Другое месца па тэнісе ў Ульяны Лукашэні

Свежыя навіны Спорт і турызм

У Гродне ва ўрочышчы Пышкі на базе адпачынку “Купалінка” прайшоў адкрыты злёт маладых інвалідаў “Разам мы мацнейшыя”, прымеркаваны да святкавання 30-годдзя стварэння Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў”.

З дапамогай мерапрыемства яго арганізатары пастараліся прыцягнуць маладых інвалідаў да актыўнага грамадскага жыцця, стварыць умовы для развіцця спартыўных і сяброўскіх сувязяў з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі Беларусі і Расіі. Таксама сустрэча дала магчымасць падзяліцца вопытам арганізацыі работы з інвалідамі гэтых краін.

Тры незабыўныя вераснёўскія дні людзі з абмежаванымі магчымасцямі ва ўзросце 18-45 гадоў правялі на базе “Купалінка”, выпрабоўваючы свае здольнасці ў розных спартыўных іспытах. Тут сустрэліся 16 каманд, па 6 чалавек кожная. Дзятлаўшчыну прадстаўлялі наведвальнікі аддзялення дзённага знаходжання для інвалідаў “Праменьчык” Цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ульяна Лукашэня, Аляксандра Паўлусенка, Анатоль Кець, Аляксандр Калодка, Анатоль Ляпешка, Дзмітрый Абярухцін. Іх суправаджала спецыяліст аддзялення Валянціна Саламевіч.

Асаблівым спартсменам прапанавалі пазмагацца ў такіх відах спорту, як дартс, настольны тэніс, фігурнае кіраванне каляскай, гарады, кідкі ў баскетбольнае кальцо, армрэслінг, шашкі.

Дзятлаўчане былі паспяховымі ў кіданні ў кальцо і дартсе, але найбольш балаў камандзе прынесла выступленне Ульяны Лукашэні, якая згуляла ў настольны тэніс. Па выніках гульні Ульяна трапіла на другую пазіцыю ў турнірнай табліцы і была адзначана дыплом другой ступені. У агульнакамандным заліку дзятлаўчане занялі восьмае месца з 16.

Насычанымі былі і гадзіны адпачынку паміж спаборніцтвамі, асабліва запомнілася і спадабалася спартсменам дыскатэка.

А ў трэці дзень злёту прысутных запрасілі на ўрачысты канцэрт, прымеркаваны да 30-годдзя Гродзенскай абласной арганізацыі ГА “БелТІ”.  Удзел у канцэрце прымалі артысты абласной філармоніі і пераможцы сёлетняга “Славянскага базара”, у тым ліку наш зямляк Сяргей Малышчык. На гэты раз ён выканаў песню “Салаўіная рошча”. Паралельна канцэрту ладзілася выстава творчасці інвалідаў, на якой наш раён прадставіў экспазіцыю “Джынсавая фантазія”, якая таксама пабыла на “Славянскім базары” ў Віцебску.

За тры дні нашы асаблівыя спартсмены не толькі вынікова выступілі, прадстаўляючы Дзятлаўшчыну, але і адпачылі, сустрэліся з сябрамі з іншых раёнаў, назапасілі прыемных уражанняў. Каманда і спецыялісты аддзялення “Праменьчык” выказваюць словы ўдзячнасці за дапамогу ў падрыхтоўцы да спаборніцтваў і фінансаванне транспартных расходаў калектыву Дзятлаўскага раённага фізкультурна-спартыўнага клуба і асабіста яго дырэктару Кацярыне Скрабук.

Ірына КАЎКЕЛЬ

 

 

 



1 комментарий по теме “Другое месца па тэнісе ў Ульяны Лукашэні

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *