Кулінарыя, фітатэрапія, народныя танцы

Галоўнае Культура і адпачынак Свежыя навіны

Як на Шчучыншчыне праходзіў фестываль “Крэатыўны ўзрост”?

У рамках мерапрыемстваў да Года малой радзімы з ініцыятывы Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа і Беларускага грамадскага аб’яднання “Адпачынак у вёсцы” было прынята рашэнне правесці фестываль “Крэатыўны ўзрост” на базе беларускіх аграсядзібаў.

На самой справе ідэя выдатная: тут і адпачынак для ўдзельнікаў мерапрыемства, і магчымасць прадэманстраваць свае творчыя здольнасці, і перайманне вопыту іншых рэгіёнаў. А паколькі беларуская аграсядзіба – гэта, як правіла, пляцоўка для невялікай колькасці ўдзельнікаў свята, то і праводзіць сустрэчы вырашылі па рэгіёнах. Напрыклад, на Гродзеншчыне ўдзельнікаў “Крэатыўнага ўзросту” прымалі Ваўкавыскі, Гродзенскі, Зэльвенскі, Свіслацкі, Шчучынскі раёны.

Дзятлаўскую дэлегацыю ў складзе 13 чалавек, удзельнікаў клуба “Нам гады не бяда” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Дзятлаўскага раёна і раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа” запрасілі ў Шчучынскі раён на аграсядзібу “Лябёдка”. Акрамя нашых землякоў, тут сустрэліся людзі крэатыўнага ўзросту з Воранаўскага, Лідскага, Гродзенскага раёна і жыхары Шчучыншчыны.

– Запрашэнне мы атрымалі яшчэ ў маі, – узгадвае старшыня Дзятлаўскай раённай арганізацыі Таварыства чырвонага крыжа Галіна Касцюк, яна ж кіраўнік клуба “Нам гады не бяда”. – Адразу ж пачалі рыхтаваць выставу творчасці. Паколькі тэматыка фестывалю – Год малой радзімы, задумалі прадставіць свой падворак, як “Графскую сажалку”, выкананую у тэхніцы вязання кручком з лебядзямі, стракозамі, бабачкамі, кветкамі.

Таксама неабходна было падрыхтаваць музычныя нумары. У нас іх было чатыры – два ад удзельнікаў клуба “Нам гады не бяда” і столькі ж ад раённай арганізацыі Таварыства Чырвонага Крыжа. Фестываль “Крэатыўны ўзрост” быў прымеркаваны да Дня пажылых людзей і праходзіў напярэдадні гэтага свята, таму мы ўключылі ў свой рэпертуар песню “Зноў 18”. З яе дапамогай пастараліся паказаць, наколькі людзі залатога ўзросту могуць быць актыўнымі, энергічнымі, маладымі душой.

На аграсядзібе “Лябёдка” нас прымалі гасцінна. Гаспадыня частавала чаем і булачкамі, а мы ў сваю чаргу прывезлі вялікі каравай, які ўдзельнікі сустрэчы каштавалі з неменшым задавальненнем.

Думаю, спадабалася прысутным і прэзентацыя нашага падворка. Мы пастараліся быць хлебасольнымі гаспадарамі: загадзя прыгатавалі шмат дамашніх страваў, захапілі з сабой разнасолы, садавіну, агародніну з уласных участкаў і дамашнія яблачна-слівовы і бярозавы сокі. Нашы вясёлыя зазывалы-балагуры Васіль Шпігановіч і Яўгенія Цыгель пад гармонік спявалі дынамічныя песні, і ніхто не праходзіў міма дзятлаўскага падворка – завітвалі, частаваліся, любаваліся “Графскай сажалкай”. Наша выступленне на сцэне гледачы таксама падтрымалі шчырымі апладысментамі.

У сваю чаргу нам было цікава паўдзельнічаць у шматлікіх трэнінгах і майстар-класах: па народных танцах, па рукадзеллю і традыцыйных рамёствах, скандынаўскай хадзе, нарыхтоўцы лекавых траваў і фітатэрапіі.

Фестываль “Крэатыўны ўзрост” сёлета праходзіў упершыню, але мы спадзяёмся, што гэта яркае і цікавае мерапрыемства стане традыцыйным у нашай краіне. На памяць аб сустрэчы мы атрымалі сертыфікат удзельнікаў. Арганізатары назвалі дзятлаўскую дэлегацыю “вясёлай і актыўнай”. Магу ўпэўнена сказаць, што ў клуба “Нам гады не бяда” яшчэ шмат творчых задумак, таму мы з задавальненнем будзем выступаць на падобных мерапрыемствах. Магчыма, у будучым і на Дзятлаўскай зямлі таксама знойдуцца жадаючыя прыняць у сябе ўдзельнікаў фестывалю.

Ірына КАЎКЕЛЬ
Фотаздымкі прадастаўлены ўдзельнікамі мерапрыемства



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *