З адкрытай душою – да мастацкага слова

Галоўнае Грамадства Свежыя навіны

Дзятлаўская раённая бібліятэка  сабрала ўдзельнікаў на  святочнае мерапрыемства пад назвай “Паэтычная сцяжынка “Літаратурная скарбонка Гродзеншчыны”, прысвечанае аднаму з важнейшых культурна значных нацыянальных святаў у рэспубліцы – Дню беларускай пісьменнасці.

Аддаць даніну павагі продкам, якія стварылі падмурак беларускай адукацыі і пісьменнасці, ушанаваць творчую дзейнасць сучасных мастакоў літаратурнага слова сабраліся  члены савета ветэранаў, наведвальнікі клуба “Нам гады не бяда” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва, супрацоўнікі раённай бібліятэкі, мясцовыя творцы мастацкага слова, паэты Дзятлаўшчыны і аматары мастацкага слова.

Пачалося мерапрыемства са шчырай сустрэчы гасцей свята. Удзельнікаў павіталі вядучыя – работнікі Дзятлаўскай раённай бібліятэкі Вольга Бойка і Святлана Магера, якія адзначылі, што гэты дзень вельмі значны для культурнага развіцця нацыі, а літаратурнае слова – падмурак адзінства народа, яго адукаванасці, культурнай трываласці і творчага здабытку.

Мерапрыемства суправаджалася мультымедыйнай прэзентацяй, у ходзе якой гучалі спрадвечна беларускія музычныя кампазіцыі ў выкананні ансамбля народнай музыкі “Бяседа”.

У рамках мерапрыемства адбылася прэзентацыя літаратурнай экспазіцыі “Літаратурная скарбонка Гродзеншчыны”, якая складалася з трох выставаў, арганічна звязаных паміж сабой. Для ўдзельнікаў мерапрыемства былі прадстаўлены факсімільныя выданні, кнігі беларускіх пісьменнікаў і новыя кнігі выдавецтваў Гродзеншчыны.

Наступная частка святочнай сустрэчы дазволіла далучыцца да мастацкага гучання літаратурнага слова. З выразным выкананнем мастацкіх твораў паэтаў Дзятлаўшчыны і Гродзеншчыны выступілі Яўгенія Савань, Наталля Петрыкевіч, Ядзвіга Гушча, фельетон “Хоць плач, хоць крычы” Віктара Шымука эмацыянальна прачытала Ганна Пасюк.

Вершы ўласнага сачынення пранікнёна гучалі ад мастакоў літаратурнага слова Дзятлаўшчыны Лідзіі Нічыпар, Георгія Шундрыка, Раісы Лакізы, Ірыны Варабей. Паэзія мясцовых творцаў радавала гасцей глыбінёй філасофскага сэнсу, гумару, лірычнымі нотамі, яскравымі ўспамінамі.

Паміж удзельнікамі сустрэчы панавала сяброўская атмасфера.

Напрыканцы святочнага мерапрыемства госці атрымалі сувеніры на памяць аб сустрэчы, мелі магчымасць бліжэй пазнаёміцца з літаратурнай экспазіцыяй.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *