На шляху да новых вяршынь

Галоўнае Свежыя навіны Хто крылы расправіў на роднай зямлі

Адкрытае акцыянернае таварыства “Граніт-Агра” – адно з самых стабільных і развітых у Дзятлаўскім раёне. Тут задзейнічаны не толькі вопытныя спецыялісты, якія ў сваёй прафесіі ўжо цвёрда стаяць на нагах, таксама сюды актыўна запрашаюцца і прыцягваюцца маладыя кадры, з перспектывай на будучыню. Не дзіва, што слава пра станоўчую працу калектыву лунае далёка па-за межамі раённага цэнтра.

Герой нашай сустрэчы Андрэй Жыдко родам з вёскі Каменка Навагрудскага  раёна. Гэты малады спецыяліст мае намер атрымаць  вопыт працы электрагазазваршчыка і першай прыступкай для прафесійнага развіцця выбраў менавіта ААТ “Граніт-Агра”.

У ходзе размовы Андрэй адзначае, што пасля атрымання атэстата аб базавай адукацыі, вырашыў працягнуць вучобу ў сярэднеспецыяльнай установе адукацыі. З выбарам прафесіі вызначыўся адразу.

– Шчыра кажучы, інтарэсы былі розныя, але мара мець прафесію з мужчынскім характарам узяла верх.

Бацькі паважліва аднесліся да выбару прафесіі сына, не пярэчылі яму. Падтрымліваюць і цяпер, не палохае нават тое, што хлопец адразу пасля заканчэння Навагрудскага сельскагаспадарчага прафесійнага ліцэя выбраў месца працы ў суседнім раёне.

– Безумоўна, як любячыя бацькі яны найперш раілі мне ўладкавацца на працу ў горадзе, маўляў, там перспектыў больш. Але мая ўласная пазіцыя дасягаць усяго не хуткімі, але трывалымі крокамі, узяла перавагу. Пра ААТ “Граніт-Агра” чуў яшчэ са старэйшых класаў ад сваіх родных, якія ўжо доўгі час там працуюць. З цягам часу жаданне ўладкавацца і працаваць сярод “гранітаўцаў” толькі ўзмацнялася. Нарэшце, мара здзейснілася.

Як адзначае Андрэй, ён задаволены, што па прапанове родных

трапіў менавіта ў Дзятлаўскі раён: умовы для работы і жыцця тут добрыя, ёсць перспектыва атрымаць уласнае жыллё, калектыў спрацаваны, зладжаны.

– Я вельмі задаволены, што ў гаспадарцы  шмат моладзі, да якой сталыя працаўнікі адносяцца з разуменнем, дапамагаюць, тлумачаць, падтрымліваюць, – шчыра кажа хлопец. –  Калі кіраўніцтва гаспадаркі спрыяе рэалізацыі тваіх планаў і перспектыў – гэта здорава. Я вельмі ўдзячны за дапамогу спецыялістам гаспадаркі.

Яшчэ ў часы вучобы Андрэй Жыдко зарэкамендаваў сябе перспектыўным навучэнцам і сапраўдным майстрам. Пацвярджэнне можна знайсці на справе. На апошнім курсе ліцэя, будучы ўпэўненым у добрым веданні тэхналагічных прыёмаў розных відаў зваркі, заручыўшыся падтрымкай аднакурснікаў і выкладчыкаў, Андрэй Жыдко прыняў удзел у  III рэспубліканскім конкурсе прафесійнага майстэрства сярод моладзі » WorldSkills Belarus-2018″,  дзе прадставіў Гродзенскую вобласць у намінацыі “Зварачныя тэхналогіі”. Па выніках спаборніцтваў Андрэй стаў бронзавым прызёрам, быў узнагароджаны дыпломам III ступені. Пасля заканчэння навучальнай установы атрымаў спецыяльнасць электрагазазваршчыка IV разраду.

– Андрэй з першых дзён наладзіў рытм работы, спакойны, без аўралаў, грунтоўна вывучае тонкасці сельскагаспадарчай тэхнікі, з якой даводзіцца працаваць, прыслухоўваецца да парадаў механізатараў, скрупулёзна падыходзіць да выканання прафесійных абавязкаў у даручанай справе, – дзеліцца сваімі ўражаннямі аб рабоце маладога спецыяліста механік Сяргей Жыдкоў. – Старэйшыя вопытныя калегі ў сваю чаргу дапамагаюць яму хутчэй асвоіцца ў калектыве, усяляюць веру ў свае веды і здольнасці, падтрымліваюць жаданне працаваць сумленна, адзначаюць шчырую адказнасць перад людзьмі.

На пытанне, якімі якасцямі павінен валодаць спецыяліст, які пачынае працу ў вялікім калектыве, Андрэй Жыдко адказвае:

– Абавязкова неабходна быць камунікабельным, паважаць калег і ўмець знаходзіць з імі агульную мову. І, вядома ж, павінна быць вялікая любоў да абранай прафесіі.

Акрамя шчырай зацікаўленасці ў развіцці прафесійнага майстэрства, малады электрагазазваршчык Андрэй Жыдко мае і іншыя інтарэсы і захапленні.

– Я вельмі люблю кулінарную справу, – дзеліцца Андрэй. – У час, калі стаяў выбар будучай прафесіі, не выключаў магчымасці знайсці сябе ў справе прафесійнага повара. Спадзяюся, што, нягледзячы на вельмі загружаны аграрны дзень, хопіць часу для развіцця і ўдасканальвання майстэрства ўласных кулінарных шэдэўраў.

Напрыканцы знаёмства з маладым электрагазазваршчыкам у размову далучаецца спецыяліст па ідэалагічнай рабоце ААТ “Граніт-Агра” Кацярына Дубешка, якая адзначае:

– Мы вельмі задаволены, што наш калектыў папаўняецца маладымі кадрамі. Калі работнік імкнецца ў поўнай меры справіцца з пастаўленымі задачамі, не баіцца цяжкасцяў, праяўляе сябе і раскрывае свае магчымасці ў поўным аб’ёме, то, як правіла, ён застаецца працаваць і ўдасканальвае сябе ў сваёй прафесіі далей.

Спадзяёмся, што ААТ “Граніт-Агра” будзе для Андрэя Жыдко цёплым домам у прафесійным станаўленні, стане трывалым падмуркам яго сталення, а дружны калектыў забяспечыць падтрымкай у любых новых пачынаннях.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



2 комментария по теме “На шляху да новых вяршынь

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *