Чым заняцца пасля школы? Да ўдзелу запрашае секцыя грэка-рымскай і вольнай барацьбы

Свежыя навіны Спорт і турызм

Дзятлаўская дзіцяча-юнацкая спартыўная школа працягвае набор навучэнцаў. Пра тое, чым адметная грэка-рымская барацьба, як стаць выхаванцам гэтага аддзялення і што цікавага там чакае школьнікаў, расказаў старшы трэнер-выкладчык Віктар Шалесны.

– Заняткі грэка-рымскай і вольнай барацбой спрыяюць развіццю фізічных здольнасцей падлеткаў, выпрацоўцы сілы волі, мэтанакіраванасці, упэўненасці ў сабе. Вялікая ўвага надаецца тактыцы барацьбы і тэхнічнай адпрацоўцы рухаў.  Нашы трэніроўкі  наведваюць тыя, хто жадаюць стаць не толькі дужымі і прыгожымі, але і паспяховымі спартсменамі. Адзначу, што для дзяўчат працуе аддзяленне вольнай барацьбы, таму сёлета прапануем ім таксама далучыцца.

– У гэтым відзе барацьбы адметных поспехаў, напэўна, дасягаюць толькі фізічна вынослівыя, дужыя юнакі і дзяўчаты з адметнай камплекцыяй?

– У грэка-рымскай барацьбе аднолькава паспяхова могуць зарэкамендаваць сябе як спартсмены з малой, так і з вялікай вагой. Галоўнае, каб у іх было жаданне і смеласць.

–  Скажыце, якой фізічнай падрыхтоўкай або рысамі характару патрэбна валодаць падлетку, каб стаць паспяховым спартсменам?

– Патрэбна быць вынослівым. Калі церпіць – будзе толк. І нават калі не стане спартсменам, будзе стойкім чалавекам, які з лёгкасцю перанясе жыццёвыя цяжкасці. Сапраўдны баец нават  калі атрымлівае траўму, падымаецца і змагаецца далей. І гэта не толькі ў спорце.

–  Віктар Мечыслававіч, у якім узросце лепш за ўсё пачынаць займацца грэка-рымскай барацьбой?

– Пачынаць займацца гэтым відам спорту можна ў любым ўзросце. Аднак хачу зазначыць, што адной з галоўных умоў па-ранейшаму з’яўляецца вялікае жаданне трэніравацца. Вопыт паказвае, што часцей навучэнцы прыходзяць да высновы сур’ёзна займацца спортам і аддаюць перавагу аддзяленню грэка-рымскай барацьбы ва ўзросце 8-9 гадоў. Таму набор школьнікаў на гэтае аддзяленне ў  Дзятлаўскай дзіцяча-юнацкай спартыўнай школе ажыццяўляецца пераважна ва ўзросце ад 8-9 гадоў (2-3 клас) і да выпускнога класа (уключна).

Секцыі па гэтым відзе спорту будуць працаваць на базе Жукоўшчынскай школы, заняткі праводзіць старшы трэнер-выкладчык Віктар Шалесны, і на базе дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы, заняткі праводзяць Віктар Шалесны і малады спецыяліст Дзмітрый Лебедзь.  Трэніроўкі будуць праходзіць у спартыўнай і трэнажорнай залах дзіцяча-юнацкай спартыўнай школы па вуліцы Чапаева ў Дзятлаве, а таксама на спартыўных пляцоўках агульнаадукацыйных школ.

– Дзе навучэнцы-выхаванцы спартыўнай школы, якія толькі пачынаюць займацца гэтым відам спорту, могуць паспрабаваць свае сілы?

– Штогод на Дзятлаўшчыне праходзяць дзясяткі розных спаборніцтваў па грэка-рымскай барацьбе. У іх прымаюць удзел вучні з першага года навучання. Кожны квартал праводзяцца ўнутрышкольныя спаборніцтвы, навучэнцы-выхаванцы аддзялення грэка-рымскай барацьбы прымаюць актыўны ўдзел у абласных, рэспубліканскіх і міжнародных турнірах, на працягу некалькіх гадоў непрырыўных трэніровак праводзіцца падрыхтоўка навучэнцаў спартыўнага рэзерву.

Сёлета плануем пашырыць набор на наша аддзяленне, таму будзе больш  раённых спаборніцтваў.

– Калі можна запісацца на аддзяленне грэка-рымскай барацьбы і што для гэтага патрэбна?

–  Галоўнае патрабаванне – каб не было супрацьпаказанняў да заняткаў спортам, павінна быць асноўная група здароўя. Заняткі ў спартыўнай школе бясплатныя для ўсіх. На працягу верасня, пакуль доўжыцца акцыя «Запішыся ў спартыўную школу», бацькі або законныя прадстаўнікі дзіцяці могуць напісаць заяву на залічэнне ў адпаведную секцыю. Графік заняткаў для пачатковага этапу – тры разы на тыдзень па паўтары гадзіны, для выхаванцаў другога і больш гадоў навучання заняткі будуць праходзіць таксама тры разы на тыдзень па 90 хвілін. Па ўсіх пытаннях можна звяртацца ў Дзятлаўскую спартыўную дзіцяча-юнацкую школу або непасрэдна да трэнераў-выкладчыкаў.

Аксана АНДАЛЮКЕВІЧ



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *