На карысць малой радзімы

Важнае Грамадства Свежыя навіны

Сёлета Дзятлаўскаму лясгасу спаўняецца 50 гадоў.

Напярэдадні свята дырэктар лясгаса Аляксандр Ківуля ўзгадаў пра дасягненні арганізацыі, старанную і плённую працу калегаў на карысць прыроды і малой радзімы.

Лес на Дзятлаўшчыне даглядаюць работнікі Дзятлаўскага лясгаса, плошча якога складае каля 84000 гектараў. У раёне дзейнічаюць 9 лясніцтваў, лесапункт і цэх. Асноўнымі абавязкамі вялікай арганізацыі з’яўляюцца лесаразвядзенне, лесааднаўленне, ахова лесу і перапрацоўка драўніны. Разам са спецыялістамі на варце аховы лесу дзяжураць і спецыяльныя фотакамеры. Усе яны ўсталяваны ў месцах масавага знаходжання людзей.

Для аператыўнага выяўлення ўзгаранняў у лясным фондзе Дзятлаўскага лясгаса ёсць 4 сістэмы відэаназірання, якія размешчаны на тэрыторыі адміністрацыйнага будынка лясгаса, Гезгалаўскага, Казлоўшчынскага доследна-вытворчага і Рудаяварскага лясніцтваў.

У Гезгалаўскім лясніцтве ў 2005 годзе створана плантацыя карэльскай бярозы. Тэкстура драўніны мастацкая, таму такі тып бярозы мае асаблівую каштоўнасць. Карэльская бяроза шырока выкарыстоўваецца ў мэблевай прамысловасці і саматужных промыслах.

Дзятлаўскі лясгас багаты і на мёд, і на бярозавы сок, якім забяспечвае насельніцтва раёна.

Дзятлаўскі лясгас займаецца дрэваапрацоўкай ва ўласным цэху, дзе працуюць каля 40 чалавек. Штомесяц перапрацоўваецца 2000 кубаметраў лесу і атрымліваецца дошка добрай якасці.

Цэх драўнінай забяспечвае лесапункт. Там штогод нарыхтоўваецца ў сярэднім 110 000 кубаметраў матэрыялу.
Для таго, каб нарыхтоўваць драўніну механізаваным спосабам, у распараджэнні лясгаса ёсць комплексы: харвестары беларускай і шведскай вытворчасці, а таксама фарвардары (тралёвачныя машыны). У гэтым годзе работнікі лесу асвоілі новую тэхніку — шведскі комплекс Vimek, які працуе на маладняках. Аналагаў такога комплексу ў Беларусі пакуль няма.

Даходы лясгасу прыносіць і паляўніча-гаспадарчая дзейнасць. На Дзятлаўшчыну прыязджаюць паляўнічыя не толькі з Беларусі, але і з-за мяжы.

Дзятлаўскі лясгас дапамагае іншым раёнам (нават не толькі ў Гродзенскай вобласці) па барацьбе з вяршынным караедам і па ўборцы насаджэнняў, якія загінулі ад шкоднікаў.

У гэтым годзе ў Дзям’янаўскім лясніцтве створана мікрапапуляцыя зубра: было закуплена 17 дзікіх жывёлаў, да таго ж, з’явіліся 2 цяляці.

Дзякуючы карпатлівай працы работнікаў лясной галіны адбываецца якаснае паляпшэнне стану ляснога фонду, захавана біялагічная разнастайнасць лясных экасістэмаў нашага раёна і нават нашай краіны.

Сваім калегам дырэктар Дзятлаўскага лясгаса Аляксандр Ківуля выказвае словы падзякі за прафесіяналізм і адданасць сваёй справе, жадае моцнага здароўя, дабра і аптымізму. Таксама каб праца прыносіла дастатак і дабрабыт, а дома каб у іх заўсёды былі ўтульнасць і стабільнасць.

Юлія БАКУНОВІЧ



1 комментарий по теме “На карысць малой радзімы

Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *