Уладары Дзятлава: Канстанцін Астрожскі

Важнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Канстанцін Астрожскі вядомы ў гісторыі найперш як военачальнік, гетман, кашталян віленскі, ваявода троцкі, які ўзначальваў паспяховыя паходы на крымскіх татар і перамог больш чым у 60 бітвах. Самая слынная з гэтых бітваў – бітва пад Оршай, якая адбылася 8 верасня 1514 года.

Паводле старажытных царкоўных кніг, род Астожскіх паходзіць з князёў тураўскіх. Радавым месцам Астрожскіх быў Астрог, невялікі валынскі гарадок на рацэ Віліі. Бацька Канстанціна Іванавіча, Іван Астрожскі, быў слаўны ратнымі подзвігамі, вызначаўся цвёрдасцю, адданасцю старой веры, патрыятызмам. Ажаніўся ён з Анастасіяй Глінскай, ад якой меў пяць дачок і дваіх сыноў — Міхаіла і Канстанціна.

Пра дзяцінства Кастуся, які нарадзіўся ў 1460 годзе, вядома няшмат. Хлопчык страціў бацькоў у няпоўныя пяць гадоў, выхаваннем яго займаліся баяры і старэйшы брат. У 1486 годзе абодва браты трапілі да двара вялікага князя Казіміра. Багацце бацькоў, асабістыя здольнасці братоў спрыялі іх хуткаму ўзвышэнню на дзяржаўнай службе. Яны мелі сваяцтва з першымі людзьмі Княства — Радзівіламі, Сапегамі, Гальшанскімі, Глінскімі. Вайсковая служба Канстанціна Іванавіча пачалася пры Казіміры Ягайлавічы. Затым вялікім князем стаў Аляксандр. Нягледзячы на складаную палітычную сітуацыю з Масквой ён не хацеў вайны. Сярод узнагароджаных за прымірэнне і ваенныя перамогі ў гэты час былі і браты Астрожскія.

У той перыяд Канстанцін Астрожкі атрымаў Дзятлава ў якасці ўзнагароды за вайсковыя перамогі над татарамі ад вялікага князя.

Але маскоўскі князь сам не нападаў на ВКЛ, а актывізаваў крымскіх татар, якія рабілі штогадовыя наезды на нашы землі. Канстанцін Астрожскі тройчы даваў адпор татарам і нават захапіў у палон хана Махмет-Гірэя. Пасля гэтага ён і атрымаў чын галоўнага начальніка над войскамі дзяржавы – гетмана найвышэйшага. Было яму тады 37 гадоў.

Маскоўскі князь Іван III распачаў вайну. Адначасова на землі Княства ў 1500 годзе напалі татары. Галоўную ролю ў арганізацыі абароны краіны браў на сябе гетман найвышэйшы Канстанцін Астрожскі. Ён захапіў Смаленск. Сілы былі няроўныя. Загінулі амаль усе, хто прыйшоў з Астрожскім, лепшыя ваяры Княства. Сярод захопленых у палон быў і сам Астрожскі. Ён знаходзіўся ў палоне сем гадоў, аж да 1507 года, калі яму ўдалося ўцячы на Радзіму.

Вяртанне Канстанціна Астрожскага ў княства стала значнай падзеяй. Ужо праз месяц Жыгімонт вяртае яму чын гетмана.

Атрымаўшы некалькі вайсковых перамог, ён трывала ўваходзіць у кола эліты Вялікага Княства Літоўскага, жэніцца з Таццянай Гальшанскай са знакамітага роду, наводзіць парадак у сваіх уладаннях, будуе цэрквы, у тым ліку і дзятлаўскую. Аднак у хуткім часе яго зноў паклікала вайсковая служба.

Вайна з Маскоўскай дзяржавай доўжылася каля дзесяці гадоў. Яна моцна спустошыла нашы землі, многія гарады ператварыліся ў руіны. Але жыццё паціху перамагала. Калі каралём быў абраны Жыгімонт Аўгуст, уплыў Астрожскага на палітычнае жыццё краіны аслабеў, нягледзячы на тое, што ён уваходзіў у пяцёрку наймагутнейшых феадалаў ВКЛ. На Беларусі яму належалі шматлікія землі: Смалявічы і Тарасаў у Мінскім павеце, Ахонаў у Навагрудскім, возера Свіцязь з навакольнымі вёскамі, Дзятлава, двор у Мінску, Тураў. З уласных сродкаў Канстанцін Астрожскі фундаваў на Беларусі храмы, даваў ім зямлю з сенажацямі і агародамі. Не выключана, што ў 1522 годзе князь Астрожскі спрыяў адкрыццю друкарні Францыска Скарыны ў Вільні.

Памёр К. Астрожскі ў Тураве 8 жніўня 1530 года, пахаваны ў Пячорскай лаўры, пад скляпеннямі Успенскага сабора. Ніхто не служыў ВКЛ больш аддана за Астрожскага, праваслаўнага верніка, які застаўся ўзорам служэння Радзіме на многія стагоддзі.

Цесная сувязь Канстанціна Астрожскага з нашым горадам вымагае задумацца над пытаннем: чаму на нашай зямлі няма ніякага напамінку аб тым, што славуты суайчыннік пабудаваў у Дятлаве першы палац і першую царкву? Пытанне аб помніку Канстанціну Астрожскаму ў Дзятлаве першым узняў Мікалай Несцярэўскі, скульптар і мастак з Дзятлаўшчыны. Ён жа і прапанаваў зрабіць эскіз помніка. Думаецца, знойдуцца сярод нас тыя, хто зможа рэалізаваць задуму майстра. Прыйдзе такі час, калі мы будзем, гуляючы па гарадку з дзецьмі і ўнукамі, расказваць пра Канстанціна Іванавіча з павагай і гонарам.

Алена АБРАМЧЫК,
навуковы супрацоўнік Дзятлаўскага гісторыка-краязнаўчага музея



1 комментарий по теме “Уладары Дзятлава: Канстанцін Астрожскі

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *