з намі развітваюцца яе гадаванцы-індыкі.

Ірына КАЎКЕЛЬ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *