Спорт для дужых і вынослівых

Свежыя навіны Спорт і турызм

Да ўдзелу запрашае аддзяленне цяжкай атлетыкі дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы.

Дзе можна пасябраваць са штангай і як паўплываюць такія заняткі на развіццё школьнікаў, даведаемся ў трэнера-выкладчыка дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы Сяргея Залатарова.

Заняткі спортам  выдатны сродак фізічнай загартоўкі падрастаючага пакалення, яны дапамагаюць і ў станаўленні характару, выпрацоўваюць сілу, вынослівасць, сцвярдае ён.

 Што адчувае школьнік, калі пасля ўрокаў трэба ісці яшчэ і на трэніроўку?

– Зразумела, сумясціць фізічную і разумовую падрыхтоўку часам бывае  цяжка. Асабліва калі даводзіцца на працягу дня шмат папрацаваць, а дома яшчэ чакае выкананне дамашніх заданняў. У спорце таксама простых і хуткіх вынікаў не бывае. Можа так стацца, што на гэта патрэбны годы трэніровак. Толькі той, хто разумее гэта з самага пачатку спартыўнага сталення і поўнасцю аддае сябе пастаўленай мэце, мае станоўчы вынік. Нашы трэніроўкі дапамагаюць дзецям быць мэтанакіраванымі, настойлівымі, упэўненымі ў сваіх магчымасцях і перамогах у розных сферах жыццядзейнасці.

Бацькі не суп­раць таго, што іх дзеці, як кажуць, “цяга­юць жалеза”, асабліва дзяўчынкі?

Наадварот! Дзеці, па-першае, заняты справай, прычым пад наглядам. Да таго ж, перш чым перайсці да падняцця штангі, кожны праходзіць даволі насычаны курс агульнафізічнай падрыхтоўкі, а гэта умацаванне мышцаў, фізічнае развіццё усё тое, што ідзе толькі на карысць здароўю.

Прызнацца, паглядзеўшы, з якой лёгкасцю ўзлятае ў паветра  штанга ў руках вашых выхаванцаў, мімаволі пранікаешся павагай да такіх спартсменаў. Напэўна, да ўдзелу запрашаюцца дзеці з добрай фізічнай падрыхтоўкай?

Для таго, каб прыйсці на занятак, не трэба з дзяцінства ламаць цэглу рукамі. Нават калі штангу дзеці бачаць упершыню ў жыцці, на якасць заняткаў гэта не паўплывае. Спачатку ідуць больш агульныя практыкаванні, потым, з вопытам, павялічваецца працягласць трэніроўкі і колькасць спецыфічных спартыўных заданняў. Ужо праз дзве-тры трэніроўкі будзе бачна: затрымаецца чалавек у спорце ці не. На трэніроўках “навічкі” і так званыя “масцітыя” спартсмены займаюцца разам. Маладыя бяруць прыклад з больш моцных.

–  Сяргей Іванавіч, у якім узросце лепш за ўсё пачынаць займацца цяжкай атлетыкай і ў якім узросце прымае дзяцей на гэтае аддзяленне дзіцяча-юнацкая спартыўная школа?

– Па міжнародных правілах пачынаць займацца гэтым відам спорту дазваляецца ва ўзросце 9 гадоў. Таму набор школьнікаў на гэтае аддзяленне ў  Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе ажыццяўляецца пераважна ва ўзросце ад 9 гадоў (3 клас) і да выпускнога класа (уключна). Трэніроўкі будуць праходзіць у трэніровачнай зале дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па вуліцы Чапаева, 18 у Дзятлаве. Не без гонару адзначу, што трэнажорная зала аддзялення цяжкай атлетыкі адна з лепшых у вобласці.

Колькі часу адводзіцца на трэніроўкі?

– Графік заняткаў для пачатковага этапу – тры разы на тыдзень па дзве  гадзіны, для выхаванцаў другога і больш гадоў навучання заняткі будуць праходзіць таксама тры разы на тыдзень, але працягласць заняткаў значна павялічыцца – 3-4 гадзіны. Адзначу, што трэніроўкі будуць праводзіцца і ў шосты школьны дзень.

Напэўна, не раз вашы выхаванцы станавіліся пераможцамі і прызёрамі раённых спаборніцтваў, абаранялі гонар раёна ў вобласці?

– Любая перамога на раённых і абласных спаборніцтвах розных узроўняў – гэта вынік карпатлівай працы трэнера і выхаванцаў. Сярод апошніх яркіх спартыўных зорак  хочацца адзначыць Анастасію Францішчык, навучэнку 9 класа сярэдняй школы №1 горада Дзятлава, якая займаецца ўсяго паўтара года, але, нягледзячы на гэта, паказвае даволі высокія і стабільныя вынікі. У будучым дзяўчынку чакае  перспектыва далейшага навучання ў вучылішчы алімпійскага рэзерву. Наогул, за час свайго існавання Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая школа перадала шмат таленавітых атлетаў у вышэйшае звяно для далейшага ўдасканальвання спартыўнага майстэрства.

Запісацца ў дзіцяча-юнацкую спартыўную школу, у тым ліку і на аддзяленне цяжкай атлетыкі,  яшчэ не позна. Для гэтага бацькам або законным прадстаўнікам дзіцяці неабходна напісаць заяву на залічэнне ў адпаведную секцыю.

Паважаныя бацькі, калі вы жадаеце, каб вашы дзеці раслі дужымі і здаровымі, з юных гадоў вучыліся цярпенню, настойлівасці і мужнасці, прыводзьце іх у секцыі ў адпаведнасці з іх спартыўнымі інтарэсамі. І хто ведае, магчыма, з іх вырасце новая спартыўная “зорка”.
Па ўсіх пытаннях можна звяртацца ў Дзятлаўскую спартыўную дзіцяча-юнацкую школу па адрасе: горад Дзятлава, вул. Чапаева, 18 або непасрэдна да трэнераў-выкладчыкаў.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *